Міжнародная сустрэча настаяцельніц жаночых кангрэгацый адбудзецца ў Рыме | Друк |
01.05.2013 10:41

3-7 мая ў Рыме збяруцца каля 800 генеральных настаяцельніц розных жаночых манаскіх супольнасцяў з 75 краін свету. Яны прымуць удзел у форуме пад назвай “Не так няхай будзе сярод вас”. Галоўнай тэмай мерапрыемства будзе “ажыццяўленне ўлады паводле Евангелля”.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, генеральныя настаяцельніцы будуць разважаць пра ролю свайго служэння ў супольнасцях. У спецыяльным паведамленні Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц адзначаецца, што “служэнне кіравання з’яўляецца ключавым момантам для аднаўлення рэлігійнага апостальскага жыцця”. “Кіраўнік манаскай супольнасці павінен быць прыкладам для ўсёй групы і спрыяць камунікацыі, у якую будуць уключаны ўсе яе члены, пераўзыходзячы гарызантальную і пірамідальную логіку яе структуры”, -- гаворыцца ў дакуменце.

Сёння ў свеце існуе больш за 1900 кангрэгацый, да якіх належаць каля 700 тысяч законніц. У рымскім форуме прымуць удзел 446 законніц з Еўропы, 71 з Азіі, 108 з Афрыкі, 166 з Паўднёвай і Паўночнай Амерык і 11 з Акіяніі. З удзельнікамі мерапрыемства сустрэнецца кардынал Жуан Брас дэ Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by