Распараджэнне аб атрыманні поўнага адпусту падчас Года веры ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі | Друк |
09.10.2012 21:08

Святы Айцец пастанавіў, што акрамя звычайных умоваў, такіх, як споведзь, св. Камунія, малітва ў інтэнцыі Папы, поўны адпуст могуць атрымаць вернікі, якія:

- кожны раз, калі выслухаюць прынамсі тры гаміліі падчас святых місій ці прынамсі тры лекцыі аб навучанні Другога Ватыканскага Сабору або Катэхізісу Каталіцкага Касцёла ў любым касцёле або адпаведным для гэтага месцы;

- кожны раз, калі наведаюць як пілігрымы адну з папскіх базылік або хрысціянскія катакомбы, катэдральны касцёл ці абранае мясцовым ардынарыем месца для Года веры і дзе прымуць удзел у якім-небудзь набажэнстве або правядуць адпаведны час на пабожным разважанні (медытацыі), завяршаючы малітвай «Ойча наш», вызнаннем веры ў любой дазволенай форме, а таксама памоляцца любой малітвай да Маці Божай, апосталаў ці святых апекуноў;

- кожны раз у вызначаныя мясцовым ардынарыем дні прымуць удзел у св. Імшы або Літургіі гадзін у якім нібудзь святым месцы, дадаючы вызнанне веры ў любой дазволенай форме;

- у любы дзень пабожна наведаюць баптыстэрый ці іншае месца, дзе цэлебруецца сакрамэнт хросту, і там адновяць абяцанні хросту ў любой дазволенай форме;

- калі па важных прычынах не могучы асабіста прыняць удзел ва ўрачыстых набажэнствах (напрыклад па прычыне хваробы, старасці, знаходжання ў вязніцы і г.д.), яднаюцца духоўна ў думках з прысутнымі на іх вернікамі, асабліва пры праглядзе ці праслухоўванні тэле- ці радыётрансляцый з набажэнстваў, якія ўзначальвае Святы Айцец ці дыяцэзіяльны біскуп, молячыся малітвай «Ойча наш», «Веру ў Бога» ў любой дазволенай форме ці іншымі малітвамі, адпавядаючымі сэнсу і значэнню Года веры, а таксама ахвяроўваючы свае пакуты ці жыццёвыя цяжкасці.

У сувязі з вышэй сказаным пастанаўляю:

1) Месцамі Года веры, дзе можна атрымаць поўны адпуст, з’яўляюцца мінская архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, магілёўская катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, санктуарый Маці Божай Будслаўскай. У іх павінна быць усталявана апаведная інфармацыя.

Месцамі атрымання адпусту таксама з’яўляюцца касцёлы і капліцы падчас знаходжання ў іх копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай з нагоды яе перэгрынацыі па парафіях архідыяцэзіі.

2) Днямі, калі можа атрымаць поўны адпуст, прымаючы ўдзел у святой Імшы або Літургіі гадзін, з’яўляюцца:

урачыстасць Усіх Святых;
урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету;
урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі;
урачыстасць Нараджэння Пана;
урачыстасць Багародзіцы Марыі;
урачыстасць Аб’яўлення Пана (Трох Каралёў);
свята ахвяравання Езуса ў святыні (Грамніцы);
урачыстасць Звеставання Пана;
нядзеля Мукі Пана (Пальмовая нядзеля);
урачыстасць Уваскрасення Пана (Пасха);
урачыстасць Спаслання Духа Святога;
урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела);
урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла;
урачыстасць Маці Божай Будслаўскай;
урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі;
свята Узвышэння Святога Крыжа;
свята св. Міхала арханёла.

3) У месцах Года веры пробашчы павінны паклапаціцца аб адпаведнай арганізацыі споведзі, каб усе жадаючыя маглі паяднацца з Богам і Касцёлам. У сувязі з гэтым абавязваю святароў суседніх парафій, асабліва ў Мінску, дапамагаць у гэтай так важнай пастырскай справе і ўзгадніць з пробашчамі месцы Года веры і графік паслугі ў канфесіянале.

4) Святарам, якія будуць спавядаць у гэтых месцах, удзяляю ўладу звальнення ад зарэзэрваваных біскупу касцёльных караў in foro interno.

Усіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі давяраю апецы Маці Божай Будслаўскай і на Год веры, як год асаблівай Божай ласкі, благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Святога Духа.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск-Рым, 7 кастрычніка 2012 г.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае распараджэнне вернікам 14 кастрычніка 2012 г.

 

Імша аб новай евангелізацыі
 
Антыфона на ўваход  
     
Пар. Пс 105(104), 3-4.5

Ганарыцеся імем Яго святым! * Няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана. * Шукайце Пана і Яго моцы, * памятайце пра цуды Ягоныя, якія ўчыніў. (Аллелюя.)

Калекта
 
Божа, Ты спаслаў нам свайго Сына, Тваё Слова, каб Ён нёс убогім добрую навіну, † учыні, каб, углядаючыся ў Яго, мы заўсёды жылі ў шчырай любові * і былі ў свеце прапаведнікамі і сведкамі Яго Евангелля. Праз Пана нашага, Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.

Малітва над дарамі

Міласэрны Пане, асвяці гэтыя дары i глянь ласкава на нашае пакорнае служэнне, † няхай нашыя целы стануць жывой і святой ахвярай, прыемнай Табе, * каб мы, пазбыўшыся мысленне даўняга чалавека, маглі служыць Табе ў новым жыцці паводле Твайго Духа. Праз Хрыста, Пана нашага.

Антыфона на Камунію       

Пар. Лк 4,18-19

Дух Пана на Мне, * бо Ён намасціў Мяне і паслаў абвяшчаць Добрую Навіну, * каб абвясціць год ласкі Пана * i дзень адкуплення. (Аллелюя.)

Малітва пасля Камуніі

Адноўленыя ў духу Целам і Крывёю Твайго Сына, просім Цябе, Пане, † дай нам чыстае сэрца i новы дух, * каб мы вытрывала ўзрасталі ў новым жыцці. Праз Хрыста, Пана нашага.


Адноўлена 09.10.2012 21:53
 
© 2003-2021 Catholic.by