Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Гамілія ва ўспамін святога Хасэмарыі Эскрывы дэ Балагера
мінская архікатэдра
18 чэрвеня 2009 г.

Прынялі вы Духа ўсынаўлення

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэтыя словы святога Апостала Паўла, якія мы спявалі перад Евангеллем, вельмі добра адпавядаюць пастырскім намерам заснавальніка супольнасці «Opus Dei» («Божая справа») святога Хасэмарыі Эскрывы.

Іспанскі святар Хасэмарыя Эскрыва ў першай палове мінулага стагоддзя атрымаў ад Бога асаблівае і своечасовае пакліканне — быць пратаганістам  паўсюднасці святасці. Ён не пераставаў паўтараць, што ўсе хрысціяне праз ласку сакрамэнту хросту пакліканы да святасці. Калі адным з самых вялікіх, нават рэвалюцыйных, адкрыццяў II Ватыканскага Сабору было яго навучанне пра паўсюднасць паклікання да святасці, то, напэўна, у гэтым таксама вялікая заслуга святога Хасэмарыі Эскрывы. Ён вельмі добра разумеў, што вернікі, якія прынялі Духа ўсынаўлення, а значыць — сталі дзецьмі Божымі, павінны асвячаць сваё жыццё праз сумленнае выкананне сваіх прафесійных, сямейных, сацыяльных і іншых абавязкаў. Таму жыццё хрысціяніна не павінна нагадваць жыццё язычніка. Не дастаткова толькі час ад часу, а, можа, нават два разы ў год — на Божае Нараджэнне і Вялікдзень — прыходзіць у Касцёл. Не дастаткова быць толькі намінальным хрысціянінам, якога з Касцёлам злучае толькі метрыка хросту. Быць сапраўдным хрысціянінам — гэта значыць быць ім кожны дзень свайго жыцця, у любых жыццёвых сітуацыях і абставінах, калі нам добра і калі цяжка. Трэба ў штодзённых справах бачыць святасць і сваім жыццём іх асвячаць.

Паўсюднае пакліканне да святасці — гэта галоўны момант навучання Езуса Хрыста, які заклікаў: будзьце дасканалыя, як дасканалы ёсць ваш Айцец нябесны. Аднак з часам гэты заклік прызабыўся. Некалі нават існавала перакананне, што святарства ці манаства — гэта стан святасці, а свецкасць — стан грахоўнасці. Такое меркаванне вынікала з пераканання ў немагчымасці аб’яднання Бога са светам, духа — з матэрыяй. У гісторыі былі нават выпадкі, калі людзі перад смерцю хацелі прыняць манаства, каб стаць перад Богам-Суддзёю «сапраўднымі хрысціянамі», як меркавалася тады.

Многія бачылі сапраўднае хрысціянства ў адмаўленні ад свету, што, у сваю чаргу, не дазваляла ім бачыць святасць і звышнатуральнасць у зямным жыцці. Яны не маглі сабе ўявіць, што людзі пакліканы шукаць Бога таксама ў зямных справах і праз іх. Таму святы Хасэмарыя Эскрыва гаварыў, што свет сам па сабе добры, бо такім яго стварыў Бог. Гэта мы, людзі, псуем яго сваімі грахамі. Чалавек, які ўхіляецца ад сумленнасці ў выкананні штодзённых абавязкаў, парушае Божую волю.

Мы ўсе павінны быць святымі, бо святасць у свеце — гэта ўмова ўстанаўлення Валадарства Божага на зямлі. Святы Хасэмарыя Эскрыва гаварыў, што нашае духоўнае жыццё неабходна зрабіць рэчаісным. Нельга жыць двайным жыццём: з аднаго боку — жыццё духоўнае, поўнае сувязі з Богам, а з іншага — аддзеленае ад духоўнага жыццё прафесійнае, сацыяльнае, сямейнае і г. д. Мы павінны навучыцца знаходзіць Бога ў штодзённым жыцці, бо інакш мы Яго зусім не знойдзем. Трэба ў малых і простых жыццёвых справах знаходзіць закладзены ў іх Божы пачатак. Нябачнага Бога мы павінны адкрыць у бачных, матэрыяльных рэчах.

Святы Хасэмарыя Эскрыва часта нагадваў, што праца — гэта не пакаранне за грэх, а пакліканне, бо чалавек працаваў і да таго як саграшыў. Яна з’яўляецца сродкам самаўдасканалення і асвячэння. Таму прафесійнае пакліканне — гэта частка нашага хрысціянскага быцця. Хрысціянін павінен адушаўляць усе, нават самыя малыя і непрыкметныя, аспекты свайго жыцця. Ён павінен з прозы жыцця рабіць паэзію. Нам здаецца, што неба і зямля змыкаюцца на гарызонце, аднак у сапраўднасці яны змыкаюцца ў нашым сэрцы, дзе мы асвячаем сваё штодзённае жыццё. Такім чынам нашае жыццё становіцца абагаўлёным.

Гэтая ідэя святога Хасэмарыі Эскрывы вельмі актуальная і ў наш час, калі чалавек імкнецца толькі да заспакаення сваіх матэрыяльных патрэбаў, шукае ў іх, як і ў рознага роду не заўсёды маральных задавальненнях, сваё шчасце. У час маральнага рэлятывізму і матэрыялістычнага атэізму трэба памятаць пра абагаўленне нашага жыцця, бо «не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (пар. Мц 4, 4).

Няхай у гэтым складаным працэсе асвячэння свайго жыцця ва ўмовах нарастаючага секулярызму прыклад і навучанне святога Хасэмарыі Эскрывы будзе нам дапамогай у імкненні да святасці. Амэн.
Адноўлена 22.07.2009 15:36
 
© 2003-2024 Catholic.by