Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча на Божае Нараджэнне і на Новы 2014 год нашага Пана | Друк |
19.12.2013 11:30

Тэкст пажаданняў на польскай мове>>>

Улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры!

Дарагія дыяцэзіяне!

Як і кожны год, перажываем урачыстасць Нараджэння нашага Пана. Прыгадвае нам гэтая праўда аб спрадвечнай, бясконцай і незразумелай любові Бога да чалавека. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).

Святы Касцёл, верны сваёй місіі, на працягу больш чым двух тысячагоддзяў абвяшчае гэтую радасную навіну, падзяляючы яе з кожным чалавекам добрай волі. Гэтая праўда асвячае чалавека, робіць ягонае сэрца высакародным і чыніць тое, што чалавечае жыццё, нярэдка напоўненае цяжкасцямі, выпрабаваннямі і цярпеннем, атрымлівае сэнс, калі стаецца шляхам, накіраваным да Бога.

Сёння згінаем калені перад Бэтлеемскімі яселькамі і адаруем Божае Дзіцятка, якое прыходзіць да нас і стаецца адным з нас, узбагачае ўбоства нашых сэрцаў багаццем сваёй ласкі і сагравае іх цяплом сваёй любові.

Перажываючы сёлетняе свята Божага Нараджэння, жадаю скласці ўсім вам, дарагія дыяцэзіяне, найсардэчныя пажаданні.

Няхай вера ў Божую прысутнасць сярод нас і ў бясконцую любоў Хрыста будзе крыніцай радасці, надзеі і супакою.

Адзінародны Сын, Езус Хрыстус, няхай адорыць вас багаццем неабходных ласкаў, няхай павялічвае ў вашых сэрцах усялякае дабро і няхай робіць вас здольнымі дзяліцца гэтым дабром з кожным спатканым чалавекам.

Няхай матчыная апека Беззаганнай Панны Марыі суправаджае вас увесь час у штодзённым адкрыванні  па-новаму  таямніцы Божай любові, абвешчанай у Асобе Езуса Хрыста.

Жадаю кожнаму з вас радасных, пагодлівых, поўных надзеі і любові святаў Божага Нараджэння, а таксама здароўя, Божага благаслаўлення і ўсялякіх неабходных ласкаў у Новым 2014 годзе нашага Пана.

Падзяляючы з вамі святочную радасць і памятаючы ў малітве перад Нованароджаным Збавіцелем, усім з усяго сэрца благаслаўляю.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Прашу паважаных святароў прачытаць гэтыя пажаданні ва ўрачыстасць Божага Нараджэння  (25.12.2013 г.) і ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі (01.01.2014 г.) у рамках аб’яў.


Адноўлена 19.12.2013 14:41
 
© 2003-2024 Catholic.by