Аргенцінскі іерарх: папа Францішак заўсёды быў біскупам сярод людзей | Друк |
14.05.2013 14:31

Папа Францішак абсалютна шчыры ў сваіх паводзінах, яны былі характэрныя для яго заўсёды, — прызнаўся чалавек, які ведае Пантыфіка 21 год — дапаможны біскуп архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс Эдуарда Гарсія. «Што здзіўляе мяне больш за ўсё ў ім — гэта чалавек (...) з духоўнасцю незвычайна моцнай і незвычайна вялікай», — падзяліўся іерарх.

Біскуп, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё, адзначае, што адносіны папы Францішка з Богам характарызуюць пяшчота і цеплыня, што перадаецца на яго штодзённую дзейнасць. «За час, праведзены ў Буэнас-Айрэсе, як арцыбіскуп ён заўсёды спрабаваў прымірыць сітуацыю, ніколі не даводзіць да крайнасці; яго вопыт паказвае, што Бог суправаджае нас, ідзе з намі, падтрымлівае нас, ведае нашы часы і заўсёды чакае адказу, змены, новага стаўлення», — лічыць аргенцінскі іерарх, дадаючы, што Папа разглядае сваё служэнне як місію бацькоўства.

Біскуп Гарсія падкрэсліў, што ў сваіх закліках выйсці насустрач сучаснаму чалавеку, не замыкацца ў парафіях і дыяцэзіях Святы Айцец не галаслоўны. Усё гэта было рэалізавана ў Буэнас-Айрэсе ў апошнія дзесяць гадоў. Сінонімам новай евангелізацыі для папы Францішка, па словах іерарха, з’яўляецца слова «місіі»: менавіта місійнае вымярэнне адыгрывае для Пантыфіка галоўную ролю ў служэнні Касцёла.

Святы Айцец быў заўсёды біскупам сярод людзей, і гэта робіць такімі сапраўднымі яго жэсты, — перакананы шматгадовы супрацоўнік папы Францішка.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by