Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці заклікаў украінцаў з разуменнем ставіцца да кампрамісных момантаў сустрэчы Папы Францішка з Патрыярхам Кірылам | | Друк | |
15.02.2016 09:34 |
14 лютага ў Кіеве ў грэка-каталіцкім саборы Уваскрасення Хрыстова Апостальскі Нунцый ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся да кансэкраваных асобаў, якія прыбылі як пілігрымы на заканчэнне Года кансэкраванага жыцця, між іншым пракаментаваў сустрэчу Пантыфіка з Патрыярхам Маскоўскім. «Нам заставалася толькі сядзець перад тэлевізарам і глядзець на сустрэчу двух самалётаў. Але таксама сустрэчу дзвюх асобаў. Трэба ўсё аддаць Божай міласэрнасці. Калі не рабіць ніякіх крокаў наперад, будзе артроз. Я ведаю, як ваш народ пакутуе з-за цяжкасцяў з разуменнем гэтай сустрэчы. Прашу вас быць цярплівымі, таму што не заўсёды ўсе, хто хоча нешта сказаць, могуць гэта сказаць. Даводзіцца шукаць кампраміс. Я ведаю, колькі намаганняў трэба было прыкласці, каб падпісаць такі дакумент. Але не ў падпісаным [дакуменце — рэд.] справа. Тое, што людзі запомняць, — гэта абдымкі», — сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. |