Паведамленне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на перыяд sede vacante і трывання канклаву | Друк |
28.02.2013 22:53

Інфармую шаноўных братоў у святарстве аб тым, што падчас перыяду sede vacante і трывання канклаву (з 28 лютага 2013 г. ад 20 гадзін да моманту абвяшчэння новага Наступніка св. Пятра) у Эўхарыстычным Каноне святой Імшы не прамаўляецца імя Папы і апускаецца малітва заступніцтва за Касцёл (пасля апушчэння ўказанага тэксту ў ІІ Эўхарыстычнай малітве належыць чытаць: «Учыні, каб люд Твой узрастаў у еднасці разам з нашым біскупам Аляксандрам і ўсім духавенствам»).

Моцна заахвочваю разам з вернікамі нашай дыяцэзіі да малітвы ў інтэнцыі добрага і згоднага з Божай воляй выбарам Наступніка святога Апостала Пятра.

У перыяд sede vacante, захоўваючы літургічныя ўказанні, належыць супольна з вернікамі маліцца ў інтэнцыі канклаву. Пры гэтым ужываецца фармуляр святой Імшы аб «Выбары Папы» і любая малітва за Калегію кардыналаў.

Няхай ваша трывалая малітва будзе выразам святарскай салідарнасці ў клопаце пра дабро Касцёла, за які мы супольна нясём нашу адказнасць.

Усім ад усяго сэрца благаслаўляю

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі        
      

Гродна, 27 лютага 2013 г.                                                         

Адноўлена 11.03.2013 11:52
 
© 2003-2024 Catholic.by