Эксперты лічаць знакамітага Караваджа аўтарам невядомай раней карціны на сюжэт «баевіка» з Бібліі | Друк |
19.04.2016 09:33

Спецыялісты вывучаюць знойдзеную два гады таму ў паўднёва-заходняй Францыі карціну «Юдыта адрубае галаву Алаферну» і думаюць, што яна належыць пэндзалю Мікеланджэла да Караваджа, італьянскага мастака канца XVI – пачатку XVII ст.

Карціна, як лічаць гісторыкі мастацтва, была напісана ў Рыме ў 1604-1605 гг. і знаходзіцца ў вельмі добрым стане, хоць і аказалася забытай больш чым на 150 гадоў.



Кніга Юдыты, якая ўваходзіць у Стары Запавет, распавядае пра смелую і вельмі прыгожую ўдаву, якая была ўзрушаная тым, што яе суайчыннікі перасталі давяраць Богу і не вераць, што Ён уратуе іх ад варожага войска. Яна з вернай служанкай пайшла ў варожы лагер і здабыла давер асірыйскага ваеначальніка Алаферна.

Потым, калі той спаў, яна адрубіла ворагу галаву і з ёй прыйшла да габрэяў, дэманструючы, што яна з Божай дапамогай уратавала свой народ.

Карціну Караваджа выпадкова знайшлі на гарышчы ў старым доме ў паўднёва-заходняй Францыі, калі трэба было рамантаваць дах. Шэдэўр можа каштаваць не менш за 120 мільёнаў еўра.

Аляксандр Гелагаеў паводле reuters.com


 
© 2003-2025 Catholic.by