Украіна адмовілася прымаць «гендарную» папраўку ў Працоўны кодэкс | Друк |
09.11.2015 15:52

Дэпутаты адхілілі папраўку да Працоўнага кодэксу, якая ўводзіла гендарную ідэалогію ў заканадаўства Украіны.

На мінулым тыдні Вярхоўная Рада Украіны адхіліла новую прававую норму, згодна з якой забаранялася дыскрымінацыя ў сферы працы, у тым ліку паводле «полу, гендэрнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі».

«Як паказвае досвед ЗША і ЭЗ, такія папраўкі на карысць сексуальных меншасцяў даюць ім вялікія магчымасці. У любой краіне такія папраўкі правакавалі буру позваў у суд па кожным выпадку, калі "ЛГБТ-прадстаўніка" адмаўляліся браць на працу. У выніку працадаўцаў запалохалі, і гамасэксуалісты атрымалі прывілеяваны стан», — каментуць падзею ўкраінскія хрысціянскія нацыяналісты.

«Украіна — краіна з моцнай сямейнай традыцыяй. А гэта тое, што трэба абараняць», — гаворыцца на іхным сайце.

Тэрмін «гендарная ідэнтычнасць» уведзены прыхільнікамі т. зв. «гендарнай» ідэалогіі і дазваляе ім аддзяліць афіцыйны пол чалавека ад біялагічнага, што цалкам супярэчыць каталіцкаму светапогляду.

Такім чынам ва Украіне пол быў бы аб'яўлены не натуральнай біялагічнай рэчаіснасцю, а пытаннем выбару і самавызначэння.

Аляксандр Гелагаеў паводле rada.gov.ua, rbc.ua, pravda.com.ua, pravyysektor.info.

 
© 2003-2025 Catholic.by