Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI да моладзі свету | Друк |
з нагоды 21 Сусветнага дня моладзі
(9 красавіка 2006 года)

«Слова Тваё — светач для маёй нагі
і святло для маёй сцежкі» (Пс 19 [118]: 105)



Мае дарагія сябры!

Для мяне вялікая радасць вітаць вас, калі вы рыхтуецеся да 21 Сусветнага дня моладзі, і я прыгадваю тыя ўражанні, што ўзбагацілі нас у жніўні мінулага года ў Германіі. У гэтым годзе Сусветны дзень моладзі будзе адзначацца ў мясцоваым Каталіцкім Касцёле, і гэта будзе добрай магчымасцю для таго, каб распаліць полымя энтузіязму, якое было запалена ў Кёльне і якое многія з вас прывезлі ў свае сем’і, парафіі, асацыяцыі і рухі. У той жа час гэта будзе цудоўным шансам для таго, каб запрасіць шматлікіх сяброў далучыцца да духоўнай пілігрымкі маладога пакалення да Хрыста.

Тэмай, якую я прапаную вам, з’яўляецца верш з псалма 119 [118]: «Слова Тваё — светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі» (верш 105). Глыбока любімы намі Ян Павел II даў да гэтага верша з псалма наступны каментар: «Той, хто моліцца, выказвае падзяку Закону Божаму, які ён успрымае як светач для сваёй нагі на часта цьмянай сцежцы Жыцця. Ён гаворыць з чалавецтвам, і словы, якія ён кажа, маюць творчую сілу. Габрэйскае паняцце «dabar», якое звычайна перакладаецца як «слова», на самой справе мае як значэнне «слова», так і значэнне «дзеянне». Бог кажа тое, што робіць, і робіць тое, што кажа. Стары Запавет аб’яўляе дзецям Ізраэля пра прыход Месіі і ўстанаўленне «новага» запавету; у слове ўцелаўлёным ён выконвае сваё абяцанне. Гэта ясна ўказана ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла: «Хрыстус, Сын Божы, які стаў чалавекам, — гэта дасканалае слова Айца, якое не можа быць перасягнута. У ім ён сказаў усё; не будзе іншага слова, акрамя гэтага» (n. 65). Святы Дух, які вёў выбраных людзей праз натхненне аўтараў Святых Пісанняў, адкрывае сэрцы вернікаў для разумення іх значэння. Той жа самы Дух дзейна прысутнічае ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, калі святар, «у вобразе Хрыста», кажа словы кансекрацыі, ператвараючы хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, для духоўнага пажытку веры. Каб рухацца ў нашай зямной пілігрымцы да нябеснай Айчыны, нам усім патрэбны пажытак у выглядзе слова і хлеба вечнага Жыцця, і яны неаддзельныя адно ад аднаго!

Апосталы атрымалі слова збаўлення і перадалі яго сваім пераемнікам, быццам каштоўную пярліну, якая ў бяспецы захоўваецца ў скарбніцы Касцёла; без Касцёла гэтая жамчужына рызыкуе быць згубленай ці знішчанай. Мае дарагія маладыя сябры, любіце слова Божае і любіце Касцёл, і гэта дасць вам магчымасць мець доступ да скарбу, што мае вельмі вялікую каштоўнасць, і навучыць вас, як разумець яго багацце. Любіце Касцёл і наследуйце яго, бо ён атрымаў ад свайго Заснавальніка місію, якая заключаецца ў тым, каб паказваць людзям шлях да сапраўднага шчасця. Няпроста ўбачыць і знайсці сапраўднае шчасце ў гэтым свеце, у якім мы жывём, дзе людзі часта знаходзяцца ў палоне шырока распаўсюджаных вобразаў думак. Ім здаецца, што яны «свабодныя», але яны могуць збіцца са шляху і згубіцца сярод памылак ці ілюзій фальшывых ідэалогій. «Свабоду саму па сабе трэба вызваліць» (пар. Veritatis Splendor, 86), і цемру, у якой чалавецтва блукае, трэба асвятліць. Езус вучыў нас, як гэта можна зрабіць: «Калі будзеце трываць у слове Маім, вы сапраўды вучні Мае, і пазнаеце праўду» (Ян 8: 31-32). Уцелаўлёнае Слова, Слова Праўды, робіць нас свабоднымі і накіроўвае нашу свабоду да дабра. Мае дарагія маладыя сябры, часта разважайце над словам Божым і дазвольце Святому Духу быць вашым настаўнікам. Тады вы адкрыеце, што думкі Бога — гэта не думкі людзей. Вы будзеце здольныя да сузірання сапраўднага Бога і бачання падзей гісторыі Яго вачамі. Вы будзеце ў поўнай меры атрымліваць асалоду радасці, якая нараджаецца з праўды. У дарозе жыцця, якая не бывае ні лёгкай, ні свабоднай ад пастак, вы будзеце сустракацца з цяжкасцямі і цярпеннямі і часам вы вельмі пажадаеце ўсклікнуць разам з аўтарам псальмаў: «Моцна прыгнечаны я, Пане;» (Пс 119 [118]. 107). Не забывайцеся дадаць, як гэта зрабіў аўтар псалмаў: «ажыві мяне, Пане, паводле слова Твайго. Душа мая бесперастанку ў руцэ Тваёй; але закона Твайго не забываю» (там жа вершы 107; 109). Поўная любові прысутнасць Бога, праз Яго слова, — гэта светач, які рассейвае цемру страху і асвячае шлях нават у самыя цяжкія хвіліны.

Аўтар Паслання да габрэяў пісаў: «Жывое слова Божае і дзейснае, здольнае судзіць думкі і намеры сэрца» (4;12). Трэба сур’ёзна прыняць заклік разглядаць слова Божае як неабходную «зброю» у духоўнай бітве. Яно будзе эфектыўным і дасць вынікі, калі мы навучымся слухаць яго, а затым падпарадкоўвацца яму. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла тлумачыць: «Падпарадкоўвацца (ад лацінскага ob-audire)» у веры значыць добраахвотна пакарацца пачутаму слову, бо ягоная праўдзівасць гарантуецца Богам, які ёсць сама Праўда» (верш 144). Калі Абрагам служыць прыкладам шляху слухання, якое ёсць паслушэнства, Саламон у сваю чаргу аказваецца палымяным даследчыкам мудрасці, што заключана ў Слове. Калі Бог сказаў яму: «Што хочаш, каб я даў табе?» (1 Вал 3; 5, 9), мудры цар адказаў: «... дай слуге Твайму сэрца, якое будзе разумець». Таямніца атрымання «сэрца, якое будзе разумець» заключаецца ў тым, каб навучыць сваё сэрца слухаць. Гэта дасягаецца шляхам нястомнага разважання слова Божага і пастаяннага прабывання ў ім праз абавязак усё большага пазнання яго.

Мае дарагія маладыя сябры, я заклікаю пазнаёміцца з Бібліяй і мець яе пад рукой, каб яна магля быць вашым компасам, які паказвае вам шлях, па якому трэба ісці. Калі вы будзеце чытаць яе, вы будзеце вучыцца пазнаваць Хрыста. Звярніце ўвагу на тое, што сказаў святы Геранім у сваім пажаданні: «Няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста» (PL 24, 17; паводле Dei Verbum, 25). Выпрабаваны стагоддзямі шлях паглыблення і асалоды слова Божага — гэта «lectio divina», што ўяўляе сабою сапраўднае і праўдзівае духоўнае падарожжа, падзеленае на этапы. Ад «lectio», якая заключаецца ў шматразовым чытанні і перачытванні фрагментаў Святога Пісання, каб зразумець яго асноўныя элементы, мы пераходзім да «meditatio». Гэта момант ўнутранага разважання, калі душа звяртаецца да Бога, спрабуючы зразумець, што Ягонае слова гаворыць нам сёння. Затым наступае «oratio», у якой мы працягваем гаварыць непасрэдна з Богам. Нарэшце наступае «contemplatio», якое дапамагае нам захаваць нашы сэрцы ўважлівымі да прысутнасці Хрыста, словы якога — гэта «лямпа, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах нашых» (2 П 1; 19). Чытанне, вывучэнне і разважанне Слова павінна весці да жыцця, якое пазначана стойкай адданасцю Хрысту і Яго вучэнню.

Святы Якуб кажа нам: «Будзьце ж выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, што ашукваюць саміх сябе. Бо хто слухае слова і не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядае прыраджонае аблічча сваё ў люстры: ён паглядзеў на сябе і адышоў, ды адразу ж забыў, які ён. Але хто ўглыбляецца ў дасканалы закон, закон свабоды, і трывае ў ім, той, становячыся не слухачом, які забывае, але выканаўцам справы, шчаслівы будзе» (гл. 1: 22-25). Тыя, хто слухае слова Божае і заўсёды ідзе за ім, будуе сваё жыццё на моцным фундаменце. «Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, — сказаў Езус, — будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале» (Мц 7; 24). Ён не абваліцца, калі прыйдзе непагадзь.

Будаваць вашае жыццё згодна з Хрыстом, прымаючы Яго слова з радасцю і ажыццяўлячы Яго вучэнне — гэта, маладыя людзі трэцяга тысячагоддзя, павінна стаць вашай праграмай! Вострая неабходнасць у тым, каб з’явілася новае пакаленне апосталаў, якія будуць цвёрда трымацца слова Хрыста, будуць здольныя прыняць выклік нашага часу і гатовыя ўсюды распаўсюджваць Евангелле. Гэта тое, чаго Пан жадае ад вас, тое, да чаго Касцёл заклікае вас, і тое, чаго свет — хоць ён гэтага не ўсведамляе — чакае ад вас! Калі Езус кліча вас, не бойцеся велікадушна адказаць Яму, асабліва калі Ён просіць вас ісці за Ім у кансэкраваным ці ў святарскім жыцці. Не бойцеся; даверцеся Яму і вы не будзеце расчараваныя.

Дарагія сябры, у 21 Сусветны дзень моладзі, які адбудзецца 9 красавіка, у Пальмовую нядзелю, мы адправімся ў пілігрымку на міжнародную сустрэчу з маладымі людзьмі, якая адбудзецца ў Сіднэі ў ліпені 2008 года. Мы будзем рыхтавацца да гэтай вялікай падзеі, разважаючы супольна над тэмай «Святы Дух і місія» па чарговых этапах. У гэтым годзе ўвага будзе канцэнтравацца на Святым Духу, Духу Праўды, якую паказвае нам Хрыстус, Слова ўцелаўлёнае, адкрываючы сэрца кожнага на Слова збаўлення, якое вядзе да паўнаты Праўды. У наступным, 2007 годзе, мы будзем разважаць адзін з версэтаў Евангелля паводле Яна: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (13; 34). Мы яшчэ больш даведаемся пра Духа Святога, Духа Любові, які абуджае міласэрнасць Божую ўнутры нас і робіць чуйнымі на матэрыяльныя і духоўныя патрэбы нашых братоў і сясцёр. Нарэшце мы прыйдзем на сустрэчу ў 2008 годзе, тэмай якой будзе «Але прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі» (Дз 1; 8).

Ужо цяпер, мае дарагія маладыя сябры, у атмасферы заўсёднага слухання слова Божага, звяртайцеся да Святога Духа, Духа мужнасці і сведчанні, каб вы былі здольныя абвяшчаць Евангелле без страху аж па край зямлі. Наша Каралева прысутнічала ў святліцы з апосталамі, калі яны чакалі Пяцідзесятніцы. Няхай Яна будзе вашай Маці і пуцяводнай зоркай. Няхай Яна вучыць вас прымаць слова Божае, берагчы яго і разважаць над ім у вашым сэрцы (гл. Лк 2;19), так, як яна рабіла гэта праз ўсё сваё жыццё. Няхай Яна падтрымлівае вас, каб вы сказалі «так» Богу, калі вы жывяце «паслушэнствам веры». Няхай Яна дапамагае вам заставацца моцнымі ў веры, нязменнымі ў надзеі, стойкімі ў любові, заўсёды ўважлівымі да слова Божага.

Я разам з вамі ў малітве, кожнаму з вас ад усяго сэрца ўдзяляючы благаславенне.

З Ватыкана, 22 лютага 2006 года, урачыстасць Базылікі Святога Апостала Пятра

BENEDICTUS PP. XVI

Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria”
Адноўлена 14.07.2009 11:46
 
© 2003-2024 Catholic.by