Вандал знішчыў старажытны астранамічны гадзіннік у французскай святыні Ліёна | Друк |
27.03.2013 12:52

У старажытным касцёле французскага Ліёна іранец разбіў астранамічны гадзіннік. У выніку частка гадзіннікавага механізму пацярпела.

Як перадае партал sedmica.ru са спасылкай на французскія СМІ, 28-гадовы іранец жалезным прутам паспрабаваў вывесці са строю механізм гадзінніка XIV ст. у касцёле св. Жана.

Вандал быў арыштаваны. Свае дзеянні ён тлумачыў тым, што хараство гадзінніка перашкаджала яму засяродзіцца на малітве.
Ліёнскі касцёл св. Жана, будаўніцтва якога працягвалася ў перыяд з XII па XV стст., з’яўляецца аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У святыні знаходзіцца актуальны астранамічны гадзіннік, які прызнаны самым старым гадзіннікам у Францыі і адным з найбольш старых гадзіннікаў у свеце. Ён быў сканструяваны ў XIV ст.

Пасля разбурэння гугенотамі ў апошняй чвэрці XVI ст. гадзіннік рэстаўраваўся. Свой барочны выгляд гадзіннік атрымаў у 1655 годзе. У XVIII ст. на гадзінніку з’явіўся хвілінны цыферблат са стрэлкай. Звон гадзінніка, які раздаецца 4 разы на дзень, суправаджаецца рухам аўтаматычных лялек, змешчаных у верхняй частцы гадзінніка, якія адлюстроўваюць сцэнкі на рэлігійныя тэмы.

Гадзіннік паказвае гадзіны, хвіліны, дату, становішча Месяца і Сонца адносна Зямлі, а таксама ўсход найбольш яркіх зорак над Ліёнам.

(JLS)

 
© 2003-2022 Catholic.by