Гамілія Кардынала Казіміра Свёнтка на свята Аб'яўлення Пана 2004 года | Друк |
«Бо ўбачылі мы Яго зорку на Усходзе
і прыбылі аддаць Яму паклон»
(гл. Мц 2, 2)

Сённяшняе свята Аб’яўлення Пана вядомае сярод вернікаў як свята Трох Каралёў. Уцелаўлёнае Слова, якое прыйшло на свет у цішыні Бэтлеемскай начы, аб’яўляе сваю боскасць. Той, Якому складаюць пашану тры Мудрацы з Усходу, з’яўляецца даўно чаканым Месіяй, Сынам Божым. Аднак Літургія свята Аб’яўлення не абмяжоўваецца да ўшанавання толькі аднаго здарэння з жыцця Хрыста Пана – Ягонага аб’яўлення паганам.

У антыфоне да Магніфікату з другіх нешпараў гэтага свята мы чытаем: «У гэты такі святы дзень тры цуды праслаўляем: сёння зорка прывяла мудрацоў да стаенкі; сёння падчас свята вада стала віном; сёння Хрыстус дзеля нашага збаўлення прыняў ад Яна хрост у Ярдане, алелюя».

Такім чынам, свята Аб’яўлення з’яўляецца святам патройнай радасці. Аднак Аб’яўленне Хрыстовае не з’яўляецца аднаразовым, прамінальным. Хрыстус зышоў на зямлю, каб застацца са сваім Касцёлам назаўсёды.

Сённяшняя ўрачыстасць не з’яўляецца толькі ўспамінам здарэння са старажытнага мінулага. Аб’яўленне Бога людзям з’яўляецца, безумоўна, гістарычным фактам, з іншага ж боку – гэта працэс, які пастаянна працягваецца. Ён здзяйсняецца столькі разоў, колькі разоў новы чалавек пакліканы да веры, колькі разоў гэтая вера нанава ажыўлена любоўю.

Свята Трох Каралёў – гэта першае ў касцёльным годзе свята, у якім знайшла сваё праяўленне хрысціянская паўсюднасць. Бог зышоў на зямлю не толькі для народа выбранага, але амаль адначасова Ён аб’явіўся паганам. Вакол Яго калыскі збіраюцца тыя, каму праз некалькі дзесяцігоддзяў прынясе веру ў Змёртвыхпаўсталага Езуса Хрыста Апостал народаў святы Павел.

Свята Трох Мудрацоў з Усходу не можа быць у нашых вачах толькі яскравым праяўленнем Каралеўскай пашаны, якую склалі ўбогаму Дзіцяці. Калі мы паразважаем, то зразумеем, што пашана гэтая ўтрымлівае ў сабе жывыя праўды для нас, якія дапамагаюць нам на нашым шляху да Бога. Тыя Каралі-мудрацы становяцца для нас незабыўным прыкладам веры, якая людзям добрай волі, нястомным вандроўнікам па гэтай зямлі, людзям, што шукаюць Хрыста, дазваляе Яго знайсці.

Некалі вера была досыць латвай. У свеце, які быў хрысціянскім, проста цяжка было не быць хрысціянінам. Хрысціянскае грамадства вяло нас проста да Бога. Але свет вельмі змяніўся. Цяпер нам патрэбна вельмі асабістая вера, шлях да яе даўжэйшы – такі доўгі, як шлях трох Мудрацоў з Усходу.

Якія і колькі было ў іх перашкодаў і цяжкасцяў, калі яны пілігрымавалі праз невядомыя краіны, сустракаючыся з рознымі людзьмі? Колькі патрэбна было ахвяраў і вырачэнняў? Трэба было прайсці праз двор Ірада-тырана, які прагнуў забіць народжанае ў Бэтлееме Дзіцятка.

І нарэшце тое надзвычайнае спатканне з абяцаным Месіяй у выглядзе немаўляці, пакладзенага ў стаенцы, у атачэнні быдла і пастушкоў.

Таму ўся сімпатыя скіравана ў бок Мудрацоў, паколькі яны паводзяць сябе годна і паступаюць слушна ў імкненні да мэты. Яны бескарыслівыя ў пошуках праўды, у знаходжанні Месіі. Яны, сустракаючыся з Уцелаўлёным Сынам Божым, складаюць Яму каралеўскія дары: золата, кадзіла і мірру.

Тры Мудрацы з’яўляюцца для нас цудоўным узорам для наследавання. Яны – узор ахвярнай, моцнай, дасканалай веры. Нараджаецца гэтая вера ў сэрцы, якое прагне Бога, наказвае ісці да канца, забараняе скарацца нават перад самымі вялікімі цяжкасцямі і перашкодамі. Гэта вера, з якою мілуючае сэрца аддаецца Найвышэйшай Любові – Богу, складаючы ў дар золата веры, кадзіла малітвы і мірру цярпення.

Такая вера з’яўляецца пуцяводнаю зоркай, якая ўказвае нам шлях, што вядзе праз зямную пілігрымку да вечнага шчасця, да вечнага шчасця з Богам.

Кардынал Казімір Свёнтэк,
Aрцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

Адноўлена 13.07.2009 13:35
 
© 2003-2024 Catholic.by