Гамілія спецыяльнага папскага пасланца кардынала Юзафа Томко на 300-ю гадавіну кансэкрацыі сённяшняй мінскай архікатэдры | Друк |

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)
 

9 кастрычніка 2010 г.

1. Захапляючая 300-гадовая гісторыя.

Сёння мы сустракаемся ў гэтым месцы з гісторыяй, якая можа здавацца раманам. Трыста гадоў таму, у 1710 годзе, гэты касцёл быў асвячоны і, са стварэннем у 1798 годзе Мінскай дыяцэзіі, стаў катэдральным. За гэтыя тры стагоддзі святыня набыла багатую на падзеі гісторыю. Нягледзячы на тое, што дыяцэзія неаднаразова скасоўвалася і зноў адраджалася, касцёл працягваў існаваць і пасля Другой Сусветнай вайны — як сімвал надзеі, што ўзвышаўся сваімі дзвюма вежамі, хоць інтэр’ер быў цалкам разбураны. Нарэшце, у 1993 годзе катэдра была канчаткова вернута архідыяцэзіі. У 1997 годзе кардынал Эдмунд Шока разам з арцыбіскупам Мітрапалітам кардыналам Казімірам Свёнткам і арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам перад святой выявай Беззаганнай Маці Божай здзейсніў рэкансэкрацыю святыні з новым алтаром і арганам.

Гэтая катэдра, як мы бачым, мае вельмі хвалюючую гісторыю, балючую і слаўную. І сёння яна, напэўна, у поўнай меры адыгрывае сваю ролю як «сэрца»  Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у першую чаргу для вернікаў архідыяцэзіі, а таксама для іншых дыяцэзій, як гэта паказаў Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій.

Знаходзячыся ў сталіцы Беларусі, святыня наведвалася выдатнымі пастырамі з-за мяжы: кардыналамі Руіні і МакКарыкам, Лопесам Трухільё, Бэртонэ і  іншымі. У 2007 годзе катэдра прымала генеральных сакратароў Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. Папа Рымскі Ян Павел II у знак пашаны накіроўваў сюды сваіх спецыяльных пасланцоў.

І цяпер наш Святы Айцец Бэнэдыкт XVI накіраваў мяне ў якасці свайго спецыяльнага пасланца на гэтае знамянальнае свята, каб паказаць сваю бацькоўскую любоў і перадаць апостальскае благаслаўленне, якое я вам  удзялю на заканчэнне святой літургіі.

Гэты касцёл называецца катэдральным, бо тут знаходзіцца катэдра Арцыбіскупа дадзенай архідыяцэзіяльнай супольнасці, а значыць, пасад таго, хто з’яўляецца айцом, настаўнікам і правадыром. Як указвае Другі Ватыканскі Сабор, «біскупа трэба лічыць першасвятаром ягонай паствы, бо ад яго ў пэўнай ступені паходзіць і залежыць хрысціянскае жыццё яго вернікаў. Таму ўсе павінны высока цаніць літургічнае жыццё дыяцэзіі, сканцэнтраванае вакол біскупа, асабліва ў катэдральным касцёле; павінны быць перакананыя, што Касцёл выяўляецца перадусім праз поўны і актыўны ўдзел усяго святога народу Божага ў адных і тых жа літургічных цэлебрацыях, асабліва ў адной і той жа Эўхарыстыі, у адной малітве, пры адным алтары пад кіраўніцтвам біскупа ў акружэнні прэзбітэраў і слуг алтара» (Sacrosanctum соnsilium-41).

Сённяшняя цэлебрацыя не з’яўляецца данінай гістарычнай памяці толькі архітэктурнаму помніку, хоць і знамянальнаму. Мы ўзгадваем мінулае, каб падзякаваць Пану, які дае нам свабоду здзяйснення рэлігійных абрадаў разам з пастырам гэтай супольнасці і іншымі святарамі. Таму з вялікай радасцю дзякуем Богу ў гэтым «доме Божым» і «жыллі Усемагутнага». Бо гэта сапраўды «дом Божы»!


2. Гэтая святыня — «дом Бога».

У старажытныя часы кароль Саламон, узіраючыся ў святыню Ерузалемскую, запытаўся: «Ці ж сапраўды Бог будзе жыць на зямлі? Бо калі нябёсы і неба нябёсаў не могуць змясціць Цябе, тым больш гэты дом, які я пабудаваў Табе» (1 Вал 8, 27). Аднак жа бясспрэчнаю праўдай з’яўляецца тое, што касцёл — гэта «жыллё Бога, якое жыве» асаблівым чынам.

Вось мы сабраліся, каб аддаць пашану і пакланенне Богу, асабіста і ўсёй супольнасцю вернікаў, на хвалу, падзяку і ахвяраванне. Тут Сын Божы прысутнічае асаблівым чынам — у святой Эўхарыстыі, тут Езус Хрыстус кожны раз паўтарае сваю ахвяру на крыжы за ўсіх нас, тут Ён сакрамэнтальна прысутны як «Бог з намі», як «Эмануэль».

Для Бога, які ёсць на небе і на зямлі, у кожным куточку свету, створаны і кансэкраваны дом, якім з’яўляецца касцёл. Гэта месца, дзе кожны з нас асабіста або ў супольнасці можа сустрэцца з Ім, як дзеці сустракаюцца з Айцом, як стварэнні — са сваім Стварыцелем, у радасці і ў журбе, у момант кожнай важнай падзеі нашага жыцця. Тут мы, як сям’я вернікаў, можам сустрэцца з Ім у кожную нядзелю і свята, з Ім — жывым і Уваскрослым — у Эўхарыстычным ахвярапрынашэнні. 

У сваім доме Бог чакае нас у самыя важныя моманты нашага жыцця, падчас хросту — нашага і нашых блізкіх, у святой Камуніі, у сакрамэнце канфірмацыі, сужэнства, падчас пахавання. Аднак таксама і ў споведзі, у адданай малітве, у кароткіх і працяглых сустрэчах з Богам. Гэта — дом Божы, і ў той жа час месца, якое належыць вернікам. Тут зямля спалучаецца з небам, тут чалавеку лягчэй знайсці Бога, асабліва ў часы цяжкасцяў ці прыгнёту. За мінулыя 300 гадоў колькі разоў вашы таты і мамы нанава знаходзілі духоўную  моц і суцяшэнне Божае. Менавіта таму яны здольвалі аднаўляць і рэканструяваць гэты Божы дом, каб у ім аддаваць пашану і праслаўляць Яго.

Разам з царом Саламонам узнясём малітву да Бога: «Няхай уначы і ўдзень вочы Твае глядзяць на гэтую святыню... Пачуй просьбу слугі Твайго і народу Твайго, Ізраэля, калі яны будуць маліцца на гэтым месцы» (1 Вал 8, 28f).


3. Каб будаваць «святыні сэрцаў».

Нават самыя прыгожыя касцёлы ў свеце павінны служыць найвышэйшай мэце.  Святыні з цэглы, бетону, мармуру і дрэва прызначаны для духоўных мэтаў. Гэтыя бачныя храмы павінны спрыяць «будаўніцтву Божых святыняў вашых сэрцаў». Святы Павел нагадвае нам у другім чытанні: «Вы — Божая ніва, будоўля Божая» (пар. 1 Кар 3, 9). Кожны з вас праз хрост атрымаў таямнічае жыццё і стаў жывой святыняй, у якой прабывае Айцец, Сын і Дух Святы. Здаецца, сапраўды неверагодна, але сам Езус Хрыстус запэўніў нас у той праўдзе, што мы — святыні Божыя, святыні Духа Святога, а нашыя сэрцы, як шаты Бога жывога.

На жаль, моцны грэх можа абражаць і забіваць боскае жыццё ўнутры нас. Мы можам забрудзіць і нават знішчыць духоўную святыню ўнутры нас, выдаліўшы з сэрцаў Бога. Павел кажа нам яскрава: «Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас? Калі хто зруйнуе святыню Божую, таго зруйнуе Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы» (1 Кар 3, 16–17).

Браты і сёстры, праслаўляйце Бога ў старажытных і найпрыгажэйшых касцёлах. Таксама ўшаноўвайце Бога — жывога і сапраўднага — у сэрцах вашых і ў свяцілішчах вашай свядомасці. Будуйце духоўныя святыні і паважайце вашае цела і целы іншых як святыні Бога, Духа Святога.

Усе разам вы, як жывыя камяні духоўнага дому, з’яўляецеся часткай сусветнага Касцёла як адзінага арганізма і праз гэта становіцеся сям’ёю Божай. Святы Павел нагадвае нам пра гэту цудоўную рэальнасць у сваім Пасланні да Эфесцаў, што распаўсюджваецца таксама на дыяцэзіяльныя касцёлы: «Браты: Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога» (Эф 2, 19–22).

Гэта яскравае запрашэнне жыць і будаваць дух адзінства паміж вамі, вакол вашых пастыраў і вашага арцыбіскупа Мітрапаліта, які мае тут свой пасад.

Наступнік Пятра папа Бэнэдыкт XVI, які з’яўляецца асновай, «каменем» і гарантам адзінства, заклікае вас рупліва ўзрастаць у гэтай камуніі. І благаслаўлёная Маці Божая, якой прысвечаны гэты гістарычны і славуты катэдральны касцёл, будзе суправаджаць вас у гэтым узрастанні праз Божую ласку дзеля ўзвядзення духоўнага будынку, якім з’яўляецца Касцёл.

У імя Найсвяцейшай Тройцы: Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Кардынал Юзаф Томко

 
© 2003-2024 Catholic.by