Наступная Еўрапейская сустрэча моладзі пройдзе ў сталіцы Чэхіі | Друк |
31.12.2013 20:26

Наступная Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная экуменічнай супольнасцю з Тэзэ, пройдзе ў сталіцы Чэхіі Празе з 29 снежня 2014 г. па 2 студзеня 2015. Аб гэты паведаміў 30 снежня ў катэдральным касцёле Страсбурга прыёр супольнасці брат Алаіз Лазэр.

“Мы сустрэнемся ў горадзе, які знаходзіцца дакладна ў цэнтры Еўропы. Ім будзе горад Прага”, - сказаў законнік. У сваю чаргу арцыбіскуп Пражскі кардынал Дамінік Дука з радасцю запрасіў моладзь прыняць удзел у сустрэчы ў горадзе, які ад самага пачатку сваёй гісторыі быў духоўным і культурным цэнтрам не толькі Чэхіі, але і ўсёй Цэнтральнай Еўропы. “Вы будзеце сустрэты манументальным Пражскім замкам, з катэдральным касцёлам св. Віта, а таксама іншымі хрысціянскімі храмамі, якія сваім існаваннем абвяшчаюць Евангелле”, - заахвоціў моладзь іерарх.

Да будучых удзельнікаў сустрэчы звярнуўся таксама старшыня Экуменічнай Рады Цэркваў у Чэхіі пратэстанскі пастар Даніэль Файфр. На яго думку, Прага памаладзее, дзякуючы прысутнасці і малітве моладзі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by