Гамілія біскупа Дзям’янкі падчас пахавальнай Імшы за святой памяці кс. Тадэвуша Стэчкоўскага | Друк |


22 чэрвеня 2012 г., Іванава

Браты і сёстры, мы прыйшлі, каб развітацца з памерлым ксяндзом Тадэвушам. Для парафіянаў ён быў пробашчам, для святароў — калегай, для прадстаўнікоў законнай супольнасці арыяністаў, прысутных на Імшы, — братам. Гаворым аб ім у мінулым часе — быў. Бо яго зямное жыццё закончылася. І калі б нам давялося спаткацца з ім на зямным шляху, гэта выклікала б у нас страх і непакой. Такі закон смерці — памерлыя не вяртаюцца да жыцця з жывымі. Яны адышлі ў іншае вымярэнне быцця. Молімся словамі Бібліі: жыццё вернікаў Тваіх, о Пане, змяняецца, але не заканчваецца. Nоn omnis moriar — я не памру да канца. Такое перакананне меў старажытны мысліцель, які жыў яшчэ да нараджэння Езуса Хрыста. Да сястры пры магіле брата Лазара Езус кажа: «Уваскрэсне брат твой». І адразу пытаецца ў яе: «Ці верыш у гэта?».

Сёння пры труне святара такое ж пытанне скіроўвае да нас Касцёл: ці верым мы ва ўваскрашэнне? Святар, які працаваў у вашай парафіі над адраджэннем веры пасля ночы атэізму, сваім ахвярным служэннем пацвердзіў сваю веру ў жыццё пасля смерці. Ён быў слугою Езуса Хрыста ў вашых парафіяльных супольнасцях. Ён шмат гадоў абвяшчаў Хрыстовую смерць, уваскрасенне і тое, што Хрыстус працягвае жыць. Чыніў гэта як святар, абвяшчаючы Божае слова пры розных нагодах: падчас набажэнстваў і прыватных сустрэч, катэхізуючы і цэлебруючы сакрамэнты.

Сваім ахвярным жыццём як верны сын св. Луіджы Арыёнэ (заснавальнік закону Малой Справы Божага Провіду — супольнасці айцоў арыяністаў) дапамагаў людзям спаткацца з Хрыстом у Касцёле таксама праз дабрачынную і культурную дзейнасць. Толькі так мы можам растлумачыць яго вялікую энергію, накіраваную на тое, каб як мага больш людзей паверыла ў Хрыста.

Служэнне святой памяці кс. Тадэвуша праходзіла ў многіх месцах. Але апошнія гады ён працаваў тут, у месцы мучаніцтва св. Андрэя Баболі, —апостала Палесся і гарачага прыхільніка еднасці Касцёла, як гэтага хацеў Езус Хрыстус, калі прамаўляў малітву на Апошняй Вячэры. Тады Езус выказаў пажаданне: каб усе былі адно, каб свет паверыў, што Стварыцель паслаў Мяне.

Мы ўдзячныя спачыламу святару за аднаўленне касцёла і месца мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі. Ён сам наследаваў гэтага святога. Аб гэтым сведчыць адзін выпадак, пра які распавёў адзін вернік. Аднойчы ён выпадкова зайшоў у касцёл і ўбачыў там святара на малітве. А святар, падобна св. Андрэю Баболі, чакаў вернікаў. Святой памяці кс. Тадэвуш у свім душпастырстве выкарыстоўваў таленты і дары, якія атрымаў ад Бога, каб кожны мог пазнаць Хрыста і жыць паводле запаведзей Божых, як аб гэтым кажа дэвіз супольнасці — «Instaurare Omnia in Christo» («Аднавіць усё ў Хрысце»).

Мы прыйшлі развітацца з памерлым, які ўжо сустракаецца з Хрыстом, якому служыў усё жыццё. Мы, сабраныя тут на св. Імшы, узносім нашыя малітвы да Бога аб вечным супакоі для памерлага, бо сабе ён ужо нічым дапамагчы не можа. Час зямных заслугаў для яго ўжо скончыўся. Настаў час Божай справядлівасці. Таму мы ўзносім гарачыя малітвы да Бога аб вечным супакоі для памерлага. Няхай Добры Бог не памятае правіны, якія як чалавек мог дапусціць св. памяці ксёндз Тадэвуш. З верай углядаемся ў крыж Збаўцы, на які ўказваў спачылы. Няхай гэты крыж, які ён з годнасцю нёс праз усё жыццё як святар, рупліва выконваючы абавязкі там, куды яго накіроўвала Божая Прадбачлівасць праз кіраўніцтвам законнай супольнасці, будзе для яго надзеяй збаўлення. Цярпліва, мужна, без нараканняў ён нёс і крыж хваробы, крыж беднасці і нястачы ў часы адраджэння парафіі пасля дзесяцігоддзяў адсутнасці святара. Калісьці сам з гумарам казаў пра набытыя якасці падчас працы пры парафіі: я навучыўся прасіць. Сапраўды, каб аднавіць і ўтрымаць у належным стане святыні, каб у нядзелю і святы праехаць сотні кіламетраў, належным чынам рэалізаваць душпастырскія праекты з людзьмі састарэлымі, дзецьмі, моладдзю, сужэнцамі, патрэбны былі сродкі.

Апошняя старонка жыцця кс. Тадэвуша ўжо перагорнута. Кніга жыцця закрыта і апячатана. Няхай за руплівасць, прыгожы прыклад хрысціянскага жыцця і святарскага служэння Добры Бог дасць яму вечны супакой у сваім Валадарстве, дзе няма суму і нястачы, дзе ёсць вечная радасць ад сузірання Бога, Хрыста тварам у твар, да якога імкнуўся святой памяці кс Тадэвуш і якога ўказваў іншым. Няхай і нашыя малітвы, ахвяра св. Імшы дапамогуць злучыцца яму са Збаўцам.

Няхай прыклад адданага служэння святара ў Хрыстовым Касцёле ўзбудзіць у моладзі жаданне і адвагу велікадушна аддацца служэнню ў Касцёле, каб паказваць аблічча Хрыста сучаснаму чалавеку. Амэн.

Адноўлена 22.06.2012 12:55
 
© 2003-2021 Catholic.by