Каталіцкі Патрыярх Александрыі пра сустрэчу Папы з Патрыярхам Тавадрасам | Друк |
15.05.2013 11:56

«Сустрэча Святога Айца Францішка з Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам ІІ выклікала радасць асабліва сярод простых людзей. Сёння ёсць надзея на канкрэтныя крокі на шляху да еднасці», — адзначыў каталіцкі Патрыярх Александрыі Ібрагім Ісаак Сідрак.

Іерарх нагадаў, што Папа падчас размовы з Патрыярхам Тавадрасам казаў пра еднасць у хросце, асаблівым выразам якой «з’яўляецца наша супольная малітва». Патрыярх Сідрак падкрэсліў важнасць гэтых словаў у кантэксце распаўсюджанай сярод праваслаўных коптаў практыкі паўторнага хросту людзей, якія пераходзяць з Каталіцкага Касцёла.

Патрыярх Сідрак звярнуў увагу таксама на тое, што прамовы Пантыфіка і Тавадраса ІІ не датычыліся непасрэдна палітычных і грамадскіх праблем Егіпта — гэта была «сустрэча эклезіяльнага характару». «Мы, хрысціяне, павінны аб’яднацца, каб служыць іншым. Наша еднасць не можа быць зведзена да палітычнага саюзу супраць агульнага ворага», — дадаў іерарх, чые словы прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Святы Айцец сустрэўся з Патрыярхам Тавадрасам 10 мая.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by