Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне канферэнцыі «Хрысціянства ў свецкіх СМІ» | Друк |

3 сакавіка 2013 г., капліца Святой Тройцы ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах

Міласэрны ёсць Пан і ласкавы

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэтыя словы рэфрэну святой Імшы трэцяй нядзелі Вялікага посту вельмі добра перадаюць думкі сённяшніх чытанняў і падзей, якімі жыве Каталіцкі Касцёл у гэтыя дні. Усе сённяшнія чытанні нагадваюць аб бязмежнай Божай міласэрнасці адносна грэшнага чалавека. Сапраўды, Бог не жадае смерці грэшніка, але жадае, каб ён жыў.

Тры дні таму завяршыўся Пантыфікат Бэнэдыкта XVI — Пантыфікат нялёгкіх часоў і вельмі важных спраў, перадусім абароны маральных каштоўнасцяў і новай евангелізацыі. Сваім дабравольным зыходам для дабра Касцёла Папа даў нам новую лекцыю — лекцыю адвагі і адначасова пакоры: «Служу, пакуль магу, а калі не магу, то ўступаю дарогу таму, хто можа».

Сёння Касцёл моліцца аб выбарах новага Пантыфіка, якому Бог даверыць служэнне апостала Пятра — весці касцёльны карабель па ўзбураных хвалях сучаснага акіяну секулярызму ў напрамку порту нябеснага Ерузалема. Святы Дух не пакіне Касцёл сіратой і ўкажа таго, хто пакліканы выконваць гэтае адказнае служэнне.

3. Божая міласэрнасць праяўляецца і ў тым, што ў апошнія гады вельмі інтэнсіўна развіваюцца каталіцкія медыя, таксама і ў нашай краіне. Аб гэтым сведчаць сем выдаваемых часопісаў і тры газеты. Сведчаць таксама добра пабудаваныя каталіцкія сайты, лідарам якіх з’яўляецца www.catholic.by. Сведчыць супрацоўніцтва са свецкімі СМІ, якое развіваецца. Дастаткова сказаць, што толькі на цэнтральным беларускім тэлебачанні Каталіцкі Касцёл кожны месяц мае каля трох гадзін эфіру і кожную нядзелю па першай праграме Беларускага радыё адбываецца трансляцыя святой Імшы з мінскай катэдры.

Ці маглі мы 15–20 гадоў таму марыць аб гэтым? Гэта здавалася проста немагчымым. Аднак тое, што не магчыма для чалавека, становіцца магчымым для Бога.

Укрыжаваны Касцёл пасля трох пакаленняў уваскрасае да новага жыцця, і мас-медыя займаюць у яго жыцці ўсё большае значэнне. Гэта бачна няўзброеным вокам. Бачна як у жыцці Касцёла ў Беларусі, так і ў жыцці паўсюднага Касцёла. Асабліва гэта бачна ў апошнія тыдні ў сувязі з сыходам Бэнэдыкта XVI з пасады біскупа Рыма і выбарамі новага Пантыфіка.

4. У наш час мас-медыя сталі новым евангелізатарам па меры сённяшніх патрэбаў і выклікаў. Сёння таксама неабходна развіваць адносіны і супрацоўніцтва са свецкімі медыя, чаму і была прысвечана канферэнцыя, якая праходзіла ў баранавіцкім Катэхетычным каледжы і завяршаецца сёння. Яна яшчэ раз падкрэсліла важнасць і актуальнасць такіх адносін.        

Адзін вельмі стары чалавек, які амаль што нічога не бачыў, тым не менш працягваў выпісваць штодзённую газету. Яго сусед пацікавіўся, чаму ён так робіць, бо яе практычна не чытае і да таго ж траціць грошы. Чалавек адказаў: «Кожную раніцу я праглядаю некралогі і, калі не бачу там свайго імя, то дзякую Богу за дар новага дня». Цікавы адказ. Менавіта газета, у гэтым выпадку свецкая, дапамагае яму дзякаваць Богу. Яна паказвае Божую міласэрнасць і вядзе да Бога.

5. Калі б у наш час з’явіліся звесткі з сённяшняга Евангелля аб тым, што Пілат забіў нявінных галіеянаў, або што сілаамская вежа забіла таксама ні ў чым не павінных людзей, то што пісалі б сучасныя газеты, якія рэпартажы былі б па радыё, тэлебачанні і ў інтэрнэце? Напэўна, звесткі аб гэтых катастрофах былі б не толькі ў раздзеле некралогаў, але і на першых старонках газет, першых тэле- і радыёнавінах і г. д. Усе шукалі б вінаватых, у першую чагру тэрарыстаў. Можа, нехта сказаў бы, што Бог пакараў загінуўшых.

А што кажа Езус? Ён не асуджае загінуўшых, але кажа, што калі мы не пакаемся, то загінем. Гэта праграма Вялікага посту — навяртацца і верыць у Евангелле. У ажыццяўленні гэтай праграмы мас-медыя павінны дапамагаць чалавеку, а не наадварот, як гэта нярэдка бывае.

У сённяшнім Евангеллі Езус прадстаўляе вельмі цікавую прыпавесць аб бясплоднай смакоўніцы. Гаспадар трэці год запар не мае з яе пладоў і кажа садоўніку знішчыць яе, каб не займала зямлі. Аднак той просіць пакінуць дрэва яшчэ на адзін год, бо яно можа даць плод.

6. Усе мы грэшныя, усе мы заслугоўваем пакарання. Аднак Бог міласэрны і дае нам час, дае новы шанс, дае надзею, якую павінны ўмацоўваць у нас таксама і мас-медыя.

Ёсць такі жарт. У папы Яна Паўла II пытаюцца: «Ваша Святасць, як Ваша здароўе?» Папа адказвае: «Не ведаю, бо яшчэ не чытаў ранішніх газет».

Чалавек з іншага прыведзенага вышэй аповеду кожную раніцу шукаў сваё імя ў раздзеле некролагаў і, калі не знаходзіў, дзякаваў Богу за дар новага дня. Няхай каталіцкая прэса, а таксама яе плённае супрацоўніцтва са свецкай дапамогуць нам пазнаць Евангелле і праз яго прызму — саміх сябе, каб мы маглі ведаць, якім з’яўляецца наша духоўнае здароўе, і ў бязмежнай Божай міласэрнасці ўбачыць новую надзею. Амэн.

Адноўлена 04.03.2013 12:59
 
© 2003-2022 Catholic.by