Дублін: былы футбаліст «Манчэсцер Юнайтэд» стаў святаром | Друк |
11.07.2017 10:21

Свой першы прафесійны кантракт ён падпісаў у 14 гадоў яшчэ школьнікам. Філіп Малрайн, які ў 1990-я гады гуляў у адной камандзе разам з Дэвідам Бэкхемам, днямі  атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў ордэне дамініканцаў.

Фота Philip McShane/irishnews.com

Ён гуляў за «Манчэсцер» да 1999 года, пасля — у іншых клубах, скончыўшы кар’еру ў 2009 годзе. Многія на яго месцы адразу пачынаюць кар’еру трэнера або спартыўнага каментатара, але Філіп абраў іншую дарогу. Ён вырашыў прысвяціць сябе Богу і скласці шлюбы чысціні, паслухмянства і ўбоства ў ордэне дамініканцаў.



Да прыняцця пасвячэння ён рыхтаваўся восем гадоў. Ён вучыўся ў семінарыі св. Малахія ў Белфасце, вывучаючы філасофію ў Каралеўскім універсітэце Белфаста і Інстытуце Мэрывейла ў Бірмінгеме, а тэалогію — у Грыгарыянскім універсітэце Рыма.


Фота Ірландскай правінцыі ордэна дамініканцаў/www.dominicans.ie/Getty

У 2012 годзе ён быў прыняты ў навіцыят, а ў кастрычніку 2016 года стаў дыяканам.

Прэзбітэрскае пасвячэнне былы футбаліст прыняў з рук арцыбіскупа Юзафа Аўгусціна Дзі Ноя, дапаможнага сакратара Кангрэгацыі дактрыны веры.

На ўрачыстай св. Імшы, звяртаючыся да экс-футбаліста, арцыбіскуп сказаў: «Футбольны вопыт дапамог падрыхтавацца табе да гэтага дня: ты ведаў сэнс цяжкай працы дзеля дасягнення мэты, цяпер жа твая мэта — Хрыстус».
«Распаўсюджвай Божае слова кожнаму. Разважаючы над Божым законам, аналізуй, у што ты верыш, і навучай іншых таму, у што верыш сам».

(kai/irishnews.com/cath)


 
© 2003-2021 Catholic.by