Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас Імшы ў межах сімпозіума «Парафія — асяродак жыцця кожнага верніка» | Друк |

19 кастрычніка 2011 г., Чырвоны касцёл, г. Мінск

Дапамога наша ў імені Пана (пар. Пс 124 (123), 8а)

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага Псальма вельмі добра перадае змест сённяшніх чытанняў. У першым чытанні, у Пасланні апостала Паўла да Рымлянаў, Апостал народаў заклікае да таго, каб грэх не панаваў над намі. Учыніць гэта магчыма толькі давяраючы сябе Богу і з дапамогай Ягонай ласкі, бо самі мы не зможам нічога. Нас, святароў, Хрыстус паклікаў быць тымі, дзякуючы якім Божая ласка прыходзіць да чалавека.

2. У сённяшнім Евангеллі Хрыстус нагадвае пра эканомаў, якім гаспадар даверыў клапаціцца пра сваіх слуг. Хрыстус дае прыклад вернага і нявернага эканома. Верны атрымае зарплату, калі гаспадар вернецца, а злы будзе пакараны.

Сёння вельмі модным з’яўляецца слова «мэнэджэр» — гэта той, хто арганізуе працу і ёю кіруе. Каб яго праца была паспяховай, ён павінен мець ясную ідэю, як яе арганізаваць.

Хрыстус вырашае гэтае пытанне вельмі проста: мэнэджэр павінен быць верным гаспадару і мудрым. Будучы верным, ён не павінен шукаць спосабаў змяніць волю гаспадара, але павінен яму верна служыць. Воля мэнэджэра павінна супадаць з воляй гаспадара. Мэнэджэр павінен быць здольным адаптаваць да розных сітуацый пажаданне гаспадара.

3. Атрымаўшы запрашэнне гаспадара быць яго мэнэджэрам, было б неразумна не думаць, што ён не спадзяецца на вернае выкананне абавязкаў. Таму неадказны мэнэджэр нягодна выкарыстоўвае свой аўтарытэт. Спазненне гаспадара дае яму фальшывае пачуццё бяспечнасці. Без гаспадара яго ганарлівасць выходзіць з-пад кантролю. Аднак гаспадар вяртаецца, і слуга на сабе адчувае вынікі свайго несумленнага стаўлення: гаспадар яго карае. Хрыстус заклікае нас глыбей усведамляць Яго пастаянную прысутнасць. Ён і Яго ласка заўсёды прысутныя ў тых, хто жадае жыць паводле Богам дадзенага задання.

4. У духоўным сэнсе гаспадаром з’яўляецца Хрыстус, а святар — мэнэджэрам, бо ён распарадчык Божай ласкі. Каб быць добрым, ён павінен заўсёды пытацца: «Што на маім месцы зрабіў бы Хрыстус?» Часам нам здаецца, што заданне, якое Бог паставіў перад намі, перавышае нашы сілы. Тады трэба ўгадаць тую праўду, што Хрыстус памёр крыжовай смерцю дзеля нашага збаўлення. Гэта нагадвае пра тое, якой вялікай абразай Бога з’яўляецца грэх, калі для таго, каб яго перамагчы, патрэбна смерць Сына Божага, і адначасова якой важнай перад Богам з’яўляецца душа чалавека. Разважаючы аб гэтым, нам трэба адкласці ўбок расчараванні і заставацца вернымі ў служэнні тым, да каго мы пасланыя. Заставацца вернымі заўсёды, бо нам дадзена шмат і будзе запатрабавана шмат.

5. Пане Езу, Ты паклікаў нас да святарства і манаскага жыцця і гэтым самым ўсклаў на нашы сціплыя плечы вялікую адказнасць. Перапрашаем Цябе за тое, што часамі абражалі Цябе нявернасцю ў выконванні сваіх абавязкаў. Прымі нашае пакаянне і дапамажы па прыкладу Тваёй любові да чалавека, любові аж да крыжовай смерці, выконваць нашыя абавязкі на славу Бога і для збаўлення людзей. Калі нам здаецца, што ўжо далей не можам, то спытаемся сябе: што ў такім выпадку зрабіў бы Хрыстус? Амэн.

Адноўлена 19.10.2011 17:52
 
© 2003-2024 Catholic.by