Карэйскі іерарх звяртаецца да Папы з просьбай аб дапамозе | Друк |
06.04.2013 20:21

Аб дапамозе ў супрацьдзеянні развіццю канфлікту на Карэйскім паўвостраве просіць папу Францішка старшыня епіскапату Рэспублікі Карэя. «Мы дзякуем за малітву і верым, што Святы Айцец будзе звяртаць увагу палітыкаў усяго свету на цяжкую сітуацыю ў Карэі», — адзначае біскуп Петэр Канг.

Іерарх падкрэслівае, што правакацыя вайны Паўночнай Карэяй у час, калі існуе зброя масавага знішчэння, можа прывесці да сапраўднай катастрофы.

Старшыня епіскапату краіны дадаў, што прычыны канфлікту трэба разглядаць у вельмі складанай эканамічнай сітуацыі паўночнага суседа. Па словах іерарха, дзяржаўныя ўлады і ваенныя сілы Паўночнай Карэі жадаюць стварыць ворага, супраць якога можна было б настроіць расчараваны народ. «Як хрысціяне мы разлічваем на салідарнае супрацоўніцтва палітычных лідараў і маем надзею, што зможам з даверам глядзець у будучыню», — сказаў біскуп, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by