Гамілія біскупа Аляксандра Кашкевіча на экуменічным набажэнстве ў гродзенскай катэдры | Друк |

27 студзеня 2013 г.
    
Паважаныя госці а. Аляксандр, пастыр Уладзімір, а. Андрэй, паважаныя святары, улюбёныя вернікі, браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Час сумеснай малітвы аб еднасці хрысціянаў — гэта час, калі можам задумацца над тым, як сёння прыкладаць сумесныя намаганні, каб хрысціянства было знакам духоўнага і маральнага адраджэння, было сілай, супрацьстаячай граху і духоўнай абыякавасці, якія нішчаць сучасны свет.

Вельмі радуюся вашай прысутнасці і заклікаю да пошуку канкрэтнай еднасці між намі, праз разважанне Божага слова, якое з’яўляецца  пасланнем Бога  да нас.

Кожны Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў мае свой духоўны дэвіз. Сёлета дэвізам малітваў з’яўляюцца словы Святога Пісання з кнігі Прарока Міхея: чаго патрабуеш ад нас, Пане?

Словы з кнігі прарока Старога Запавету выбраны невыпадкова, але з мэтаю, каб мы сумесна шукалі адказу на пытанні: якія шляхі суіснавання з’яўляюцца найлепшымі для ўсіх хрысціянаў? Што сёння павінна нас умацоўваць? Як супрацьстаяць сучасным выклікам граху і варожасці да хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Прарок Міхей быў адным з дванаццаці прарокаў Старога Запавету. Быў родам з паселішча Машэрот на паўднёвым захадзе ад Ерузалема. Сваю прароцкую дзейнасць праводзіў у гадах 737–690 перад нараджэннем Пана Езуса. Дзейнічаў у вельмі складаных палітычных, эканамічных і рэлігійных абставінах для Выбранага Народу.

Кніга прарока Міхея выражае журботу з прычыны няшчасця, якое напаткала яго народ, і таксама адначасова выражае гнеў Божы на правадыроў, якія здрадзілі свайму народу.

Міхей прыпамінае Выбранаму Народу, што Бог выправадзіў яго з егіпецкай няволі і праз свой Запавет прызначыў да годнага жыцця ў роўнасці і справядлівасці.

Сапраўдная вера павінна асвячаць асабістае і грамадскае жыццё, павінна пабуджаць імкненне да пошуку справядлівасці.

Для выбаўлення  ад прымусу і штодзённых прыніжэнняў патрэбна, каб кожны чалавек, больш, чым пільнаваць ахвярапрынашэнні і прыгожыя рэлігійныя рытуалы (пар. Міх 6, 7-8), клапаціўся аб захаванні Божага закону, стараўся несці братнюю любоў,  штодня ставіўся з пакорай да Бога.

Словы з Кнігі прарока Міхея — чаго патрабуеш ад нас, Пане? — трэба аднесці да сучаснай сітуацыі веруючага чалавека: чаго сёння патрабуе Пан ад мяне і ад цябе, ад нас?

Бог патрабуе не столькі вялікай колькасці ахвярапрынашэнняў і прыгожых рытуалаў, колькі сумеснага дзеяння і ўгрунтавання на зямлі Божага Валадарства. Гэта заданне ўсіх хрысціянаў. Без сумесных старанняў усіх нас выкананне гэтага задання будзе вельмі складаным.

Праз святы сакрамэнт хросту сталіся мы галінкамі адной Лазы, якой з’яўляецца Хрыстус і Яго Валадарства.У Ім наша еднасць i духоўная моц для сучаснага свету. Праз сумесную малітву і разважанне Божага слова, як вучні па дарозе ў Эмаус, стараймася, браты і сёстры, распазнаць Уваскрослага Хрыста, які аб’ядноўвае нас у сваім адным Касцёле.
    
Будзем прасіць, каб Езус Хрыстус благаславіў нашы імкненні і пошукі духоўнай еднасці, а Ягоныя словы малітвы — каб усе Яго вучні былі адно — заахвочвалі нас да стварэння лепшых ўмоваў ўзаемнага дыялогу і жыцця паводле Божай праўды. Амэн.

Адноўлена 28.01.2013 14:30
 
© 2003-2022 Catholic.by