Маніфестацыі ў абарону жыцця прайшлі ў Іспаніі | Друк |
08.04.2013 18:08

Вігілія ўрачыстасці Звеставання Пана ў многіх краінах адзначаецца як Дзень жыцця. Маніфестацыі пад дэвізам «„Так“ для жыцця» прайшлі ў розных гарадах Іспаніі, і іх падтрымалі каля 500 арганізацый.

«Іспанскае грамадства патрабуе змены закона аб абортах, маючы на ўвазе абарону і клопат як пра жыццё ненароджанага дзіцяці, так і яго маці», — адзначаюць арганізатары маніфестацыі ў Мадрыдзе, чые словы прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Ініцыятары акцыі заклікалі да спынення «індустрыі смерці», якая прыносіць мільённыя даходы абартыўным клінікам, і нагадалі палітыкам пра іх перадвыбарныя абяцанні.

Епіскапат Іспаніі таксама падкрэслівае, што закон аб абортах, які дзейнічае ў краіне, «несправядлівы і патрабуе рашучых зменаў». «Чалавечае жыццё святое, бо толькі Бог з’яўляецца Панам жыцця ад яго пачатку да канца», — гаворыцца ў пасланні епіскапату на Міжнародны дзень жыцця.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by