Патрыярх Тавадрас ІІ: няхай 10 мая будзе святам братэрскай любові католікаў і коптаў | Друк |
10.05.2013 16:49

Маё пажаданне, каб гэты візіт паклаў пачатак доўгай серыі сустрэч у любові і братэрстве паміж нашымі дзвюма вялікімі Цэрквамі, — сказаў Патрыярх Александрыйскі Тавадрас ІІ у размове са Святым Айцом Францішкам 10 мая. Кіраўнік Копцкай Праваслаўнай Царквы прабывае з візітам у Ватыкане.

Патрыярх прапанаваў, каб 10 мая адзначалася кожны год як свята братэрскай любові Касцёла і Копцкай Царквы. Тавадрас ІІ заўважыў, што як Каталіцкі Касцёл, так і Копцкая Царква «разам дзейнічаюць на Блізкім Усходзе на карысць падтрымкі і пашырэння міру ва ўсім свеце», а таксама вядуць экуменічны дыялог, «каб дасягнуць жаданай еднасці».

Іерарх дадаў, што адчувае сябе шчаслівым ад таго, што змог наведаць Ватыкан, які, хоць і з’яўляецца самай маленькай дзяржавай у свеце, аднак вельмі важны «дзякуючы свайму ўплыву і свайму святому служэнню». Патрыярх узгадаў у сувязі з гэтым пра каштоўныя творы мастацтва, якія знаходзяцца ў ватыканскіх музеях і бібліятэках, і аб укладзе Апостальскай Сталіцы ў справу абароны этычных прынцыпаў і міру.

«Наша супольнае жаданне — працаваць разам на карысць падтрымкі экуменічнага дыялогу і ўсталявання міру ва ўсім свеце», — падкрэсліў Тавадрас ІІ.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by