Паведамленне Апостальскага адміністратара Віцебскай дыяцэзіі ксяндза прэлата Францішка Кісяля | Друк |
06.03.2013 16:16

Шаноўныя браты ў святарстве, сёстры законныя і вернікі Віцебскай дыяцэзіі.

Як усім нам стала вядома, 25 лютага 2013 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне нашага дыяцэзіяльнага біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы з выканання паслугі пастырскага кіравання Віцебскай дыяцэзіяй. Напэўна, усе мы прынялі гэтую навіну са смуткам, але і з належнай павагай, бо мэтай прашэння Яго Эксцэленцыі быў стан асабістага здароўя. Біскуп Уладзіслаў быў першым пастырам нашай дыяцэзіі і ад самага пачатку яе існавання рупліва і нястомна працаваў на карысць нашага Касцёла і дабра вернікаў. Думаю, што наша малітва ў інтэнцыі Яго Эксцэленцыі будзе добрым знакам хрысціянскай удзячнасці за ўсё дабро, якое Бог учыніў праз гэтага чалавека. Яго Эксцэленцыя біскуп Уладзіслаў доўгі час будзе знаходзіцца на лячэнні, але спадзяёмся, што яшчэ будзе ў нас магчымасць яго ўбачыць не аднойчы і выказаць яму асабіста нашую ўдзячнасць і глыбокую павагу.

Адначасова Святы Айцец прызначыў мяне Апостальскім адміністратарам sede vacante et ad nutum Sanctae Sedis Віцебскай дыяцэзіі, даручаючы мне апеку над гэтай часткай Касцёла да таго часу, пакуль не будзе прызначаны новы біскуп.

Шаноўныя браты і сёстры, думаю, што кожны з вас разумее, наколькі гэты абавязак адказны і сур’ёзны і з якім хваляваннем я прыняў гэтае рашэнне Касцёла. Без вашай малітоўнай падтрымкі і зычлівасці святароў і законных асобаў нашай дыяцэзіі спаўненне такой місіі, нават на кароткі час, здаецца немагчымым.

Праз некалькі дзён мы даведаемся імя новага Папы. А таму ў гэтыя дні, як ніколі, Касцёл патрабуе нашай малітвы і пачуцця адказнасці. Прашу вас, браты і сёстры, каб сваімі малітвамі вы ахінулі таксама і нашую дыяцэзію, Яго Эксцэленцыю біскупа Уладзіслава Бліна і маю паслугу.

Мы не маем сумневу, што наш Пан, Добры Пастыр, сам апякуецца сваім Касцёлам. Але сёння асаблівым рэхам гучаць у нашых сэрцах Ягоныя словы: «Жніво, сапраўды, вялікае, але работнікаў мала. Прасіце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво». Шаноўныя святары, сёстры законныя і вернікі Віцебскай дыяцэзіі, прашу вас аб асаблівай малітве ў гэты важны і даволі складаны для нашай дыяцэзіі час, а таксама разлічваю на вашу спагаду і зычлівасць.

Апостальскі адміністратар sede vacante ad nutum Sanctae Sedis Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Францішак Кісель

Адноўлена 06.03.2013 16:25
 
© 2003-2022 Catholic.by