Патрыярх Барталамей: існуе шанс з’яднання Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы | Друк |
02.04.2013 13:50

«Існуе шанс з’яднання Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы», — падкрэсліў на сустрэчы з журналістамі ў Стамбуле Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей. Іерарх узгадаў пра сваю размову з папам Францішкам пасля інаўгурацыі яго Пантыфікату, звярнуўшы ўвагу на новы стыль Святога Айца, які выклікае аптымізм.

«Я быў уражаны тым, што Папа запрасіў мяне на абед з кардыналамі», — прызнаўся іерарх. Упершыню з 1054 г. Патрыярх Канстанцінопальскі прысутнічаў на цырымоніі інаўгурацыі Рымскага Пантыфіка.

Падчас сустрэчы ў Рыме папа Францішак прыняў запрашэнне Патрыярха Барталамея наведаць яго рэзідэнцыю ў стамбульскім квартале Фанар. Таксама было вырашана, што Пантыфік і Патрыярх сустрэнуцца ў студзені 2014 г. у Ерузалеме ў 50-годдзе гістарычнай сустрэчы Паўла VI і Патрыярха Афінагора, вынікам якой стала зняцце ўзаемных экскамунік, накладзеных падчас Вялікай схізмы ў 1054 г.

Таксама Святы Айцец і Патрыярх падкрэслілі важнасць працягу дыялога паміж дзвюма Цэрквамі і ініцыятыў на карысць абароны стварэння.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by