Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на прыняцце ў Мальтыйскі Ордэн | Друк |
25 кастрычніка 2009 г., архікатэдра

Ваша Эксцэленцыя біскуп Антоні Дзям’янка, шаноўны член Рады Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна Эммануэль Руссо, глыбокапаважаны пасол Мальтыйскага Ордэна ў Беларусі Паўль Фрыдрых фон Фурхер, паважаныя прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычных місій, браты і сёстры!

Найперш дазвольце мне ад усяго сэрца падзякаваць Суверэннаму Рыцарскаму Мальтыйскаму Ордэну і асабіста яго Уладнаму Князю і Вялікаму Магістру Фра Мэцью Фэсцінгу за аказаную мне павагу — узнагароджанне ордэнам Вялікага Крыжа і прыняцце ў Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн у якасці Манаха Капелана.

Гэтую аказаную мне вялікую пашану я адношу да Касцёла ў Беларусі, які перажыў цяжкія выпрабаванні і цяпер з волі Божай паступова адраджаецца. Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн прымае актыўны ўдзел у гэтым працэсе, аб чым найперш сведчаць ажыццяўляемыя ім гуманітарныя праекты. Вялікі чарговы крок у развіцці адносін паміж Беларуссю і Ордэнам быў здзейснены падчас візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Рым вясной гг. Падчас візіту Прэзідэнт сустрэўся з Вялікім Магістрам Ордэна Фра Мэцью Фэсцінгам. У выніку афіцыйных перамоваў былі падпісаны пагадненні паміж абодвума бакамі аб далейшым развіцці адносінаў.

Быць першым членам Мальтыйскага Ордэна ў сучаснай Беларусі — гэта вялікі гонар, але адначасова і адказнасць. Сёння, становячыся членам вялікай гістарычнай сям’і Мальтыйскага Ордэна, я склаў адпаведную прысягу і прыняў на сябе абавязак жыць паводле яго дэвізу — бараніць і распаўсюджваць веру, а таксама служыць бедным.

Сучасны чалавек перажывае нейкі парадокс — з аднаго боку, дараваная Богам свабода веравызнання, а з іншага — чалавек часта жыве так, як быццам Бога няма, і ў сваім жыцці кіруецца не маральнымі прынцыпамі, а духам секулярнага свету. Таму сапраўды і сёння трэба бараніць веру і распаўсюджваць яе, трэба гэта чыніць разам з іншымі супольнасцямі вернікаў, асабліва з Праваслаўнай Царквой, з якой у нас вельмі блізкія падыходы да праблемаў сучаснага апанаванага маральным рэлятывізмам свету.

Актуальнасць і патрэбу дапамогі бедным падкрэсліў папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы «Deus caritas est» («Бог ёсць любоў»), дзе Святы Айцец навучае, што справы дабрачыннасці належаць да прыроды Касцёла і праз харытатыўную працу таксама вядзецца евангелізацыя.

Хачу заверыць Ордэн і ўсіх тут прысутных, што не буду шкадаваць сіл, каб і далей верна служыць Касцёлу ў якасці члена Мальтыйскага Ордэна, бараніць хрысціянскую веру, у духу новай евангелізацыі  і праз дабрачыннасць несці яе няверуючым, індыферэнтным асобам і тым, хто ў патрэбе, развіваць адносіны з іншымі веравызнаннямі, каб сумесна адказваць на выклікі нашага часу, быць сведкам Евангелля, будаваць цывілізацыю любові, умацоўваць адносіны паміж людзьмі розных нацыянальнасцей і культур, будаваць мір і г.д.

Няхай у гэтым дапаможа мне Бог і святыя заступнікі Суверэннага Рыцарскага Мальтыйскага Ордэна. Няхай Бог благаславіць Беларусь, Мальтыйскі Ордэн і іх супрацоўніцтва.

Дзякую за ўвагу!


 
© 2003-2024 Catholic.by