Каталіцкі Касцёл у Крыме, апынуўшыся ў новых рэаліях, працягвае несці Евангелле жыхарам паўвострава. Пра гэта распавёў у інтэрв’ю для рускай версіі Ватыканскага радыё Генеральны вікарый Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі біскуп Яцэк Пыль.
У інтэрв’ю іерарх падзяліўся звесткамі пра тое, як адбываецца рэгістрацыя парафій, тэрмін якой спачатку быў вызначаны да 1 студзеня, а зараз працягнуты да 1 сакавіка 2015 года.
Таксама біскуп дадаў, што на тэрыторыі Крыма прыкладаная колькасць католікаў складае каля 1000. «Гэта няшмат, — адзначыў іерарх, —раней іх колькасць павялічвалася ў летні час, але зараз з Украіны ў знак пратэсту амаль ніхто не прыязджаў. Таксама пасля анексіі Крыма многія католікі выехалі, але іх месца занялі іншыя, тыя, хто прыехаў з Данбаса ці Расіі».
Іерарх адзначыў, што «сітуацыя з анексіяй Крыма вельмі раздзяліла людзей. Я ж заўсёды падкрэсліваю, што Каталіцкі Касцёл — Паўсюдны, для ўсіх».
«Мы павінны нейкім чынам уцякаць ад палітыкі, а больш займацца евангелізацыяй —тым, што нас аб’ядноўвае, а не наадварот. Езус абвяшчаў любоў да бліжняга і нават да нашых ворагаў», — сказаў іерарх.
Таксама ў інтэрв’ю біскуп Яцэк Пыль адзначыў, што «вырашаць праблемы з дапамогай вайны і зброі — гэта прымітыўна», гэта крок, які паказвае рух грамадства не да развіцця, але вяртанне назад, яго дэградацыю.
Іерарх выказаў падзяку за духоўную і матэрыяльную падтрымку Касцёла ў Крыме, а таксама паведаміў, што ў яго дыяцэзіі не хапае ў парафіях законных сясцёр, дапамога якіх патрабуеца ў працы з дзецьмі, катэхізацыі і г.д.