Дамініканскі манах скокнуў з вышыні некалькіх тысяч метраў (+ВІДЭА) | Друк |
09.11.2015 14:29

Айцец дамініканін Павел Казацкі з Польшчы скокнуў з парашутам з вышыні некалькіх тысяч метраў над зямлёй. Свой учынак ён прысвяціў 800-годдзю дамініканскага oрдэна.

«Дамініканскае жыццё – гэта таксама занадта экстрэмальны вопыт: мы пераязджаем на новыя землі, каб шукаць людзей у пустыні і ўсялякімі магчымымі спосабамі абвяшчаць Евангелле», – сказаў дамініканін.

 

Дамініканскі ордэн паўстаў у 1214 годзе, калі вакол св. Дамініка была заснавана першая супольнасць. Статут дамініканаў быў зацверджаны праз два гады Папам Ганорыем ІІІ. Ордэн хутка распаўсюдзіўся ў Францыі, Іспаніі і Італіі.

Мэтай ордэна было паглыбленае вывучэнне тэалогіі з мэтай падрыхтоўкі адукаваных прапаведнікаў. Цэнтрамі ордэна сталі Парыж і Балонья.

На сёння ордэн налічвае больш за 6 тысяч манахаў. Асноўныя сферы дзейнасці дамініканаў – прапаведванне Евангелля, вывучэнне навук, барацьба з ерассю, адукацыя і місіянерства.

Паводле Deon.pl (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by