Гамілія кардынала Казіміра Свёнтка падчас рэзурэкцыйнай Імшы у Мінску 2006 г. | Друк |
Архікатэдральны касцёл
Імя Найсвяцейшай Панны Марыі,
Мінск, 16 красавіка 2006 г.
Рэзурэкцыя


«Дзень поўны радасці настаў. Аллелюя!»

Сын Божы сышоў на зямлю, прыняў чалавечае цела, абвяшчаў сваю Добрую Вестку — Евангелле, — заснаванае на любові да Бога і да іншых людзей, і пацвярджаў свае словы шматлікімі цудамі, будуючы Хрыстова Валадарства ў чалавечых душах.

Шмат хто паверыў у Яго як у абяцанага Месію, але былі і тыя, якія не прынялі Яго вучэння, а Яго самога схапілі, асудзілі, аддалі на смерць, укрыжавалі і пахавалі цела ў грабніцы, пасля чаго завалілі ўваход цяжкім валуном, запячаталі і паставілі варту.

Так жорстка расправіліся з рамеснікам з Назарэта, які называў сябе Сынам Чалавечым і Сынам Божым. Смерць, прычым ганебная, абарвала Яго жыццё і спыніла абвяшчэнне Божых праўдаў. Вучні рассеяліся, пераследнікі ўзялі верх. Карацей кажучы, звычайная, натуральная плынь лёсу чалавека, які так непрывабна скончыў сваё зямное жыццё.

Гісторыя чалавецтва бачыла і бачыць шмат вестуноў розных жыццёвых праграмаў, валадароў гэтага свету, нават геніяў, але таксама бачыла і бачыць іх адыход і тое, што з імі адбываецца пасля смерці. Часцей за ўсё, іх чакае знікненне і забыццё. Сёння пра іх ужо ніхто не згадвае, не будуе ў іх гонар помнікаў і не стварае твораў мастацтва. Хто звяртаецца да іх у малітве, ці хто здольны быў бы аддаць за іх жыццё?

А як было з Езусам? Што з Ім адбылося пасля смерці і пахавання? А адбылося штосьці цалкам незвычайнае, чаго ніколі яшчэ не здаралася ў гісторыі чалавецтва. Ён не падзяліў сумнага лёсу вялікіх і магутных дзеячаў гэтага свету. Яго імя і Яго справа не загінулі ў цемры забыцця. Ён і цяпер жывы, а Яго словы і сёння актуальныя, хоць прайшло ўжо дваццаць стагоддзяў!

Узнікае пытанне: чаму ў нашы дні ў свеце налічваецца больш за два мільярды Яго вызнаўцаў? Чаму ў Яго гонар былі ўзведзены тысячы святыняў, сярод якіх — шэдэўры архітэктуры і скульптуры, чаму напісаны выдатныя творы жывапісу, музыкі? Чаму да Яго ўзносяць малітвы святары, манахі, законніцы, дзеці, моладзь, старыя і маладыя, прычым з вераю і надзеяй на Яго моц, дабрыню, любоў, міласэрнасць? Чаму тысячы Яго вызнаўцаў аддалі і нават сёння аддаюць за Яго свае жыцці, прычым часта прымаючы мучаніцкую смерць? І яшчэ адно пытанне, заснаванае на мясцовых рэаліях: чаму праз семдзесят гадоў знішчэння ўсяго і ўсіх, хто прызнаваў Бога і Касцёл, сёння ў нашай краіне адбываецца адраджэнне веры ў Езуса Хрыста?

Шукаючы адказу на гэтыя пытанні, давайце звернемся да Евангелля паводле святога Лукі (Лк 24, 1–6).

На світанні трэцяга дня пасля смерці і пахавання Езуса жанчыны пайшлі да грабніцы, каб намасціць Яго цела духмянымі алеямі. Аднак яны знайшлі камень адваленым і не ўбачылі ў грабніцы цела Езуса. Грабніца была пустой. Перад разгубленымі жанчынамі з’явіліся два мужы ў бліскучым адзенні, якія сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых? Няма Яго тут, Ён уваскрос».

Гэта і ёсць той збаўчы адказ адносна феномену асобы Езуса Хрыста. Ён перамог смерць, устаў з мёртвых і зноў жыве. Езус адзіны ў гісторыі чалавецтва сам выйшаў з магілы і гэтым даў доказ таго, што Ён — не звычайны смяротны чалавек, як усе іншыя, у тым ліку нават вялікія і магутныя, а што Ён — Валадар жыцця і смерці, Сын Божы, Бог.

Менавіта дзякуючы свайму ўваскрасенню Езус пасля смерці не загінуў у цемры забыцця, а заўсёды, як жывы Сын Божы, прымае належную пашану і пакланенне. Бо калі б Езус Хрыстус не ўваскрос, сёння мне б не было каму казаць гэтыя словы, не было б дзе і адкуль прапаведаваць, а таксама і мяне як святара не было б, не было б і ўсяго хрысціянскага Касцёла.

Святы Павел у сваім пасланні да Карынцянаў піша: «А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14).

На нашае шчасце, Сімвал веры, які мы прамаўляем, не заканчваецца словамі «ўкрыжаваны, памёр і быў пахаваны», але працягваецца радасным сцвярджэннем: «на трэці дзень уваскрос з памерлых». Менавіта таму Вялікдзень — гэта для нас свята радасці і перамогі. Уваскрасенне Пана з’яўляецца падмуркам нашай веры ў Езуса Хрыста, Сына Божага. З асобаю Хрыста Пана Уваскрослага ў наш часовы свет прыйшло вечнае, бясконцае жыццё.

Світанне нядзелі Змёртвыхпаўстання — гэта ўсход несмяротнага, вечнага жыцця. З таго часу Хрыстус абвяшчае вечную перамогу жыцця над смерцю. Уваскрослы Хрыстус злучае зямлю — гэтую даліну плачу, цяжкай працы і пакутаў — з несмяротным светам. Праз уваскрасенне Хрыста мы жывем і будзем жыць вечна. Менавіта таму сёння з такою радасцю разносіцца спеў: «Дзень поўны радасці настаў. Аллелюя!».

Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!

Адноўлена 18.07.2009 16:19
 
© 2003-2024 Catholic.by