Брытанскія католікі са смуткам прынялі вестку аб смерці Маргарэт Тэтчэр | Друк |
09.04.2013 12:27

«Са смуткам мы прынялі вестку аб смерці Маргарэт Тэтчэр, якая служыла Брытаніі шмат гадоў», — гаворыцца ў паведамленні епіскапату Англіі і Уэльса з нагоды смерці былога брытанскага прэм’ера. Маргарэт Тэтчэр адышла ў вечнасць 8 красавіка ва ўзросце 87 гадоў.

Яшчэ ў 1978 г., адзначае польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Маргарэт Тэтчэр дала інтэрв’ю галоўнаму брытанскаму каталіцкаму выданню «The Catholic Herald». Між іншым, яна расказала ў ім пра строгае выхаванне, якое атрымала ад сваіх бацькоў, што былі метадыстамі. Напрыклад, ёй забаранялася кіно і забавы. У маладосці Тэтчэр захаплялася ідэямі місіянерства.

Як палітык Тэтчэр лічыла асновай сваёй праграмы хрысціянскае бачанне свабоды чалавека, якога трэба матываваць, а не абмяжоўваць палітыкай дзяржавы.

Cпачуванні ў сувязі са смерцю Маргарэт Тэтчэр выказаў і Святы Айцец Францішак. У тэлеграме, скіраванай 8 красавіка на імя кіраўніка ўраду Дэвіда Кэмерана, Папа з удзячнасцю адзначыў імкненне спачылай кіравацца хрысціянскімі каштоўнасцямі ў дзяржаўнай службе і «распаўсюджванні свабоды ў сям’і народаў».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by