Каталіцкія біскупы Бельгіі заклікалі краіну да выканання грамадскага абавязку | Друк |
23.03.2016 11:01

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Бельгіі апублікавала заяву, у якой выказала свае думкі і эмоцыі ў сувязі з крывавымі тэрарыстычнымі актамі, якія адбыліся ў сталіцы краіны.

Як мінімум 34 чалавекі загінулі ў Бруселі ў аўторак у выніку ісламісцкіх актаў насілля супраць цывільнага насельніцтва.

У заяве гаворыцца:

«Біскупы Бельгіі былі ўзрушаныя, калі даведаліся пра акты гвалту ў аэрапорце Завентэм і ў цэнтры Бруселя. Біскупы падзяляюць боль тысяч вандроўнікаў і іх сем'яў, супрацоўнікаў авіяцыйнай галіны і тых, хто першым прыйшоў на дапамогу.

Біскупы ў гэтай новай драматычнай сітуацыі даручаюць ахвяр усеагульным малітвам. Капеланы аэрапорта на сваім месцы няспынна аказваюць патрэбную духоўную падтрымку.

Няхай уся краіна жыве ў гэтыя дні з поўным адчуваннем грамадзянскай адказнасці».

Бельгійская каталіцкая моладзь на сайце Канферэнцыі заклікала да агульнай малітвы за мір у свеце. Юнакі прапанавалі маліцца малітвай святога Францішка за ахвяраў і іх сем'і, ратавальныя і спецыяльныя службы, капеланаў, а таксама за тых, хто здзяйсняе акты супраць міру.

Аляксандр Гелагаеў паводле англійскай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by