Курды з'яўляюцца адзінымі саюзнікамі хрысціян у Іраку | Друк |
04.11.2015 16:13

Халдэйскі ардынарый гарадоў Захо і Амадзі ў Іраку падкрэслівае, што адзінай сілай, якая здольная супрацьстаяць «Ісламскай Дзяржаве», з'яўляюцца курды.

Іерарх згадвае, што, калі ўрадавыя войскі беглі з Масула, то пакінулі джыхадзістам ўсё ўзбраенне, якое выкарысталі падчас наступлення на раўніне Ніневіі. Тады з раўніны было выгнана 130 тысяч хрысціян.

«Калі амерыканцы не гатовыя паслаць сваіх салдат у Ірак і Сірыю, - кажа біскуп Рабан Алгас - то павінны зразумець, хто з'яўляецца іх сапраўдным саюзнікам у рэгіёне. Ім не з'яўляецца Турцыя, якая робіць з «Ісламскай Дзяржавай» бізнес і заплюшчвае вочы на тэрарыстаў, што пранікаюць праз яе тэрыторыю ў раёны баявых дзеянняў».

«Дайце ўзбраенне курдам, дайце ім усё, што патрэбна для змагання з «ІД», і яны гэта зробяць», - падкрэслівае біскуп Рабан Алгас.

Але самым важным, па словах іерарха, з'яўляецца выхаванне маладых такім чынам, каб яны не пераймалі ідэалогію ісламістаў: «Рэлігія павінна быць прыватнай справай чалавека і не павінна ўплываць на адносіны дзяржавы да чалавека».

Каб рэалізаваць гэтую ідэю ўжо ў 2004 годзе, біскуп Алгас заснаваў у горадзе Дахук у Курдыстане сярэднюю школу, у якой зараз вучацца як хрысціяне, так і мусульмане.

Паводле Deon.pl (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by