Рабін перамог у конкурсе «Пажартуй з Папам» | Друк |
14.10.2015 12:01

Падзеі, прысвечаныя жартам, часам маюць смешныя вынікі. На амерыканскім конкурсе «Пажартуй з Папам» перамог... рабін.

Перад візітам Папы Францішка ў ЗША ў мінулым месяцы амерыканскія каталіцкія арганізацыі зладзілі дабрачынную акцыю. Любы жадаючы мог дасылаць свае відэа з анекдотамі і жартаўлівымі гісторыямі на сайт jokewiththepope.org.

Усяго конкурс сабраў каля 4000 жартаў, у тым ліку ад вядомых акцёраў і тэлевядучых.

На мінулым тыдні арганізатары назвалі пераможцу — ім стаў рабін Боб Элпер, які 14 гадоў служыў у сваёй сінагозе, а потым дадаў да гэтай прафесіі падпрацоўку як стэндап-комік.

Перамогу яму прынёс такі жарт:

«Я з жонкай жыву ўжо 46 гадоў, і нашае жыццё абсалютна гарманічнае. Напрыклад, як толькі я набыў слухавы апарат, яна адразу перастала ціха размаўляць».

Журы конкурсу вырашыла, што якраз такі жарт мог бы быць выкарыстаны Папам.

Конкурс таксама заклікаў удзельнікаў і назіральнікаў ахвяраваць грошы на дапамогу дзецям для тых, хто не мае даху над галавой і недаядае. У выніку было сабрана 30 тысяч долараў.

Аляксандр Гелагаеў паводле www.cruxnow.com

 
© 2003-2025 Catholic.by