Брытанскія вучоныя запісалі Біблію на «вечны» дыск | Друк |
17.02.2016 09:25
Супрацоўнікі Саўтгемптанскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) пры дапамозе аптычнай 5-D тэхналогіі запісалі на кварцавыя пласціны тэксты, якія адыгралі важную ролю ў гісторыі чалавецтва.

Акрамя Бібліі, на кварцавыя пласціны былі запісаны Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Вялікая хартыя вольнасцяў і манаграфія Ньютана «Оптыка».

Пра гэта са спасылкай на сайт універсітэта паведамляе партал pravmir.ru.

Вучоныя называюць такі носьбіт інфармацыі дастаткова надзейным і даўгавечным. На іх думку, запісаныя такім чынам звесткі пра чалавецтва захаваюцца ў выпадку глабальнай катастрофы і знікнення цывілізацыі.

Тэксты змясцілі на пласціны з дапамогай лазера. «Вечны» дыск без наступстваў можа вытрываць нагрэў да тысячы градусаў Цэльсія. А пры тэмпературы 190 градусаў Цэльсія ён без змен захоўвае запісаную інфармацыю на працягу 13,8 мільярда гадоў.

На думку аўтараў праекта, распрацоўка адкрывае новую эру ў захоўванні інфармацыі. Тэхналогію змогуць выкарыстоўваць нацыянальныя архівы і буйнейшыя сусветныя музеі і бібліятэкі.

Паводле pravmir.ru, (IL)

 
© 2003-2025 Catholic.by