Халдзейскі Патрыярх Вавілоніі: Папа ўражаны драмай іракскіх хрысціян | Друк |
22.03.2013 08:58

«Падобна як святы Францішак Асізскі падарожнічаў на Усход і сустрэўся з егіпецкім султанам, так сёння мы спадзяемся, што папа Францішак зможа наведаць Ірак», — адзначыў 21 сакавіка пасля аўдыенцыі ў Святога Айца халдзейскі Патрыярх Вавілоніі Луіс Сако.

У размове з агенцтвам «Asianews» Патрыярх прызнаўся, што вялікае ўражанне на яго аказалі прастата і непасрэднасць сённяшняга Наступніка Пятра. «Папа Францішак глыбока ўражаны драмай іракскіх хрысціян», — сказаў арцыбіскуп Сако і дадаў, што Пантыфік прасіў інфармаваць яго аб тым, што датычыць жыцця мясцовых вернікаў. Падчас сустрэчы Папы з Патрыярхам гаварылася таксама пра дыялог з мусульманамі.

Здзейсніць візіт у Ірак хацеў яшчэ Ян Павел ІІ, аднак падарожжа не адбылося галоўным чынам па прычыне супраціўлення тагачаснага рэжыму Садама Хусейна.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by