Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Звеставання Пана | Друк |

Мінская катэдра, 8 красавіка 2013 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй св. Імшы «Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю» вельмі добра перадае сутнасць урачыстасці Звеставання Пана. Марыя згадзілася прыняць Божую волю. Яе Fiat стала пачаткам эры збаўлення.

Мы цяпер перажываем пасхальны перыяд, калі разважаем аб таямніцы нашага збаўлення. Пасха займае першае месца ў літургічным календары. На другім месцы знаходзіцца Божае Нараджэнне. Але не было б ні аднаго, ні другога, калі б не было Звеставання.

Паводле літургічнага календара, свята Звеставання прыпадае на 25 сакавіка. Аднак у гэтым годзе ў сувязі з тым, што 25 сакавіка быў Вялікі панядзелак, само свята перанесена на 8 красавіка. Цікава і тое, што калі звычайна каталіцкія святы адзначаюцца на 13 дзён раней за праваслаўныя, то ў гэтым годзе Праваслаўная Царква свята Звеставання адзначала за адзін дзень перад католікамі, гэта азначае ўчора.

2. Перад нараджэннем Хрыста на зямлі жыло многа вельмі мудрых людзей. Іх можна было знайсці ў Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі і многіх іншых месцах зямлі. Адзін грэк нават казаў, што чалавек ніколі не пазнае Бога, пакуль Бог сам не стане чалавекам. Такім чынам ён таксама прадказаў прышэсце ў свет Хрыста. Гэта азначае, што не толькі прарокі, але таксама і людзі прадказвалі Богаўцелаўленне.

Сённяшняе свята на самой справе з’яўляецца святам зачацця Езуса. Яго аб’явіў арханёл Габрыэль і прыняла Марыя. Мы ведаем свята Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, але таксама можам казаць і пра свята Беззаганнага Зачацця Сына Божага. Сённяшняе свята — гэта пачатак эры збаўлення. Грэчаская назва сённяшняга свята — Евангелізмос, і яна паходзіць ад слова Евангелле, што азначае Добрая Навіна. Таму іншая назва сённяшняга свята — свята Добрай Навіны, свята Евангелля. Без гэтага свята не было б Евангелля.

Звычайна сённяшняе свята мы называем святам Звеставання Пана, звеставання таго, што Бог стаў чалавекам, звеставання таго, што Божая праўда ёсць сярод нас. Ад гэтага моманту не чалавечая, але Божая праўда дамінуе ў свеце. Гэтая праўда змяняе свет і перавышае праўду старажытных грэкаў, праўду егіпецкіх, індыйскіх ці кітайскіх мудрацоў.

3. Хаця сённяшняе свята з’яўляецца найперш Божым святам, але ў той жа час яно чалавечае. Яго чалавечасць заключаецца не толькі ў тым, што Бог стаў эмбрыёнам ва ўлонні Марыі, але і ў тым, што яна стала Дзевай-Маці. Можа, таму ў англійскай культуры гэтае свята называецца “Lady Day” – “Днём Ледзі”. Марыя, прымаючы Божую волю, дазваляе Сыну Божаму прыйсці ў гэты свет, каб яго збавіць. Такім чынам яна становіцца ўдзельніцай Збаўлення і таму з’яўляецца вяршынай Божага тварэння, больш слаўнай, чым хэрубімы і серафімы. Яна з’яўляецца Валадаркай неба і зямлі і перавышае сваёй годнасцю ўсіх людзей. Яна становіцца звязанай з вечнасцю і пераўзыходзіць чалавецтва, застаючыся пры гэтым чалавекам. Адным словам, гэтая зямная істота дзякуючы сваёй ахвяры стала Божай Маці, якую мы цяпер праслаўляем у нябеснай славе.

Прымаючы гэты крыж ахвяры — быць Маці Збаўцы, — Марыя дазволіла крыжу яе Сына прыблізіцца да чалавецтва. А гэтым крыжом мы былі збаўлены. Гэта факт вельмі важны і з’яўляецца духоўным правілам, якога неабходна прытрымлівацца. Бо кожная ахвяра і кожны крыж, які мы прымаем згодна з Божай воляй, нясе духоўны плён. Можа, не адразу, але нясе. Гэта духоўны закон. Там дзе няма крыжа ахвяры, там няма і крыжа перамогі. Гэтаму нас вучыць Хрыстус і Марыя. Ахвяра Марыі, прымаючы Божую волю і гэтым самым даючы магчымасць Сыну Божаму прыйсці ў гэты свет у вобразе чалавека, вядзе да вечнасці.

4. Марыйнае Fiat стала пачаткам збаўлення. Яно з’яўляецца ключом да зразумення справы збаўлення чалавека і таксама ключом да вырашэння праблем чалавецтва і ключом да шчасця.

На жаль, сучасны чалавек часта забываецца аб гэтым. Ён не жадае згаджацца з Божай воляй і яе выконваць. Святы Айцец Францішак у сувязі з гэтым падкрэслівае, што ў пытаннях веры няма месца на кампрамісы, замоўчванне ці перамовы. Хрысціяне заўсёды знаходзіліся перад спакусай, каб зрэдукаваць сваю веру, быць такімі, як іншыя, не трымацца евангельскага радыкалізму. Аднак, калі мы распачынаем прыніжаць вымаганні нашай веры, весці перамовы адносна яе, перажываць яе такім коштам, то выходзім на шлях апастазіі і нявернасці адносна Бога.

Няхай жа прыклад Марыі дапаможа нам заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, каб мы заўсёды згаджаліся з Божай воляй і яе выконвалі на хвалу Пана і збаўленне людзей. Амэн.

Адноўлена 08.04.2013 20:23
 
© 2003-2021 Catholic.by