«Рома» згуляў у Рыме з аргенцінскім клубам, за які балее папа Францішак | Друк |
05.09.2016 12:51

Футбольны клуб «Рома» згуляў 3 верасня на Алімпійскім стадыёне ў Рыме дабрачынны матч з аргенцінскай камандай «Атлеціка Сан-Ларэнса дэ Альмагра», прыхільнікам якой з’яўляецца папа Францішак.

Сустрэча праходзіла з нагоды Юбілейнага Года міласэрнасці. На футболках абедзвюх каманд быў змешчаны лагатып года.

З моманту абрання арцыбіскупа Буэнас-Айрэса кардынала Хорхе Марыа Берголіа на Святы Пасад яго любімы клуб стаў чэмпіёнам Аргенціны і выйграў паўднёва-амерыканскі Кубак Лібертадарэс. Атрыманыя трафеі былі прадстаўлены Пантыфіку ў Ватыкане.

Папа да сёння з’яўляецца членам клуба прыхільнікаў «Сан-Ларэнса», гульні якога глядзеў з самага дзяцінства разам са сваім бацькам у Буэнас-Айрэсе, спраўна робіць клубныя ўзносы і мае членскі білет. Новы стадыён аргенцінскага клуба будзе названы ў гонар папы Францішка.

Гісторыя клуба «Атлеціка Сан-Ларэнса дэ Альмагра» пачынаецца ў 1907 годзе, калі каталіцкі святар Буэнас-Айрэса Ларэнца Месса дазволіў дзецям гуляць у футбол на падворку ля святыні, а афіцыйнай датай заснавання клуба лічыцца 1908 г.

Паводле ria.ru, (VGr)

 
© 2003-2025 Catholic.by