Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа з працэсіяй Божага Цела | Друк |
27 мая 2012 г., Мінск

Праз Эўхарыстыю ў Святым Духу аднаўляць аблічча зямлі

Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі
(пар. Пс 104 (103), 30)


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма вельмі добра выражае атмасферу сённяшняй урачыстасці ў дзень Спаслання Святога Духа. Чытанні святой Імшы ўводзяць нас у гэтую праўду нашай веры, праўду, якая змяніла свет.

Езус Хрыстус паабяцаў апосталам паслаць Святога Духа з мэтай навучыць іх усёй праўдзе. І вось на пяцідзясяты дзень пасля свайго Уваскрасення Святы Дух у вобразе вогненных языкоў сыходзіць на апосталаў. Апосталы не перапужаліся, але адкрылі свае сэрцы на Яго дзеянне, каб смела несці Евангелле Хрыста ў свет і гэтым самым весці людзей шляхам збаўлення.

Аб гэтым вельмі добра нагадваюць Дзеі Апосталаў, калі апосталы на вуліцах Ерузалема прамаўлялі да сабраных там рознамоўных людзей, і ўсе іх разумелі. Гэта не быў Вавілон, калі людзі не разумелі адзін аднаго, але гэта быў з’яднаны ў Духу Святым народ Божы, які складаецца з розных нацыянальнасцяў, колераў скуры і моў; народ, які праслаўляе аднаго Бога.

2. Нехта сучасны сказаў, што калі б Спасланне Святога Духа на апосталаў  адбылося б у нашы часы, то вельмі хутка прыехалі б пажарнікі і пачалі б гасіць вогненныя языкі.

Гэта толькі жарт, але ў ім шмат праўды. Святы Дух і сёння праз паслугу Касцёла сыходзіць у сакрамэнтах, каб нас умацаваць духоўна. Аднак сучасны чалавек больш давярае сабе, чым Богу, і ў выніку мы маем тое, што маем. Сучасная цывілізацыя адракаецца ад маральных каштоўнасцяў, што вядзе да духоўнай цемры і такіх праблем, аб якіх людзі раней не ведалі і не здагадваліся. Мы вельмі хутка забываемся пра часы ганенняў на Касцёл і веру і гэтым самым наступаем на тыя ж граблі.

3. Каб паспяхова вырашаць праблемы, з якімі спатыкаецца сучасны свет і наша грамадства, найперш неабходна вярнуцца да сваіх каранёў. Мы створаны па вобразу і падабенству Божаму (пар. Быц 1, 26).  Сучасны чалавек, аднак, хоча мець такога Бога, які яму адпавядае і выконвае кожнае яго пажаданне. Гэтым самым ён хоча, каб Бог быў падобны да  яго, а не наадварот. Гэта азначае, што сучасны чалавек у сваім маральным жыцці ўсё ставіць з ног на галаву.

У той жа час захаваць Божы вобраз азначае жыць паводле Ягонага закону, які дадзены нам, каб мы маглі жыць шчасліва. Штодзённы вопыт паказвае, што гэта зусім не лёгка. Неабходна мець дастаткова духоўных сіл. Аднак мы добра ведаем, што мы не адны і з намі Бог. А калі Бог з намі, то хто супраць нас! Бог прыходзіць да нас з дапамогаю праз дзеянне Святога Духа, які адорвае нас сваімі дарамі і дапамагае ў жыцці.

4. Дух Святы таксама прысутны пры цэлебрацыі сакрамэнтаў. Дзякуючы Яму святар выконвае свае абавязкі абвяшчэння Евангелля, асвячэння людзей і кіравання імі.

Асаблівым чынам гэта бачна ў святой Эўхарыстыі. Паміж пасхальнай ахвярай Хрыста і Спасланнем Святога Духа існуе глыбокая сувязь. Фарміруючы Касцёл у дзень Пяцідзясятніцы, Святы Дух далей будуе яго праз Эўхарыстыю, у якой аднаўляецца ахвяра Цела і Крыві Хрыста. У гэтай ахвяры прысутнічае і дзейнічае Святы Дух, — як навучае благаслаўлёны Ян Павел II (пар. Энцыкліка «Dominum et vivificantem», 40). У Эўхарыстыі Хрыстус дае нам сваё Цела і Кроў як духоўную ежу, падобна таму як Ён гэта ўчыніў падчас Апошняй Вячэры. Толькі ў моцы Святога Духа, які дае жыццё, Эўхарыстыя можа збаўчым чынам яднаць нас з Хрыстом. А кіруемы Святым Духам Касцёл выражае і пацвярджае сябе праз Эўхарыстыю (пар. Энцыкліка «Dominum et vivificantem», 62).

5. Сённяшняе святкаванне ўрачыстасці Спаслання Святога Духа злучана з эўхарыстычнай працэсіяй Божага Цела. Езус ідзе па вуліцах нашых гарадоў і вёсак, каб нас благаславіць. Гэта публічнае вызнанне нашай веры ў Эўхарыстыю і далейшае будаванне Касцёла праз дзеянне прысутнага ў Эўхарыстыі Святога Духа. Гэта таксама выказванне надзеі, што ў Езусе мы зможам будаваць новае жыццё і шукаць шчасця.

На жаль, сучасны чалавек вельмі часта шукае шчасця не там, дзе павінен. Гісторыя захавала ўспамін з часоў адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам. Тады распаўсюджвалася вестка аб тым, што ў новаадкрытай зямлі існуе крыніца маладосці. Каб амаладзіцца, неабходна толькі выкупацца ў яе водах. На караблях у Амерыку паплылі людзі. Адны шукалі прыгодаў, іншыя скарбаў, яшчэ іншыя маладосці. Хутка, аднак, тых, хто шукаў маладосці, спаткала расчараванне, бо крыніцы маладосці там не было.

6. Сапраўдная крыніца шчасця і маладосці — гэта Святы Дух, які сваёю моцаю амаложвае чалавека, асабліва ў сакрамэнце Эўхарыстыі, як хлебе жыцця вечнага. Таму сёння нам неабходна глядзець у глыбіню свайго сэрца. А гэта нялёгка. Неабходна знайсці спосаб, як заспакоіць жаданне душы. Гэтага не могуць учыніць ні багацце, ні слава, ні шуканне задавальненняў у амаральным жыцці. Гэта можа ўчыніць толькі Хрыстус.
 
Вядомая галівудская кіназорка Грэта Гарбо, якая памерла ў 1990 г., будучы ў зеніце сваёй славы, адмовілася ад кар’еры актрысы. У сваім інтэрв’ю яна сказала: «У маім жыцці панавала вялікае замяшанне і хаос, а сёння ўжо позна, каб яго ўпарадкаваць. Увесь час я чакала чагосьці, але чаго, сама не ведаю. Таксама добра я магла б жыць на бязлюднай выспе, але і там не адчувала б духоўнага супакою. Я папросту змарнавала сваё жыццё».

7. Прыгажосць, слава і багацце — гэтага мала для паспяховага жыцця. Езус добра ведаў аб гэтым і таму перад сваёй смерцю падчас Апошняй Вячэры запэўніў апосталаў, што не пакіне нас адных. Ён не мог для ўсіх застацца на адным месцы на зямлі, таму застаўся ў Эўхарыстыі ва ўсіх касцёлах.

На гэтую бязмерную любоў Хрыста нам неабходна адказаць падобнай любоўю. Гэта азначае жыць Эўхарыстыяй, якая, паводле словаў папы Бэнэдыкта XVI, перамяняе нас, каб мы ў Святым Духу маглі змяняць свет на лепшае. Амэн.
    

Адноўлена 27.05.2012 16:56
 
© 2003-2024 Catholic.by