Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас кансэкрацыі касцёла Божай Міласэрнасці ў Асіповічах | Друк |


7 красавіка 2013 г.

Касцёл — месца спаткання з Богам

Хваліце Пана, бо навекі міласэрнасць Ягоная

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй св. Імшы ў Нядзелю Божай Міласэрнасці вельмі добра адпавядае пачуццям нашых сэрцаў, калі ў Асіповічах кансэкруецца касцёл Божай Міласэрнасці. Колькі дзесяцігоддзяў падчас ганенняў на Касцёл і веру людзі гэтага горада і наваколля чакалі, калі нарэшце будуць мець сваё месца для малітвы?! Заснаваная на пачатку ХХ стагоддзя парафія падзяліла лёсы іншых і трэба было чакаць новых часоў, якія прыйшлі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, каб парафія адрадзілася. Тады вельмі хутка была пабудавана капліца, а ў 1999 г. распачалося будаўніцтва новага касцёла. Сёння з вялікай радасцю я прыбыў сюды, каб яго асвяціць.

Выказваю ўдзячнасць усім, хто прычыніўся да адраджэння парафіі і будаўніцтва новага касцёла. Святарам, якія распачыналі тут працу два дзесяцігоддзі таму, айцам францішканам, якія пабудавалі святыню, дзякую ўсім спонсарам і дзяржаўным уладам за дазвол. Гэта добры знак таго, як Касцёл і дзяржава могуць сумесна дзейнічаць. Будучы аўтаномнымі ў сваёй дзейнасці, яны, тым не менш, служаць чалавеку. Таму чалавек і клопат пра яго дабро — матэрыяльнае і духоўнае — з’яўляецца тым, што заклікае нас да сумеснага дзеяння.

2. «Тамаш, дакраніся да Маіх ранаў і не будзь няверуючым, але веруючым!» З гэтымі словамі Езус звярнуўся да апостала Тамаша, які на вестку аб тым, што Езус уваскрос, казаў, што не паверыць, пакуль не дакранецца да Яго ранаў.

У нядзелю Божай Міласэрнасці Касцёл прапануе нашай увазе Евангелле пра няверуючага Тамаша. Вечарам у дзень уваскрасення Езус з’явіўся апосталам, сабраным у Вячэрніку. Не было сярод іх Тамаша, і таму ён не хацеў паверыць ва ўваскрасенне Езуса. Пасля смерці Хрыста Тамаш не быў з апосталамі і, як здаецца, хацеў будаваць сваё духоўнае жыццё сам, а не ў супольнасці апосталаў. У той жа час Хрыстус устанавіў Касцёл як супольнасць вернікаў, як народ Божы. Ён таксама сказаў, што калі двое або трое збіраюцца ў Яго імя, то і Ён ёсць сярод іх. Таму найперш мы павінны шукаць Езуса ў касцёльнай супольнасці. Гэта вельмі важнае заахвочванне да людзей нашага часу, каб у нядзелю і святы прымаць удзел у святой Імшы і гэтым самым будаваць Касцёл, як народ Божы.

Тамаша не было з апосталамі, і таму ён заставаўся ў няведанні аб уваскрасенні Хрыста і нават не хацеў прыняць гэтай праўды. Такім чынам ён размінуўся з Езусам.

Аднак Езус, міласэрнасць якога не мае межаў, даў яму шанец. Праз тыдзень Ён зноў з’явіўся апосталам. На гэты раз з імі быў Тамаш. Мы не ведаем, але нельга выключаць і таго, што іншыя апосталы заахвоцілі яго быць разам з імі. Менавіта тады Хрыстус даў яму магчымасць сцвердзіць тое, што Ён сапраўды ўваскрос. Тамаш прыняў гэтую ласку і ўсклікнуў: «Пан мой і Бог мой!» На што Езус адказаў: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў».

3. Ніхто з нас не бачыў Хрыста і не мае такой магчымасці, за выключэннем тых, хто меў спецыяльныя візіі, падчас якіх Езус аб’явіўся. Аднак, не маючы магчымасці ўбачыць Езуса фізічна, мы можам убачыць Яго ў дзеях Касцёла і спаткацца з ім у Касцёле.

Бязмежны Бог, якога не можа ахапіць ні зямля ні неба, Бог, у якім жывём, рухаемся і існуём, дазваляе быць ахопленым зямным будынкам. Ці гэта не знак Яго бязмежнай міласэрнасці? Бога, якога ніхто і ніколі не бачыў і якога чалавецтву аб’явіў Хрыстус, мы спатыкаем у Касцёле як сакрамэнце паўсюднага збаўлення.

Сапраўдны Касцёл — гэта народ Божы, жывымі камянямі якога з’яўляюцца чалавечыя душы. Аднак гэты народ рэалізуе сябе і ўзрастае з людзьмі ў пабудаваных касцёлах. Там чалавек сустракаецца з Богам і там зведвае Яго міласэрнасць.

Менавіта ў касцёле абвяшчаецца Божае слова — крыніца нашай веры. У касцёле цэлебруюцца сакрамэнты, дзякуючы якім адбываецца асабістае спатканне чалавека з Хрыстом. У хросце мы паміраем для граху і ўваскрасаем да жыцця ў Божай ласцы. У сакрамэнце канфірмацыі ўмацоўваем свае духоўныя сілы. У Эўхарыстыі Хрыстус становіцца для нас хлебам жыцця вечнага і духоўна змяняе нас, мы абагаўляемся. У святой споведзі адбываецца новае ўваскрашэнне, мы ізноў становімся святынямі Святога Духа. Сакрамэнт пакаяння — гэта сакрамэнт Божай міласэрнасці, калі Езус з любоўю абдымае нас, як марнатраўных сыноў і дачок, даруе нам нашы правіны і прымае да сваіх выбраных. У сакрамэнце намашчэння хворых чалавек атрымлівае адпаведныя сілы для барацьбы са злым духам перад пераходам у вечнасць. Сакрамэнт сужэнства ўмацоўвае духоўныя сілы сужэнцаў, каб вытрывалі ў сваіх пастанаўленнях, будавалі сям’ю як галоўную клетку грамадства і хатні Касцёл. І нарэшце, сакрамэнт святарства, дзякуючы якому выбраныя і адпаведным чынам падрыхтаваныя маладыя людзі становяцца тымі, хто дзейнічае ад імя Хрыста, абвяшчае Божае слова, асвячае праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і будуе касцёльную супольнасць.

Такім чынам жыццё кожнага хрысціяніна непарыўна звязана з паслугай Касцёла. Таму мы так хочам мець месцы, дзе Касцёл ажыццяўляе сваю місію. Імі з’яўляюцца Божыя дамы, Божыя будоўлі.

4. Вялікі апостал Божай міласэрнасці бл. Ян Павел II, кансэкруючы ў 2002 г. аднайменную базыліку ў Кракаве-Лагеўніках, казаў, што Божая міласэрнасць — гэта адзіная надзея свету. Новы папа Францішак падчас першай малітвы «Анёл Панскі» 17 сакавіка 2013 г. сказаў, што калі б не было Божай міласэрнасці, то свет ужо даўно загінуў бы.

І сапраўды, вялікі ў сваёй міласэрнасці Бог не знішчыў нашых першых бацькоў, якія зграшылі і не паслухалі Бога. Караючы іх, Ён паабяцаў паслаць Збаўцу. На працягу часоў Старога Запавету Ён пасылаў каралёў і прарокаў, каб дапамагалі выбранаму народу ісці Божай дарогай. Ён вывеў яго з егіпецкай няволі. А калі прыйшла поўня часу, паслаў свайго адзінароднага Сына, каб праз Яго смерць і ўваскрасенне збавіць свет.

Колькі войнаў і няшчасцяў перажыло чалавецтва. Здавалася, што яно загіне. Аднак Бог заўсёды кіраваў ім так, што яно знаходзіла выйсце з самых складаных абставін.

Напэўна, не адзін спытаецца: а дзе быў Бог, калі гінулі нявінныя людзі ў Хатыні і Катыні, Трасцянцы, Курапатах ці Асвенціме і г.д.? На гэтае пытанне трэба адказаць пытаннем: а дзе тады быў чалавек? Бог быў на сваім месцы. Ён даў чалавеку закон, каб, захоўваючы яго, ён жыў шчасліва. Незахаванне Божага закону вядзе да трагедыі, падобна таму, як, напрыклад, незахаванне правіл дарожнага руху. Мы ўсе ходзім пад Богам. Праблема толькі ў тым, хочам мы Яго прыняць ці не. На гэтае пытанне мы павінны даць адказ сёння, каб быць шчаслівымі.

5. Езус казаў апосталу Тамашу: дакраніся да Мяне і не будзь няверуючым, але веруючым.

Дзе і як сёння мы можам дакрануцца да Езуса, каб быць сапраўднымі веруючымі? Адказ адзін: у Яго Касцёле. Сёння Хрыстус, які жыве ў сваім Касцёле і прыходзіць да нас праз Божае слова і сакрамэнты, кажа нам: людзі, дакраніцеся да Мяне і больш не будзьце няверуючымі, але веруючымі. Гэта азначае тымі, хто давярае Богу і ў Ім мае сваю надзею; тымі, хто жыве паводле Божага права; тымі, хто давярае Божай міласэрнасці, якая, паводле слоў благаслаўлёнага Яна Паўла II, з’яўляецца мяжой зла; тымі, якія, нягледзячы на ўсе цяжкасці жыцця, паўтараюць словы, напісаныя на абразе Езуса міласэрнага: Езу, давяраю Табе. Менавіта Езус міласэрны ідзе да нас і благаслаўляе ўсім — добрым, каб яшчэ больш дасканаліліся, і злым, каб навярнуліся.

6. Мы перажываем радасны велікодны час, калі нанова разважаем таямніцу нашага збаўлення, у якой праявілася бязмежная Божая міласэрнасць. Нам яна сёння патрэбна. Сучасны свет і нашае грамадства перажывае шмат крызісаў, галоўным з якіх з’яўляецца крызіс веры, калі чалавек забываецца, што жыццё без Бога вядзе ў тупік.

Нам не дазволена забыць нашу яшчэ зусім нядаўнюю гісторыю, калі нам казалі будаваць рай на зямлі без Бога. Замест касцёлаў нам прапаноўвалі атэістычныя музеі. Замест абвяшчэння нязменнай Божай праўды нам абвяшчалася ідэалогія бязвер’я. Мы добра ведаем, што з гэтага выйшла: разбураныя касцёлы і цэрквы і чалавек, выхаваны без маральнага падмурку. Яшчэ доўга трэба будзе лячыць гэтыя раны так званага развітога сацыялізму, раны духоўнага Чарнобылю.

Сёння, у новых абставінах свабоды веравызнання, чалавек, на жаль, сам нярэдка адмаўляецца ад Бога і развівае культ матэрыялістычнага атэізму, якім з’яўляецца неўтаймаваная пагоня за дабрабытам, імкненне да амаральных задавальненняў, жыццё такім чынам, як быццам Бога зусім няма, або імкненне да паслаблення, змены або нават адмаўлення ад Божага права.

Святы Айцец Францішак заўважае, што калі мы не ўшаноўваем Бога, то ўшаноўваем злога духа. Гэта азначае, што, не захоўваючы Божы закон, мы падпарадкоўваемся закону д’ябла. Такім чынам мы паўтараем мінулыя памылкі і зноў наступаем на тыя ж граблі, што небяспечна.

7. Сёння, у нядзелю Божай Міласэрнасці, мы дзякуем Богу за новы касцёл у Асіповічах. Касцёл пабудаваны і кансэкраваны. Але ён паўстаў не толькі для таго, каб быць яшчэ адным сакральным будынкам у горадзе і ўзбагачаць яго архітэктуру, што таксама важна, але найперш для таго, каб быць месцам спаткання чалавека з Богам, спаткання з міласэрным Езусам, які здольны перамяніць нашае жыццё.

Вялікі апостал Божай міласэрнасці благаслаўлёны Ян Павел II заклікаў людзей не баяцца адчыніць дзверы Хрысту, адчыніць дзверы Яго збаўчай моцы, бо Ён найлепей ведае, што ёсць у чалавеку, і ў Ім мы найлепей пазнаём сябе. Папа Бэнэдыкт XVI таксама заклікаў адчыніць дзверы нашых сэрцаў Езусу, які нічога не забірае, а толькі дае, дае сябе і сваю збаўчую ласку, якая можа перамяніць чалавека. Новы Пантыфік Францішак ідзе ўслед за сваімі вялікімі папярэднікамі і заклікае адкрыцца на дзеянне міласэрнага Езуса. Ён кажа, што Бог ніколі не стамляецца прабачаць, толькі мы стамляемся прасіць Яго аб гэтым. Неабходна дазволіць уваскросламу міласэрнаму Езусу ўвайсці ў нашае жыццё, каб яно змянілася і каб быць шчаслівымі.

Няхай жа новы касцёл Божай Міласэрнасці ў Асіповічах стане месцам спаткання з Езусам міласэрным, які прымае і ахінае сваёй любоўю ўсіх.

Дарагія браты і сёстры, спаткаўшы Бога ў гэтым касцёле і зведаўшы Яго міласэрнасць, нясіце Яго іншым, каб свет пазнаў Яго і, жывучы Яго вучэннем, будаваў новае жыццё і шчасліва прыйшоў у нябесны Ерузалем. Амэн.

Адноўлена 04.04.2013 12:25
 
© 2003-2021 Catholic.by