Паводле нядаўна апублікаванага даклада Global Strategic Trends,
падрыхтаванага Міністэрствам абароны Вялікабрытаніі, да 2045 года
рэлігія не здасць сваіх пазіцый, застаючыся асноватворчым элементам
чалавечай асобы.
Эксперты прагназуюць рост супольнасцей евангельскіх хрысціянаў у Лацінскай Амерыцы, Азіі і Афрыцы, у той час як на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы будзе панаваць іслам. Таксама, на думку даследчыкаў, на тэрыторыі Кітая змогуць размясціцца самыя буйныя хрысціянскія і мусульманскія абшчыны.
У даследаванні падкрэсліваецца, што ў будучыні 70 % сусветнага насельніцтва будзе пражываць у гарадах, такі прагноз вельмі крытычны, асабліва для афрыканскіх краін. Як падкрэсліваецца, ужо цяпер адзін мільярд пражывае ў прыгарадах, пры гэтым людзі пазбаўленыя самага неабходнага. Да 2045 гэтая лічба можа дасягнуць трох мільярдаў.
Калі не прыняць адэкватных мер, то ўзмоцненая ўрбанізацыя прывядзе да сацыяльнай дэстабілізацыі, росквіту бандытызму і тэрарызму.
Навуковыя і тэхналагічныя распрацоўкі вылучаюць на першы план і біяэтычныя пытанні: «удасканаленне» чалавечага цела з дапамогай высокіх тэхналогій, фізічныя і псіхалагічныя пераўтварэнні, чытанне думак, пераўтварэнне эмбрыёнаў, замена чалавека робатам, якая прыводзіць да скарачэння працоўных месцаў — і гэта пры тым, што ў будучыні насельніцтва планеты дасягне паказчыка 8,3-10,4 млрд. чалавек.
|