Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды 40-годдзя святарскага пасвячэння і імянінаў кс. Казімераса Жыліса | Друк |

3 сакавіка 2013 г., гродзенскі катэдральны касцёл

Глыбокапаважаныя Эксцэленцыі, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, верны народ!

1. Вядомы паэт і наш суайчыннік Адам Міцкевіч сказаў: «Калі жмудзіна ўкусіць гадзіна, то не шкадуй жмудзіна, бо хутчэй загіне гадзіна». Хаця ксёндз Жыліс не жмудзін, а аўкштайтас, аднак па свайму характару, заўзятасці ў добрым значэнні гэтага слова і адднасці справе сапраўдны жмудзін, якіх на яго Айчыне — у Літве — вельмі паважаюць.

У цяжкія часы ганенняў на Касцёл ад бацькоў ён атрымаў добрае каталіцкае выхаванне і, нягледзячы на атэістычную ідэалогію, пачуў голас клічучага яго Хрыста і накіраваў свае крокі ў каўнаскую Міждыяцэзіяльную семінарыю, якую скончыў 40 гадоў таму і стаў святаром Кайшадорскай дыяцэзіі. Потым ён уступіў у Ордэн езуітаў.

2. Малады святар добра прыняў да сэрца навучанне Касцёла, асабліва Другога Ватыканскага Сабору аб місійнасці Касцёла, і паехаў дапамагаць ва Украіну, дзе ў тыя часы было вельмі мала слугаў алтара. Аднак ён, як той, хто мужна абвяшчаў Божую праўду і бараніў правы вернікаў, не мог працавць ва Украіне і быў змушаны вярнуцца ў Літву.

Суседняя Беларусь таксама патрабавала святароў, старыя паміралі, а маладых не было. Ксёндз Жыліс з дапамогай вернікаў з Беларусі выпрасіў дазвол на працу ў парафіі Індура недалёка ад Гродна. У вялікую і жывую парафію, якая доўга заставалася без святара, прыехаў энергічны слуга алтара, дзейнасць якога можна было параўнаць з вулканам у добрым сэнсе гэтага слова.

Ён з характэрным для яго энтузіязмам, як вулкан, выдабываў з сябе Добрую Навіну і бараніў хрысціянскія каштоўнасці, а таксама актыўна і мужна супрацьстаяў атэістычнай сістэме. Ён актыўна выкараняў амаральныя звычкі, асабліва праславіўся ў барацьбе з алкагалізмам. З цягам часу падчас перабудовы разам з вернікамі навакольных парафій вярнуў два раней канфіскаваныя касцёлы ў Новай і Малой Бераставіцах і іх адрамантаваў.

3. Ксёндз Жыліс вельмі добра прачытаў знакі часу і значэнне масс-медыя ў жыцці Касцёла і евангелізацыі. Ён першы ў Беларусі ўзяў у рукі тэлекамеру і пачаў рэгістраваць гістарычныя падзеі адраджэння Касцёла.
 
Потым ён прайшоў спецыялізацыю ў галіне каталіцкай тэлежурналістыкі ў школе «Lumen 2000» («Святло 2000») у г. Далас у ЗША. Адначасова там дапамагаў у адной парафіі, дзе праславіўся як нязломны прапаведнік евангельскага радыкалізму і абаронца маральных каштоўнасцяў, так што ліберальныя амерыканцы добра запомнілі беларускага літоўца.

Вярнуўшыся дамоў, ён арганізавў у Гродне каталіцкую тэлестудыю. Дзякуючы яго намаганням Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае дакументаваную гісторыю адраджэння і станаўлення. Гэта бясцэнны гістарычны матэрыял, якім сёння карыстаюцца многія.

Калі прыйшоў адпаведны час, ксёндз Жыліс распачаў пастырскую працу з вязнямі. Можа, гэта іронія лёсу, але вязніца ў Гродне знаходзіцца ў былым езуіцкім калегіуме. Менавіта туды пайшоў кс. Жыліс. Як езуіт ён, працуючы ў катэдры, цяпер таксама працуе і ў былым езуіцкім калегіуме. Некаторыя нават жартуюць, што Жыліс вярнуўся да сябе.

Вядомы ксёндз Казімерас Жыліс сваімі вельмі простымі і даходлівымі, поўнымі маральнага зместу гаміліямі, а таксама выконваннем святарскага абавязку спавядаць людзей, так што яго смела можна назваць вязнем канфесіяналу.

Дзякуючы гэтаму і за актыўную працу ў галіне прапаганды маральна здаровага вобразу жыцця ён заслужыў павагу як сярод духавенства, так і вернікаў і ўсяго грамадства. Нярэдка можна пачуць, як вернікі кажуць: «Так сказаў Жыліс і так павінна быць!» Гэта, несумненна, найлепшая ацэнка святарскага служэння.

4. Такім нам уяўляецца ксёндз Казімерас Жыліс. Мы глядзім на яго і бачым у ім такога ж, як іншыя людзі, чалавека, аднак у той жа час іншага. Бачым чалавека, адоранага дарам святарства, які дзейнічае моцаю Езуса Хрыста. Хто іншы можа, кажучы: «Гэта Цела Маё і гэта Кроў Мая», перамяніць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, у Эўхарыстыю, якая ёсць Хлебам жыцця вечнага? Хто можа сказаць: «Я адпускаю табе грахі?» Хто можа цэлебраваць іншыя сакрамэнты? Ніхто. Нават самы багаты, самы магутны і самы славуты чалавек не можа гэтага ўчыніць. Таму роля святара ў жыцці чалавека і яго збаўленні незаменная. Яго заданнем ёсць абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей, цэлебруючы сакрамэнты, і будаваць хрысціянскую супольнасць, служачы людзям.

Гэтыя заданні заўсёды былі актуальнымі, такімі застаюцца і сёння і такімі будуць заўсёды. Сучасны свет патрабуе новага і эфектыўнага абвяшчэння Евангелля — новай евангелізацыі. Час паказаў, што паліткарэктнасць у справе захоўвання Божага закону вядзе да паступовага адмаўлення ад веры, што і перажывае сучасны свет. У нашай практыцы абвяшчэння Божага слова заўсёды павінна быць Хрыстова «так-так» і «не-не». Ён альбо «гарачы» або «халодны», а не “цёплы, якога Езус не прымае”. На карту хрысціянства пастаўлена шэкспіраўскае “to be or not to be” — “быць ці не быць”.

У святарскім служэнні цэлебрацыя сакрамэнтаў павінна быць не нашай цэлебрацыяй, але Хрыстовай. Літургія — гэта не нашы дзеянні, але дзеянні Хрыста, і мы не маем права іх змяняць.

Такім ёсць ксёндз Жыліс. Да гэтага нас заклікаў папа Бэнэдыкт XVI. І мы павінны ўчыніць усё магчымае, каб захаваць нескажоным хрысціянства, як рэлігію збаўлення. Гэта будзе найлепшая памяць і ўдзячнасць сыйшоўшаму з пасады Біскупу Рыма, які да канца быў мужным абаронцам веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Мы радуемся таму, што Касцёл умацоўваецца і яго дзейнасць пашыраецца. Аднак нельга засяроджвацца толькі на дасягнутым. Далей, служачы людзям, неабходна будаваць Касцёл і яго структуры, асабліва парафіі і іншыя хрысціянскія супольнасці.

5. Глыбокапаважаны ксёндз Казімерас!

Ты ўсё сваё жыццё прысвяціў сумленнаму выконванню  фундаментальных заданняў святара, прысвяціў у часы ганенняў на Касцёл, прысвячаш і цяпер з аднаго боку ў часы свабоды веравызнання, а з іншага — у часы адыходу ад веры і нязнанага дасюль лібералізму, прысвячаеш, каб весці людзей да Бога.

Касцёл дзякуе табе за тваё ахвярнае служэнне. Знак гэтага — сабраныя тут біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і верны народ, якому ты служыў, служыш і хочаш далей служыць па прыкладу свайго нябеснага апекуна — святога Казіміра. Менавіта яго пастава — лепей смерць, чым зграшыць — з’яўляецца крытэрыем твайго жыцця.

Сорак гадоў святарства — гэта нямала. Але ты і сёння застаешся маладым, поўным духоўнай радасці і запалу несці святло Евангелля, каб ім асвятліць духоўную цемру сучаснага свету. Няхай у гэтым праз пасрэдніцтва святога Казіміра благаславіць табе Добры Бог на многая і святая лета.

Жадаю табе на тваёй роднай літоўскай мове: „Ilgiuasių, laimingų іr šventų metų” – “Доўгіх, шчаслівых і святых гадоў”.

Лет до ста тебе расти без старости, ксёндз Казімерас!

Амэн.



Адноўлена 04.03.2013 10:57
 
© 2003-2024 Catholic.by