У Варшаве пройдзе «Марш святасці жыцця» | Друк |
21.04.2016 14:17

Ужо ў адзінаццаты раз вуліцамі Варшавы пройдзе «Марш святасці жыцця». Акцыя адбудзецца 24 красавіка пад лозунгам «Чалавек міласэрны жыццю заўсёды верны». Арганізатарамі маршу выступілі Варшаўская і Варшаўска-Пражская архідыяцэзіі. 

Традыцыйна маршу будуць папярэднічаць святыя Імшы ў 11.00 у варшаўскіх касцёлах: архікатэдры св. Яна і Варшаўска-Пражскай катэдры. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі XI Маршу святасці жыцця сустрэнуцца на Замкавай плошчы, дзе на працягу некалькіх гадзін з 12.00 будзе адбывацца пралайф-мітынг.

Падчас яго выступіць гурт «Muode Koty». Удзельнікі маршу паслухаюць таксама сведчанне Томаша («Hioba») Карэнкі, рэпера і вакаліста гурта. Таксама выступіць прафесар Богдан Хазан.

У 12.40 марш вырушыць з Кракаўскага прадмесця ў накірунку базылікі Святога Крыжа і завершыцца каля гэтай святыні прыкладна ў 13.00.

«У Год Божай Міласэрнасці мы сустракаемся разам на XI Маршы святасці жыцця. Пакажам, што абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці не абыякавая для нас! Пакажам, як нас шмат!» — заклікаюць арганізатары.

«Касцёл ніколі не можа перастаць абвяшчаць ісціну, што жыццё з’яўляецца святым. Ён таксама не можа маўчаць у любой сітуацыі, у распаўсюджванні праўды, што аборт заўсёды з’яўляецца чымсьці дрэнным, і абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці з’яўляецца абавязкам усіх, не толькі хрысціян», — падкрэслівае Мітрапаліт Варшаўскі.

Разам з Маршам святасці жыцця будзе адбывацца акцыя «Падгузнік для малога», падчас якой на Замкавай плошчы ў гэты дзень будуць збіраць памперсы, малако і касметычныя прадукты для немаўлят з дома адзінокіх маці ў Хылішках.

Паводле Deon.pl,

(MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by