Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру 1 студзеня 2009 года | Друк |
Змагацца з беднасцю для пабудовы міру


1. На пачатку гэтага новага года я хачу зноў скіраваць да ўсіх пажаданне міру і ў гэтым пасланні запрасіць да супольнага разважання на тэму: Змагацца з беднасцю для пабудовы міру. Мой вялебны папярэднік Ян Павел ІІ у сваім пасланні на Дзень міру 1993 года падкрэсліў, што беднасць цэлых народаў з’яўляецца пагрозаю для міру. Сапраўды, беднасць часта выступае сярод фактараў, якія правакуюць або абвастраюць канфлікты, у тым ліку ўзброеныя. Канфлікты ж, у сваю чаргу, з’яўляюцца прычынаю трагічных умоваў беднасці. «Іншая рэальная пагроза міру ўмацоўваецца ў свеце і становіцца ўсё больш небяспечнай, — пісаў Ян Павел ІІ. — Вялікая колькасць людзей і нават цэлыя народы жывуць сёння ва ўмовах крайняй беднасці. Няроўнасць паміж багатымі і беднымі стала больш відавочнаю, нават у найбольш эканамічна развітых краінах. Такім чынам, паўстае праблема, якая павінна непакоіць сумленне чалавецтва, бо шмат людзей жывуць ва ўмовах, што абражаюць іх прыродную годнасць, а гэта падрывае сапраўдны і гарманічны прагрэс сусветнай супольнасці»1.

2. У гэтым кантэксце для таго, каб змагацца з беднасцю, неабходна ўважліва прыгледзецца да такой складанай з’явы, як глабалізацыя. Гэта важна нават з метадалагічнага пункту гледжання, таму што дазваляе карыстацца плёнам праведзеных эканамістамі і сацыёлагамі даследаванняў розных аспектаў беднасці. Аднак зварот да глабалізацыі павінен мець таксама духоўнае і маральнае значэнне, каб мы глядзелі на бедных з усведамленнем таго, што ўсе мы з’яўляемся дзеючымі асобамі адной Боскай задумы — паклікання да ўтварэння адзінай сям’і, у якой усе — людзі, плямёны і народы — імкнуцца паводзіць сябе такім чынам, каб захоўваліся прынцыпы братэрства і адказнасці.

У гэтай перспектыве неабходна мець шырокае і дакладнае бачанне беднасці. Калі б беднасць была толькі матэрыяльнаю, то для зразумення яе тыповых уласцівасцяў было б дастаткова звярнуцца да сацыяльных навукаў, якія дапамагаюць ацэньваць памеры з’яваў перадусім на падставе колькасных дадзеных. Аднак мы ведаем, што існуюць таксама нематэрыяльныя праявы беднасці, якія не з’яўляюцца непасрэдным і аўтаматычным наступствам матэрыяльных недахопаў. Так, у багатых і развітых супольнасцях можна сутыкнуцца з такімі з’явамі, як маргіналізацыя, беднасць зносінаў, маральная і духоўная беднасць: гаворка ідзе пра ўнутрана дэзарыентаваных людзей, якія адчуваюць тыя ці іншыя цяжкасці, нягледзячы на эканамічны дабрабыт. Я маю на ўвазе, з аднаго боку, тое, што прынята называць «маральнай недаразвітасцю»2, а з другога боку, адмоўныя наступствы «празмернага развіцця»3. Пры гэтым я не забываюся і пра тое, што ў так званых «бедных» грамадствах эканамічны рост часта стрымліваецца культурнымі перашкодамі, якія не дазваляюць належным чынам выкарыстоўваць рэсурсы. У любым выпадку праўдаю з’яўляецца тое, што беднасць усіх формаў, выкліканая знешнімі прычынамі, паходзіць ад недастатковай пашаны да трансцэндэнтнай годнасці чалавечай асобы. Калі чалавек не разглядаецца ў кантэксце цэласнасці яго паклікання і не захоўваюцца нормы сапраўднай «чалавечай экалогіі»4, то тады пачынаюць дзейнічаць злаякасныя механізмы беднасці, што выразна відаць у некаторых сферах, на якія я збіраюся коратка звярнуць увагу.
 

Беднасць і яе маральныя наступствы

3. Беднасць часта звязваюць з дэмаграфічным развіццём як з яе непасрэднаю прычынаю. У выніку ў наш час на міжнародным узроўні праводзяцца кампаніі па скарачэнні нараджальнасці, якія прапануюць для гэтага таксама такія спосабы, якія супярэчаць годнасці жанчыны, а таксама парушаюць права сужэнцаў адказна вырашаць, колькі ім мець дзяцей5, а часта нават — што найбольш небяспечна — парушаюць само права на жыццё. У гэтым святле застаецца фактам тое, што ў 1981 годзе каля 40% насельніцтва Зямлі жыло па-за рысаю галечы, а сёння гэты працэнт скараціўся амаль на палову, і, больш за тое, вызваліліся ад беднасці народы, якія мелі значны дэмаграфічны прырост. Гэтыя дадзеныя наглядна паказваюць, што існуюць магчымасці вырашэння праблемы беднасці нават ва ўмовах росту колькасці насельніцтва. Нельга забывацца, што з канца Другой сусветнай вайны да сённяшняга дня насельніцтва Зямлі павялічылася на чатыры мільярды, і гэтая з’ява ў вялікай ступені закранула краіны, якія нядаўна з’явіліся на міжнароднай арэне як новыя эканамічныя гіганты і хутка развіліся менавіта дзякуючы вялікай колькасці жыхароў. Акрамя таго, сярод найбольш развітых краінаў больш магчымасцяў для развіцця маюць тыя, дзе вышэйшая нараджальнасць. Інакш кажучы, пацвярджаецца справядлівасць таго, што насельніцтва з’яўляецца багаццем, а не прычынаю беднасці.

4. Яшчэ адною нагодаю для неспакою з’яўляюцца пандэмічныя харобы, такія, як малярыя, туберкулёз і СНІД, што ўплываюць на пагаршэнне агульнай сітуацыі ў краіне настолькі сур’ёзна, наколькі паражаюць насельніцтва ў дзетародным узросце. Спробы пераадолення наступстваў гэтых хваробаў для насельніцтва не заўсёды прыносяць заўважныя вынікі. Да таго ж часам краіны, якія пакутуюць ад гэтых пандэмій, для таго, каб супрацьстаяць ім, сутыкаюцца з шантажом з боку тых, хто ўзамен за эканамічную дапамогу патрабуе правядзення палітыкі, знішчальнай для жыцця. Асабліва цяжка змагацца са СНІДам — драматычнаю прычынаю беднасці, — калі пад увагу не бяруцца маральныя праблемы, з якімі звязана распаўсюджванне віруса. Перадусім неабходна арганізаваць кампаніі па выхаванні ў моладзі сексуальнасці, якая ў поўнай меры адпавядае чалавечай годнасці асобы. Падобныя ініцыятывы ўжо давалі заўважныя вынікі, спрыяючы запаволенню распаўсюджвання СНІДу. Акрамя таго трэба зрабіць даступнымі для бедных народаў лекі і неабходнае медыцынскае абслугоўванне, дзеля чаго патрэбныя інтэнсіўная праца ў галіне медыцынскіх даследванняў і пошук новых тэрапеўтычных сродкаў, а таксама гнуткае прымяненне ў выпадку неабходнасці міжнароднага заканадаўства, якое рэгулюе правы інтэлектуальнай уласнасці, каб усім гарантаваць базавае медыцынскае абслугоўванне.

5. Трэці накірунак дзейнасці, на які звяртаецца ўвага ў праграмах барацьбы з беднасцю, што сведчыць пра ўласцівы ёй маральны аспект, гэта дзіцячая беднасць. Калі цяжар беднасці кладзецца на сям’ю, найбольш безабароннымі ахвярамі гэтага становяцца дзеці, якія складаюць амаль палову тых, хто сёння жыве ў галечы. Калі паглядзець на беднасць з пазіцыі дзяцей, прыярытэтнымі мэтамі трэба лічыць тыя, якія датычацца непасрэдна іх, напрыклад, апеку над маці, навучанне, даступнасць прышчэпак і базавага медыцынскага абслугоўвання, забеспячэнне пітною вадою, ахова навакольнага асяроддзя, а перадусім абавязак абароны сям’і і трываласці яе ўнутраных сувязяў. Калі разбураецца сям’я, ад гэтага непазбежна пакутуюць дзеці. Калі не забяспечыць абароны годнасці жанчыны і маці, наступствы таксама ўдараць па дзецях.

6. Чацвёрты накірунак, які з маральнага пункту гледжання заслугоўвае асаблівай увагі, — гэта сузалежнасць паміж раззбраеннем і прагрэсам. Сучасны памер глабальных выдаткаў на ўзбраенне выклікае вялікі неспакой. Як я ўжо адзначаў, часам «вялізныя матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы прызначаюцца на вайсковыя выдаткі і ўзбраенне фактычна за кошт рэалізацыі праектаў развіцця народаў, асбліва найбяднейшых, якім патрэбная дапамога. Гэта супярэчыць палажэнню Хартыі Аб’яднаных Нацый, якая абавязвае міжнародную супольнасць і паасобныя дзяржавы да „ўмацавання стабільнасці і абароны міру і міжнароднай бяспекі пры мінімальным выкарыстанні сусветных чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў на ўзбраенне“ (арт. 26)»6.

Такі стан рэчаў не спрыяе, а наадварот, сур’ёзна перашкаджае ў дасягненні важных мэтаў у развіцці міжнароднай супольнасці. Акрамя таго, празмернае павелічэнне выдаткаў на мілітарысцкія мэты павялічвае небяспеку паскарэння гонкі ўзбраенняў, што з’яўляецца прычынаю недаразвіцця і роспачы, парадаксальным чынам ператвараючыся ў фактар нестабільнасці, напружання і канфлікатў. Як слушна адзначыў мой вялебны папярэднік Павел VI, «развіццё — гэта новае імя міру»7. Таму дзяржавы пакліканыя да сур’ёзнага разважання над больш глыбокімі прычынамі канфліктаў, якія часта ўзнікаюць на глебе несправядлівасці, і да пазбаўлення ад гэтага дзякуючы адважнай самакрытыцы. Калі атрымаецца дасягнуць паляпшэння адносінаў, гэта павінна дазволіць знізіць выдаткі на ўзбраенне. Зэканомленыя сродкі можна будзе прызначыць на праекты развіцця для найбяднейшых людзей і народаў: супольныя намаганні ў гэтым накірунку спрыяюць будаўніцтву міру ў чалавечай сям’і.

7. Пяты накірунак барацьбы з матэрыяльнай беднасцю датычыцца сучаснага харчовага крызісу, які робіць немагчымым задаволенне асноўных патрэбаў. Гэтаму крызісу ўласцівы не столькі недахоп прадуктаў харчавання, колькі цяжкасць у іх атрыманні і спекуляцыйныя з’явы, а значыць, неэфектыўнасць палітычных і эканамічных інстытутаў, якія не ў стане задаволіць патрэбы як надзённыя, так і вострыя. Недастатковае харчаванне можа таксама прывесці да сур’ёзных шкодных наступстваў у псіхафізічным стане насельніцтва, пазбаўляючы многіх людзей энергіі, неабходнай для таго, каб без асаблівай дапамогі выйсці з сітуацыі беднасці, у выніку чаго яны не могуць самі пераадолець сваё недаразвіццё. Гэта таксама павялічвае няроўнасць, выклікаючы рэакцыі, якія могуць ператварыцца ў насілле. Усе дадзеныя за апошнія дзесяцігоддзі, якія паказваюць змены ў адноснай беднасці, сведчаць пра тое, што павялічваецца разрыў паміж багатымі і беднымі. Галоўнымі прычынамі гэтай з’явы належыць прызнаць, з аднаго боку, тэхналагічныя змены, выгода ад якіх канцэнтруецца ў найвышэйшай сферы падзелу прыбыткаў, а з другога боку, дынаміку коштаў на прамысловыя тавары, якія растуць нашмат хутчэй, чым кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю і сыравіну, якую маюць найбяднейшыя краіны. Часам большая частка насельніцтва найбяднейшых краінаў пакутуе ад падвойнай маргіналізацыі: з-за нізкіх заробкаў і высокіх коштаў.

Барацьба з беднасцю і глабальная салідарнасць

8. Адзін з асноўных шляхоў да пабудовы міру — гэта глабалізацыя, скіраваная на забеспячэнне інтарэсаў усёй вялікай чалавечай сям’і8. Аднак для таго, каб накіраваць глабалізацыю ў патрэбнае рэчышча, неабходная моцная глабальная салідарнасць9 паміж багатымі і беднымі краінамі, а таксама на нацыянальным узроўні паасобных краінаў, нават багатых. Неабходны «агульны маральны кодэкс»10, нормы якога будуць мець не толькі ўмоўны характар, а будуць закаранёныя ў натуральным законе, упісаным Творцам у сумленне кожнага чалавека (пар. Рым 2, 14–15). Ці ж не адчувае кожны з нас у глыбіні свайго сумлення паклікання да таго, каб зрабіць свой унёсак у справу агульнага дабра і грамадскай згоды? Глабалізацыя здымае некаторыя перашкоды, але гэта не азначае, што яна не можа стварыць новых; яна збліжае народы, але тэрытарыяльная блізкасць і блізкасць у часе сама па сабе не стварае ўмоваў для сапраўднага адзінства і трывалага міру. Глабалізацыя можа стаць эфектыўным інструментам для пераадолення сацыяльнай ізаляцыі бедных на планеце толькі ў тым выпадку, калі кожны чалавек будзе адчуваць як свой асабісты боль тую несправядлівасць, што існуе ў свеце, і звязаныя з ёю парушэнні правоў чалавека. Касцёл, які з’яўляецца «знакам і прыладаю асабістага саюзу з Богам і адзінства ўсяго чалавечага роду»11, будзе і надалей прыкладаць намаганні для пераадолення несправядлівасцяў і непаразуменняў, а таксама для пабудовы больш мірнага і больш салідарнага свету.

9. У галіне міжнароднага гандлю і фінансавых аперацый сёння адбываюцца працэсы, якія спрыяюць пазітыўнай інтэграцыі эканомік, што вядзе да паляпшэння агульнай сітуацыі, але маюць месца таксама і адваротныя працэсы, якія падзяляюць і маргіналізуюць народы, даючы небяспечныя падставы для войнаў і канфліктаў. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пасля Другой сусветнай вайны міжнародны рынак тавараў і паслуг развіваўся надзвычай хуткімі тэмпамі, паказваючы беспрэцэдэнтную дынаміку. Вялікая доля сусветнага гандлю прыпала на даўно індустрыялізаваныя краіны, да якіх далучылася нямала краінаў на шляху развіцця, набыўшы пры гэтым больш высокі статус. Аднак ёсць і іншыя краіны — з нізкімі даходамі, якія і сёння пакутуюць ад таго, што вымушаны заставацца ў баку ад гандлёвых аперацый. На іх развіццё адмоўна паўплывала хуткае падзенне ў апошнія дзесяцігоддзі коштаў на сыравіну, з якіх амаль цалкам складаецца іхні экспарт. У гэтых краінах, у асноўным афрыканскіх, залежнасць ад экспарту сыравіны і надалей з’яўляецца сур’ёзным фактарам рызыкі. У сувязі з гэтым я хацеў бы зноў заклікаць да таго, каб усе краіны мелі аднолькавыя магчымасці доступу да сусветнага рынку без выключэння і маргіналізацыі.

10. Падобныя заўвагі можна аднесці і да фінансавай сферы, якая звязана з адным з асноўных аспектаў феномену глабалізацыі дзякуючы развіццю электронікі і палітыцы лібералізацыі перамяшчэння грошай паміж рознымі краінамі. Аб’ектыўна найважнейшая функцыя фінансавай сістэмы, а менавіта доўгатэрміновая падтрымка інвестыцыйных магчымасцяў, ці, інакш кажучы, развіцця, сёння аказалася слабою, як ніколі: на яе адмоўна ўплывае сістэма фінансавых аперацый на нацыянальным і глабальным узроўнях, што грунтуюцца на кароткатэрміновым мысленні, якое сваёю мэтаю бачыць павелічэнне кошту фінансавых актываў і засяроджваецца на тэхнічных аспектах кіравання рознымі формамі рызыкі. Сённяшні крызіс паказвае таксама, што фінансавая дзейнасць часам кіруецца логікай, арыентаванай выключна на яе саму, не беручы пад увагу ў больш далёкай перспектыве супольнага дабра. Абмежаванасць мэтаў сусветных фінансавых аператараў вельмі кароткімі тэрмінамі змяншае магчымасць фінансаў адыгрываць ролю мосту паміж сучаснасцю і будучыняй каб падтрымліваць стварэнне новых магчымасцяў вытворчасці і працы ў доўгатэрміновай перспектыве. Фінансавая актыўнасць, абмежаваная кароткімі і вельмі кароткімі тэрмінамі, становіцца небяспечнаю для ўсіх, нават для тых, хто атрымлівае прыбытак у перыяды фінансавай эйфарыі12.

11. З усяго гэтага вынікае, што для барацьбы з беднасцю неабходна супрацоўніцтва як на гаспадарчым, так і на прававым узроўні, што дасць міжнароднай супольнасці, а перадусім бедным краінам, магчымасць знайсці і рэалізаваць узгодненыя рашэнні, каб супрацьстаяць гэтым праблемам, ствараючы эфектыўны прававы рэгламент эканомікі. Акрамя таго, для гэтай барацьбы патрэбныя стымулы стварэння працаздольных і эфектыўных інстытутаў, а таксама дапамога ў ліквідацыі злачыннасці і ў распаўсюджванні культуры законнасці. З другога боку, немагчыма адмаўляць таго, што палітыка выразна асістэнцыялісцкай накіраванасці з’яўляецца прычынаю шэрагу правалаў у дапамозе бедным краінам. Укладанне інвестыцый у падрыхтоўку персаналу і інтэгральнае развіццё своеасаблівай культуры ініцыятывы сёння бачыцца адпаведным сярэдне- і доўгатэрміновым праектам. Хоць для эканамічнай актыўнасці патрэбныя спрыяльныя ўмовы развіцця, гэта не значыць, што не трэба звяртаць увагі на праблемы даходу. Хоць і справядліва было падкрэслена, што павелічэнне даходу на душу насельніцтва не можа быць абсалютнаю мэтаю палітыка-эканамічнай дзейнасці, нельга, аднак, забывацца, што ён з’яўляецца эфектыўным інстументам у барацьбе з голадам і галечаю. Мяркуючы з гэтага пункту гледжання, трэба пазбавіцца ад ілюзіі, што палітыка чыстага пераразмеркавання існуючых багаццяў можа канчаткова вырашыць праблему, бо ў сучаснай эканоміцы каштоўнасць багаццяў у вырашальнай ступені залежыць ад іх магчымасці прыносіць даход цяпер і ў будучыні. Такім чынам, стварэнне каштоўнасцяў становіцца непазбежным патрабаваннем, якое неабходна браць пад увагу, калі мы жадаем эфектыўна і незваротна пераадолець матэрыяльную беднасць.

12. Нарэшце, для таго, каб надаць прыярытэт бедным, ад галоўных удзельнікаў міжнароднага рынку патрабуецца стварыць прастору, у якой змог бы развівацца належны эканамічны падыход, ад дзяржаўных установаў — належны палітычны падыход, а таксама належны падыход супрацоўніцтва, які надасць большае значэнне грамадзянскай супольнасці на мясцовым і міжнародным узроўнях. Самі міжнародныя структуры сёння прызнаюць каштоўнасць і карысць гаспадарчых ініцыятываў грамадзянскай супольнасці і мясцовых уладаў, скіраваных на абарону і інтэграцыю ў грамадства тых групаў насельніцтва, якія часта знаходзяцца па-за рысаю галечы і якім у той жа час цяжка аказаць афіцыйную дапамогу. Гісторыя гаспадарчага развіцця ХХ стагоддзя вучыць, што добрая палітыка развіцця залежыць ад адказнасці дюдзей і ад супольных намаганняў рынкаў, грамадзянскай супольнасці і дзяржаваў. Асабліва істотную ролю ў кожным працэсе развіцця адыгрывае грамадзянская супольнасць, таму што развіццё — гэта пераважна культурная з’ява, а культура ствараецца і развіваецца ў сферы дзеяння грамадзянаў13.

13. Як сказаў мой вялебны папярэднік Ян Павел ІІ, глабалізацыя «мае вельмі выразны двухзначны характар»14, а таму ёй трэба кіраваць з разважлівай мудрасцю15. Такая мудрасць патрабуе ўлічваць перадусім патрэбы бедных зямлі, пазбаўляючыся ад спакусы няроўнасці, што існуе паміж праблемамі беднасці і сродкамі, якія выкарыстоўваюць людзі для таго, каб ім супрацьстаяць. Гэтая няроўнасць праяўляецца на культурным і палітычным узроўнях, але перадусім — на ўзроўнях маральным і духоўным. Мы часта засяроджваемся на павярхоўных і на тэхнічных прычынах беднасці, не бачачы тых, якія скрытыя ў чалавечых сэрцах, дзе знаходзяцца карані сквапнасці і абмежаванасці. Праблемы развіцця, дапамогі і міжнароднага супрацоўніцтва часам спрабуюць вырашаць выключна як тэхнічныя праблемы, без належнага ўдзелу асобаў, абмяжоўваючыся пры гэтым стварэннем пэўных структураў, распрацоўкаю тарыфных пагадненняў або ананімнымі асігнаваннямі. Але для барацьбы з беднасцю, наадварот, патрэбныя мужчыны і жанчыны, напоўненыя духам моцнага братэрства, якія здольныя спадарожнічаць людзям, сем’ям і супольнасцям на шляхах сапраўднага чалавечага развіцця.

Заканчэнне

14. У сваёй энцыкліцы Centesimus annus Ян Павел ІІ нагадаў пра неабходнасць пазбавіцца ад «такога менталітэту, што ў бедных людзях і народах бачыць цяжар і надакучлівых прыставалаў, якія прэтэндуюць на тое, каб спажываць створанае іншымі. Бедныя, — пісаў Ян Павел ІІ, — дамагаюцца права ўдзельнічаць у спажыванні матэрыяльных дабротаў і жадаюць, каб іхняя здольнасць да працы была выкарыстана для пабудовы справядлівага і шчаслівага свету для ўсіх»16. У сённяшнім глабалізаваным свеце становіцца ўсё больш відавочным, што мір будуецца толькі тады, калі кожнаму гарантуецца магчымасць дастатковага развіцця, бо рана ці позна ўсім давядзецца расплачвацца за хібы несправядлівых сісітэмаў. Таму толькі глупства можа падштурхнуць да будаўніцтва залатога дома, навокал якога распасціраецца пустыня або спусташэнне. Сама па сабе глабалізацыя не ў стане пабудаваць мір, а ў многіх выпадках нават з’яўляецца прычынаю падзелаў і канфліктаў. Яна, хутчэй, паказвае неабходнасць імкнення да мэты, якою з’яўляецца глыбокая салідарнасць, скіраваная на дабро кожнага паасобку і ўсіх разам. У гэтым сэнсе глабалізацыя павінна разглядацца як добрая нагода для дасягнення чагосьці важнага ў барацьбе з беднасцю і для прызначэння на справу справядлівасці і міру рэсурсаў, пра якія дагэтуль немагчыма было і падумаць.

15. Становішча бедных заўсёды прыцягвала ўвагу сацыяльнага вучэння Касцёла. У эпоху энцыклікі Rerum novarum гэта былі перадусім рабочыя новага індустрыйнага грамадства. Сацыяльнае вучэнне Пія ХІ, Пія ХІІ, Яна ХХІІІ, Паўла VІ і Яна Паўла ІІ выкрывала новыя катэгорыі беднасці па меры таго, як гарызонт сацыяльных праблемаў пашыраўся ажно да таго, што дасягнуў сусветных маштабаў17. Гэтае пашырэнне сацыяльных праблемаў да глабальных памераў неабходна ўлічваць не толькі ў аспекце колькаснага павелічэння, але таксама ў якасным вымярэнні, што закранае жыццё чалавека і патрэбы ўсёй чалавечай сям’і. Таму Касцёл, уважліва назіраючы за сучаснаю з’яваю глабалізацыі і яе ўплывам на розныя катэгорыі чалавечай беднасці, паказвае новыя аспекты сацыяльных праблемаў не толькі адносна іх памеру, але таксама іх глыбіні, бо яны датычацца тоеснасці чалавека і яго сувязі з Богам. Гэта — прынцыпы сацыяльнага вучэння, мэта якіх — у выяўленні сувязі паміж беднасцю і глабалізацыяй і наданне дзейнасці такога кірунку, каб яна служыла справе будаўніцтва міру. Сярод гэтых прынцыпаў асабліва належыць згадаць «першарадную любоў да бедных»18 у святле першынства caritas — міласэрнай любові, сведчаннем якой з’яўляецца ўся хрысціянская традыцыя, пачынаючы з першых стагоддзяў існавання Касцёла (Дз 4, 32–36; 1 Кар 16, 1; 2 Кар 8–9; Га 2, 10).

«Няхай кожны выконвае сваю ролю і не марудзіць з гэтым», — напісаў у 1891 годзе Леў ХІІІ і дадаў: «А што датычыцца Касцёла, дык ён ніколі і ні ў якім выпадку не спыніць сваёй справы»19. Усведамленне гэтага таксама і сёння спадарожнічае дзейнасці Касцёла на карысць бедным, у якіх ён бачыць Хрыста20, няспынна чуючы ў сэрцы наказ, які Князь Міру скіраваў да сваіх апосталаў «Vos date illis manducare — вы дайце ім есці» (Лк 9, 13). Верная гэтаму закліку свайго Пана, хрысціянская супольнасць будзе няспынна дапамагаць чалавечай сям’і ў рэалізацыі ініцыятываў творчай салідарнасці не толькі для таго, каб дзяліцца лішкамі, але перадусім для таго, каб змяніць «стылі жыцця, схемы вытворчасці і спажывання, усталяваныя структуры ўлады, на якія сёння абапіраюцца грамадствы»21. Сёння, на пачатку новага года, я жадаю скіраваць кожнаму вучню Хрыста і ўсім людзям добрай волі палымяны заклік адкрыць свае сэрцы на патрэбы бедных і рабіць усё, што толькі магчыма, каб ім дапамагчы. Бо сапраўды немагчыма аспрэчыць сцвярджэнне, што «змаганне з беднасцю — гэта будаўніцтва міру».

Ватыкан, 8 снежня 2008 года.
 


1 Пасланне на Сусветны дзень міру 1993 года, 1.

2 Павел VI, энцыкліка Populorum progressio, 19.

3 Ян Павел II, энцыкліка Sollicitudo rei socialis, 28.

4 Ян Павел II, энцыкліка Centesimus annus, 38.

5 Павел VI, энцыкліка Populorum progressio, 37; Ян Павел II, Энцыкліка Sollicitudo rei socialis, 25.

6 Бэнэдыкт XVI, Ліст да кардынала Рэнато Рафаэле Марціно з нагоды міжнароднага семінара, арганізаванага Папскай Радай Iustitia et Pax на тэму «Раззбраенне і мір. Перспектывы поўнага раззбраення», 10 красавіка 2008: L’Osservatore Romano, 13.04.2008, с. 8.

7 Павел VI, энцыкліка Populorum progressio, 87.

8 Ян Павел II, энцыкліка Centesimus annus, 58.

9 Ян Павел II, Прамова падчас аўдыенцыі для Хрысціянскіх аб’яднанняў італьянскіх рабочых, 27 красавіка 2002 г., 4: Insegnamenti di Giovanni Paolo II, XXV, 1 [2002], 63.

10 Ян Павел II, Прамова на пленарным пасяджэнні Папскай акадэміі грамадскіх навук, 27 красавіка 2001 г., 4: Insegnamenti di Giovanni Paolo II, XXIV, 1 [2001], 802.

11 ІІ Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 1.

12 Пар. Папская Рада Iustitia et Pax, Кампендыум сацыяльнага вучэння Касцёла, 368.

13 Пар. тамсама, 356.

14 Пар. Прамова падчас аўдыенцыі для кіраўнікоў прафсаюзаў рабочых і вялікіх прадпрыемстваў, 2 мая 2000, 3: Insegnamenti di Giovanni Paolo II, XXIII, 1 [2000], 726.

15 Пар. Прамова на генеральнай асамблеі Папскай акадэміі навук, 11 лістапада 2002, 2: Insegnamenti di Giovanni Paolo II, XXV, 2 [2002], 699.

16 Ян Павел II, энцыкліка Centesimus annus, 28.

17 Пар. Павел VI, энцыкліка Populorum progressio, 3.

18 Пар. Ян Павел ІІ, энцыкліка Sollicitudo rei socialis, 42; пар. Ян Павел ІІ, энцыкліка Centesimus annus, 57.

19 Леў XIII, энцыкліка Rerum novarum, 45.

20 Пар. Ян Павел ІІ, энцыкліка Centesimus annus, 58.

21 Ян Павел ІІ, энцыкліка Centesimus annus, 58.
Адноўлена 14.07.2009 12:40
 
© 2003-2024 Catholic.by