Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас адвэнтавага чування моладзі | Друк |

15 снежня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Пане, памнож нашу веру

1. Няўзброеным вокам бачна, што сучасны свет знаходзіцца ў вялікім крызісе. Ужо некалькі гадоў мы толькі і чуем размовы пра эканамічны крызіс, які паразіў увесь свет і з якога не бачна выйсця. Да гэтага крызісу дадаецца мноства іншых, якія закранаюць жыццё чалавека. Сярод іх найчасцей у свеце называюць крызіс сям’і, маральны, дэмаграфічны, палітычны, сацыяльны і іншыя.

Імкненне да задавальненняў і абагачэння любым коштам, дух спажывецтва, індывідуалізм і эгаізм вядуць не толькі да крызісу ў міжчалавечых і грамадскіх адносінах, але таксама ў палітыцы і эканоміцы. Секулярнае і ліберальнае грамадства наіўна лічыць, што, задавольваючы свае прыватныя і спажывецкія інстынкты, зможа вырашыць усе праблемы і дасягнуць справядлівасці і дабрабыту. Гісторыя вельмі добра сведчыць, што адмаўленне ад Бога і Яго закону не вядзе да шчасця, а наадварот — да бедаў і цярпенняў. Глабальны крызіс сучаснага свету паказвае, што, адыходзячы ад Бога і абіраючы секулярны стыль жыцця, ён абраў памылковы шлях свайго развіцця.

2. Чалавек ліхаманкава шукае выйсця з крызісу і не можа яго знайсці. Чаму? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ў сваю чаргу спытацца: а дзе ён яго шукае? Чалавек спадзяецца, што вырашыць свае праблемы праз развіццё навукі і тэхналогіі або ў пастанаўленнях розных нацыянальных і міжнародных арганізацый і г.д. Напэўна, усё гэта добра і патрэбна. Аднак ці дастаткова гэтага? Жыццё паказвае, што не, бо чалавек — гэта не толькі цела, але і душа, і ён патрабуе не толькі матэрыяльнага забеспячэння, але і духоўнага. А гэтага апошняга акурат і не хапае сучаснаму чалавеку. Не хапае, бо ён перажывае крызіс веры.

Сучасны чалавек забываецца пра Бога і адмаўляецца ад Яго, каб яму ніхто не перашкаджаў. Ён часта думае: «Нашто мне Бог і Яго закон, які мяне толькі абмяжоўвае?» Аднак так жыць немагчыма. Пытанне аб тым, кім мы ёсць, пытанне аб Богу і веры раней ці пазней з’яўляецца ў нас. У сучасным свеце прысутнічае дзіўная забыўчывасць пра Бога, так, што здаецца, што ўсё магло б быць такім жа самым і без Яго. Аднак у той жа час у свеце прысутнічае пачуццё незадаволенасці адносна нас саміх і тым, што вакол нас, так, што людзі кажуць: «Так далей жыць нельга!» Аб гэтым сказаў папа Бэнэдыкт XVI падчас Сусветнага дня моладзі ў Кёльне ў 2005 г. (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/ documents/hf_ben-xvi_hom_20050821_20th-world-youth-day_it.html).   

Дапушчэнне самадастатковасці свету з адмаўленнем ад Бога вядзе да непажаданых наступстваў. Выключаючы Бога, мы выключаем магчымасць таго, што наш свет можа мець іншае, чым мы яму надаем, прызначэнне. Не выпадкова, што ў такой сітуацыі чалавек не бачыць іншага значэння свету, як толькі імгненнае яго выкарыстоўванне. У такой сітуацыі ён становіцца залежным ад свету, які яго таксама выкарыстоўвае. Іншымі словамі, рэдукцыя свету да пазбаўленай сэнсу рэчы, памяншае таксама і чалавека, які становіцца нічога не вартым механізмам і нават нявольнікам гэтага матэрыяльнага свету і сваіх грахоўных імкненняў.

У сучаснай цывілізацыі мы бачым наступствы такога рабства. У пануючай  наркаманіі, алкагалізме, сексе, свабодным ад усялякіх абавязкаў супольным жыцці мужчыны і жанчыны, адмаўлення ад традыцыйнай мадэлі сям’і, дыктатуры сілы, маскіраванні праўды і многіх іншых паталогіях мы бачым імкненне чалавека дасягнуць толькі сваю эгаістычную мэту, што, у сваю чаргу, мае негатыўны ўплыў на ўсё грамадства.  

Таму праблемы сучасных крызісаў неабходна вырашаць комплексна. Больш за тое, у штодзёным жыцці чалавек павінен кіравацца маральнымі нормамі, таксама як і грамадскімі законамі, падмуркам якіх з’яўляецца ўстаноўлены і дадзены нам Богам маральны закон. Таму прычынай усіх крызісаў найперш з’яўляецца духоўны крызіс і звязаны з ім крызіс веры.

3. У сваім імкненні да абсалютнай свабоды без адказнасці сучасны чалавек не прымае Божага закону, змяняе і паслабляе яго, што вядзе да змены ўстаноўленых Богам нормаў жыцця чалавека і адносін з іншымі. Гэтым самым чалавек у сваіх адносінах з Богам усё ставіць з ног на галаву і жыве як быццам у духоўнай пустыні.

Жыццё ў пустыні вельмі цяжкае, і, каб вытрываць, неабходна шукаць шляхоў, як выжыць. Таму і Касцёл галоўным заданнем на сучасным этапе свайго развіцця лічыць новую евангелізацыю з мэтай перадачы і паглыблення веры. Місіяй Касцёла з’яўляецца евангелізацыя. Хрыстус сказаў апосталам: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19). Гэта запавет Езуса, і нам неабходна яго выконваць.

4. Як гэта чыніць? Адказ дае Евангелле. Першымі словамі Хрыста да апосталаў, тады яшчэ галілейскіх рыбакоў, былі наступныя: «Ідзіце за Мной» (пар. Мц 9, 9). Яны пакінулі ўсё і пайшлі за Ім, каб у Яго вучыцца, каб жыць Ім і такім чынам падрыхтавацца да новай місіі — абвяшчаць Евангелле для перадачы веры, бо вера ад слухання, як навучае св. апостал Павел (пар. Рым 10, 17). Таксама і мы павінны пайсці за Хрыстом, каб Яго пазнаць, Ім жыць і несці Яго іншым. Калі я чагосьці не маю, то не змагу даць іншым. Таму, ажыццяўляючы праграму новай евангелізацыі, мэтай якой ёсць асабістае спатканне з Хрыстом, каб у Яго паверыць і гэтай верай жыць, нам самім неабходна пазнаць Хрыста і жыць Ягонай праўдай.

Заклапочаны сучасным становішчам веры і яе крызісам, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI склікаў чарговы Сінод біскупаў па новай евангелізацыі, які адбыўся ў Ватыкане 7–28 кастрычніка 2012 г. і падчас якога 11 кастрычніка Папа распачаў Год веры з мэтай пазнаць праўду хрысціянскай веры і яе адрадзіць.

5. Кожны з нас добра ведае, якім нябеспекам падвержана наша вера. Таму сёння мы звяртаемся да Бога з просьбай умацаваць яе, каб мы нашай верай не былі падобнымі да флюгера, які паварочваецца ў той бок, куды дзьме вецер, але каб заўсёды заставаліся сталымі. Мы павінны вызнаваць нашу веру не толькі ў касцёле падчас набажэнстваў, але жыць ёю ва ўсіх жыццёвых абставінах, каб паліткарэктнасць не ўвайшла ў нашае рэлігійнае жыццё, калі ў працы, на вуліцы, ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, падчас адпачынку ці забавы мы кажам, што тут маральныя нормы нас не абавязваюць. Нам трэба памятаць, што мы не маем права змяняць Евангелля, але яно павінна змяняць нас. А для гэтага нам неабходна мець моцную веру.

6. Ці гэта магчыма для сучаснага маладога чалавека? Напэўна, не адзін з нас сёння задае сабе такое пытанне. На яго Касцёл станоўча адказвае: «Так, магчыма!» Неабходна толькі пайсці за Хрыстом, даверыцца Яму і дазволіць Яму перамяніць нас. Гэта можа адбыцца на малітве, падчас рэкалекцый, чуванняў, пілігрымак, сустрэчы з іншым чалавекам і г.д. Можа адбыцца пасля многіх гадоў чакання, як сталася ў прыкладзе св. Аўгустына, аб навяртанні якога яго маці св. Моніка малілася 18 гадоў. Але можа адбыцца і зусім нечакана, як напрыклад у выпадку французскага публіцыста Андрэ Фрассара, які, будучы няверуючым, выпадкова зайшоў у капліцу ў Парыжы, дзе пастаянна адараваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт, і выйшаў з яе веруючым.

7. У нашым разважанні аб веры давайце звернемся да евангельскага аповеду аб спатканні самаранскай жанчыны з Езусам каля Якубавай студні (пар. Ян 4, 5-42). Гэтае спатканне стала зваротным пунктам у яе жыцці. Езус сказаў ёй усю праўду пра яе жыццё, і яна паверыла ў тое, што Ён Сын Божы.

Як шмат з нас знаходзяцца ў падобнай да самаранскай жанчыны сітуацыі, з пустым збанам каля студні нашага жыцця, з надзеяй знайсці яго сэнс! Сучасны свет прапануе шмат студняў, якія прапануюць ваду, каб заспакоіць прагу. Але ці чыстая іх вада, ці пітная яна, ці не атручана ядам граху? Таму ў нашым жыцці мы павінны абраць адпаведную студню, каб не апынуцца ў сітуацыі ілюзорнага шчасця, якое можа прывесці да катастрофы, што нярэдка здараецца.

Як Езус каля Якубавай студні, так і Касцёл сёння спяшаецца, каб быць разам з сучасным чалавекам і даць яму Хрыста, як жывую ваду, якая дае жыццё вечнае. Толькі Езус можа зазірнуць у нашае сэрца і паказаць праўду пра нас саміх, як гэта Ён учыніў для самаранскай жанчыны: «Ён мне сказаў усё, што я зрабіла» (пар. Ян 4, 29). З гэтымі словамі яднаецца пытанне, якое вядзе да веры: «Ці не Ён чаканы Месія?» (пар. Ян 4, 29). Такім чынам спатканне самарытанкі, якая не належала да выбранага народу, з Хрыстом прывяло яе да веры.

8. Сучасны загублены свет адчувае вялікую патрэбу аднаўлення і ўмацавання веры, якая знаходзіцца ў небяспецы ў яго секулярнай культуры. Зменлівыя сацыяльныя і культурныя абставіны сучаснасці патрабуюць новых падыходаў у перадачы і ўмацаванні веры. Гэта не што іншае, як новая евангелізацыя, новая ў сваім запале, метадах і выражэннях, — як казаў Ян Павел II (пар. Прамова да Канферэнцыі лацінаамерыканскіх біскупаў (CELAM), 19 сакавіка 1983 г., Nr. 3 http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/ speeches/ 1983/march/ documents/hf_jp-ii_spe_19830309_assemblea-celam_it.html.). Новая евангелізацыя дапамагае дэхрысціянізаванаму чалавеку спаткацца з Хрыстом з мэтай нанова адшукаць веру, як крыніцу ласкі, якая нясе радасць і надзею ў асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё, — як кажа папа Бэнэдыкт XVI (Гамілія падчас адкрыцця Сіноду Біскупаў, 7 кастрычніка 2012 г.: http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2012/documents/hf_ben-xvi_hom_20121007_apertura-sinodo_it.html).

Гэтае спатканне адбываецца ў Касцёле, найперш у Божым слове, у сакрамэнтах, катэхізацыі, дабрачыннасці, сведчанні хрысціянскага жыцця і г.д. Касцёл прапануе чалавеку студню з жывой вадой, якая зменіць жыццё чалавека, што неабходна ў наш час, калі агонь веры многіх людзей, асабліва моладзі, прыгас. Яго трэба нанова распаліць. Мы добра ведаем, што агонь на кухоннай пліце не будзе гарэць, калі не будзе падавацца газ. Таксама і ў нашай душы не будзе гарэць агонь веры, калі мы не будзем карыстацца з паслугі Касцёла. Па-за Касцёлам няма збаўлення, бо Касцёл — гэта сакрамэнт паўсюднага збаўлення.

9. Таму сёння, ужо практычна напярэдадні Божага Нараджэння, неабходна спытаць сябе: «Як ёсць са мной, ці Касцёл сапраўды важны ў маім жыцці? Гэта месца асабістага спаткання з Хрыстом або, можа, толькі нейкая традыцыя час ад часу туды хадзіць?»
 
На жаль, мы не заўсёды гэта разумеем і часам нават не хочам разумець. Мы кажам: «Чаго я туды пайду, можна і дома памаліцца». Можна і трэба. Але ці дастаткова толькі паглядзець на вітрыну, дзе выстаўлена смачная ежа, каб быць сытым? Не. Таксама і тут: нам неабходны жывы кантакт з Богам, неабходнае Яго заўсёды жывое і дзейснае слова, Яго сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя, якая нас абагаўляе.

Вельмі часта мы кажам, што не маем часу нават у нядзелю схадзіць у касцёл, бо заўсёды чымсьці занятыя. Адзін святар спытаўся ў хлопчыка, ці ходзіць ён у нядзелю ў касцёл. Хлопчык адказаў: «Так, хаджу». — «Ці кожную?» — «Так, кожную». «А ў які касцёл ты ходзіш?» — далей спытаў святар. Да яго вялікага здзіўлення, хлопчык назваў найбольш вядомы ў горадзе супермаркет. Так, супермаркеты, стадыёны, канцэртныя залы і г.д. сталіся новымі касцёламі, але ў іх чалавек не спатыкае Бога.

10. Сучасны свет прапануе нам шмат студняў, але ці з чыстай і маральна не атручанай вадой? Свет можа прапанаваць нам і высахлую студню, дзе зусім няма вады. Мы часта туды спяшаемся, нават падаем у яе і не ведаем, як адтуль выбрацца.

Адна гісторыя распавядае пра тое, як стары асёл упаў у высахлую студню. Ён вельмі моцна крычаў, і гаспадар усімі сіламі стараўся выцягнуць яго адтуль. Нічога не выходзіла. Тады гаспадар падумаў, што асёл і так стары, а студня высахла, і яе трэба засыпаць. У такім выпадку нічога іншага не застаецца, як толькі засыпаць асла зямлей. Ён паклікаў суседзяў на дапамогу. Яны прыйшлі з рыдлёўкамі і пачалі кідаць зямлю ў студню. Асёл зразумеў, што яго хочуць закапаць жывым, і стараўся вызваліцца з палону студні. Ён моцна рычаў, кідаўся з боку ў бок, падскокваў. Аднак гэта не дапамагала. Потым ён раптам сціх. Гаспадар глянуў уніз і здзівіўся. Асёл страсаў з сябе зямлю, якая падала яму на спіну на дно студні. Гэтую зямлю ён утрамбоўваў нагамі, так што паволі на дне студні пачаў з’яўляцца бугор, які станавіўся ўсё большым і большым. Асёл стаяў на ім і такім чынам сам сябе падымаў уверх, каб потым спакойна выйсці на волю.

Калі ў нашым жыцці мы падаем у сухую студню, дзе няма вады веры, то павінны памятаць, што Касцёл з намі, ён пасылае нам Божае слова, прыходзіць з сакрамэнтамі, умацоўвае Божай ласкай з мэтай пакласці пад нашыя ногі моцны грунт, каб мы змаглі бяспечна выбрацца з гэтай студні і свяціць свету святлом нашай веры.  

Калі нам штосьці баліць, мы хуценька звяртаемся да лекара. Боль з’яўляецца сігналам таго, што з нашым здароўем штосьці не ў парадку. Падобна нам неабходна выкарыстаць і хваробу секулярызму. Яна павінна пабудзіць нас шукаць лекаў ад яе. Імі з’яўляюцца Божае слова, сакрамэнты і ўся паслуга Касцёла. Менавіта яны збудуюць нам платформу, каб мы маглі выйсці з цёмнай студні нявер’я, у якую ўпалі. Святло веры не можа быць схаваным на дне студні, але павінна асвятляць іншых — тых, хто верыць, і тых, хто адышоў ад веры.

Напэўна, многія з вас бачылі біблійны фільм «Бэн Гур». Напрыканцы яго ёсць сцэна пра гонкі на калясніцах. Каб фільм выглядаў больш аўтэнтычна, рэжысёр (Cecil B. DeMille) прапанаваў галоўнаму акцёру (Charlton Heston) навучыцца ездзіць на калясніцы. Пасля пэўнага інтэнсіўнага часу падрыхтовак акцёр сказаў рэжысёру, што навучыўся, але не ўпэўнены, ці выйграе спаборніцтва. На што рэжысёр яму адказаў: «Ты толькі едзь, а я забяспечу перамогу». Так павінна быць і ў жыцці хрысціяніна. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, набходна застацца на Божым стадыёне, не сысці з трасы, а Бог дапаможа, бо Яго рука будзе з намі.

Благаслаўлёны Ян Павел II на пачатку свайго Пантыфікату звярнуўся да свету са словамі: «Не бойцеся Хрыста, адчыніце Яму межы дзяржаў, культуры, сэрцаў!» Сёння я, як ваш біскуп, паўтараю яго словы: «Не бойцеся спаткання з Хрыстом у Касцёле, даверцеся Яму, не сыходзьце з хрысціянскай бегавой дарожкі, бо вас паўсюль чакае Бог, які дапаможа. Ён нічога не адбірае, а толькі дае і праз веру вядзе да шчасця. Гэтага вам, моладзь, якая хоча быць шчаслівай, праз заступніцтва Марыі — Божай Маці Будслаўскай, юбілей 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза якой будзем адзначаць у наступным годзе, — ад усяго сэрца жадаю і на гэты шлях благаслаўляю». Амэн.      
 
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Ян Павел II. Прамова да Канферэнцыі лацінаамерыканскіх біскупаў (CELAM), 19 сакавіка 1983 г. :http://www.vatican.va/holy_father/john_paul_ii/ speeches/1983/march/documents/hf_jp-ii_spe_19830309_assemblea-celam_it.html

2. Бэнэдыкт XVI. Гамілія падчас Сусветнага дня моладзі ў Кёльне, 21 жніўня 2005 г.: http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2005/ documents/hf_ben-xvi_hom_20050821_20th-world-youth-day_it.html

3. Бэнэдыкт XVI. Гамілія падчас адкрыцця Сіноду Біскупаў, 7 кастрычніка 2012 г.: http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/homilies/2012/ documents/hf_ben-xvi_hom_20121007_apertura-sinodo_it.html.

Адноўлена 16.12.2012 19:00
 
© 2003-2022 Catholic.by