Пастырскі ліст на Божае Нараджэнне 2004 года Пана | Друк |
13.07.2009 14:27
Шаноўныя браты і сёстры, умілаваны народ Божы!
 
1. Ва ўсіх нашых святынях — як у старажытных, так і ў новазбудаваных, як у багата аздобленых, так і ў сціплых — паўсюль, дзе ў гэтыя святочныя дні мы збіраемся, каб разам узносіць малітвы да нябеснага Айца, наша ўвага скіроўваецца да маленькіх яселькаў, у якіх на сене ляжыць нованароджанае Дзіцятка. Мы глядзім на Яго, і сэрцы напаўняюцца цеплынёю, а ў душу вяртаюцца супакой і радасць.Тое, што адбылося ў Бэтлееме шмат стагоддзяў назад, і сёння застаецца вельмі важным і актуальным, бо і ў наш час усім нам так патрэбны вера, надзея і любоў.
 
Дзелячыся аплаткам, спяваючы калядкі, мы нанова перажываем Нараджэнне Езуса ў нашым жыцці. У гэты час Бог становіцца асабліва блізкім, і кожны можа пачуць Яго голас у сваім сэрцы, а таксама ў словах Святога Пісання, што гучаць падчас Святой Імшы. Давайце ж уважліва ўслухаемся ў іх, разважаючы пра бясконцую любоў Бога да чалавека, да кожнага з нас, да ўсяго роду людскога, і запросім Езуса ў нашыя сем’і, прымаючы Святую Камунію.
 
2. У літургіі слова сённяшняй урачыстасці мы чуем: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (гл. Гбр 1, 1-2). Праз Сына, які, будучы спрадвечным Богам, стаў чалавекам. Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, нарадзіўся таксама як і ўсе людзі. І першыя, хто ўзрадаваўся Яго прыйсцю на свет, былі Яго Маці Марыя і апякун Юзаф.
 
У захапленні мы схіляемся перад велічнай таямніцай, пра якую гаворыцца ў Евангеллі: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова» (гл. Ян 1, 1). «Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі» (гл. Ян 1, 14) — гэта Пан Езус. «У Ім, у Слове, якое сталася Целам, была аб’яўлена не толькі таямніца Бога, але таксама таямніца чалавека. У Ім (у Езусе) чалавек знаходзіць адкупленне і паўнату», – нагадвае нам гэтую праўду Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце «Застанься з намі, Пане», прысвечаным Эўхарыстыі (Ян Павел ІІ, Апостальскі ліст, п. 6).
 
Менавіта гэтую праўду святой веры мы вызнаём, калі прамаўляем словы малітвы «Анёл Панскі». У ёй мы кожны дзень у думках вяртаемся да векапомнай гістарычнай падзеі ў Бэтлееме, перажываем таямніцу любові Бога да нас і ўсведамляем нашую чалавечую годнасць.
 
3. Уражвае сваёй глыбінёю думка вялікага паэта і мысліцеля Адама Міцкевіча, які нарадзіўся ў Навагрудку ў Вігілію Божага Нараджэння. Ён сказаў: «Дарэмна нарадзіўся Езус у бэтлеемскіх яслях, калі не нарадзіўся ў табе».

 

Як жа нараджаецца Пан Езус у табе, браце; у табе, сястра; у кожным з нас, вернікаў Ягонага Касцёла?

Ён нараджаецца тады, калі чалавек шчыра просіць у Бога прабачэння за свае грахі і прымае Святую Камунію.

«У сакрамэнце Эўхарыстыі Збаўца, які дваццаць стагоддзяў назад прыняў цела ва ўлонні Марыі, працягвае ахвяраваць сябе чалавецтву як крыніца Божага жыцця» (Выш. цыт., п. 7).

Такім чынам, узгадваючы Нараджэнне Пана Езуса ў Бэтлееме, мы павінны таксама ўсведамляць Яго жаданне нарадзіцца ў нас.

Удзел у Імшы і прыняцце Святой Камуніі пасля шчырай споведзі — гэта ўдзел у вялікай справе любові Бога да чалавека, да кожнага з нас; гэта запрашэнне Езуса да сябе і абранне Яго сваім спадарожнікам на жыццёвым шляху, бо менавіта Ён з’яўляецца «Крыніцаю Божага Жыцця» (Тамсама, п. 7).

«Актуалізуючы мінулае, Эўхарыстыя разам з тым скіроўвае нас у будучыню — да апошняга прыйсця Хрыста перад канцом свету. Гэты “эсхаталагічны” аспект надае сакрамэнту Эўхарыстыі сілу, якая захапляе і дапамагае з надзеяй крочыць хрысціянскім шляхам» (Тамсама, п. 15).

Наймілейшыя!

4. Праз абвешчаны Год Эўхарыстыі, Божы Провід дае цудоўную магчымасць і дапамогу, каб умацаваць нас у зямным вандраванні. На працягу ўсіх гэтых месяцаў, да кастрычніка 2005 года, ідучы за заклікам Святога Айца Яна Паўла ІІ, мы будзем асаблівым чынам разважаць аб «такім вялікім Сакрамэнце».

У гэтым разважанні дапаможа нам таксама першы Імшал на беларускай мове, зацверджаны Апостальскай Сталіцай, якім мы пачынаем карыстацца з першых дзён новага года.

5. Сабраныя ва ўрачыстасць Божага Нараджэння каля алтара і яселькаў, каб праз удзел у Эўхарыстыі нанова перажыць збаўчую падзею, удзельнікамі якой сталі бэтлеемскія пастушкі, мы ўсе ўкленчым, калі будзем вымаўляць добра вядомыя нам словы з Вызнання веры: «Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба. І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам». Вось таямніца ўцелаўлення Бога ў Спрадвечным Сыне. Стоячы на каленях, мы выяўляем нашую веру ў гэтую невымоўную рэчаіснасць.

6. Калі прыступаем да Святой Камуніі, святар, паказваючы Найсвяцейшую Гостыю, гаворыць: «Цела Хрыста», і кожны адказвае «Амэн». Гэта слова, якое з’яўляецца выразам нашай веры, а таксама прызнання, праслаўлення і ўдзячнасці. Яно лучыць нас з бэтлеемскімі пастушкамі ў перспектыве той святой ночы, калі «Слова сталася Целам» — Целам і Крывёю Новага Запавету Бога з чалавекам.

У Святой Камуніі мы пачынаем разумець, што Бог ёсць любоў. Толькі гэтае ўсведамленне можа вывесці душу чалавека з любых аблудных шляхоў яго зямнога існавання і вызваліць ад пачуцця бязвыхаднасці. Эўхарыстыя — гэта дар Бога, які дае чалавеку сілу пераадольваць нават самыя цяжкія этапы ў яго жыцці.

Бэтлеемскія пастушкі, якія паслухаліся нябесных пасланнікаў (пар. Лк 2, 9-14), не толькі да сваёй працы вярнуліся іншымі, але і сябе зразумелі па-іншаму, паўней, радасней. Колькі разоў, падобна да бэтлеемскіх пастушкоў, чалавек наблізіцца да «Слова, якое сталася Целам», — гэта значыць да Езуса — і гасцінна прыме Яго ў Боскай Эўхарыстыі, столькі разоў зменяцца яго адносіны да Бога, да людзей, да навакольнага свету і да асабістага «я».

7. Жадаю вам, умілаваныя браты і сёстры, а таксама ўсім людзям добрай волі глыбейшага ўсведамлення праўды аб тым, што Божае Нараджэнне трывае надалей, бо Хрыстус нараджаецца кожны раз, калі цэлебруецца Святая Імша; Ён хоча пастаянна нараджацца ў нашых сэрцах; Ён працягвае да нас рукі і дорыць нам збаўленне і міласэрнасць, дорыць сваю Любоў. Прытуліце Яго да сябе, прыміце ў свае сем’і і ідзіце з Ім па жыцці, абвяшчаючы хвалу Бога ў небе і супакой людзям добрай волі.

Жадаю, каб Божая радасць, нанова абуджаная ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, трывала ў вас і сваім святлом праганяла шэрасць будняў у новым 2005 годзе. Няхай дапаможа вам у гэтым традыцыйная і заўсёды новая малітва «Анёл Панскі».

Жадаю, каб радасць паяднання з Хрыстом у Эўхарыстыі вы не трымалі толькі ў сабе, але неслі яе сваім блізкім і ўсім, хто з намі жыве і працуе.

На ажыццяўленне гэтых і іншых высакародных пажаданняў ад усяго сэрца благаслаўляю.

Кардынал Казімір Свёнтэк
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Адноўлена 13.07.2009 14:32
 
© 2003-2024 Catholic.by