Гамілія Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці падчас Імшы на пачатак Пантыфікату папы Францішка | Друк |

16 красавіка 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Вашы Эксцэленцыі — каталіцкія біскупы і ардынарыі Беларусі, паважаныя прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, шаноўныя рэпрэзентанты дыпламатычнага корпуса, дастойныя прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій, дарагія браты ў святарстве і манастве, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўнае спадарства.

Дзякую за тое, што вы прынялі запрашэнне Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі. Сёння мы сабраліся, каб узнесці свае малітвы да Бога за нашага Папу. Касцёл – гэта Хрыстова Цела, і Бог ніколі не забываецца пра сваё жывое цела.

Мы молімся за новага Біскупа Рыма, і ў той самы час молімся за сябе. Згодна з даручэннем, якое было дадзена Апосталу Пятру, місія Папы заключаецца менавіта ў тым, каб ён узмацняў веру сваіх братоў і сясцёр. Ён, згодна са старажытным тытулам, ёсць «Слуга Слугаў Божых». Мы молімся за яго і ў гэтым молімся за сябе.

Цікаўнасць людзей не ведае межаў. Мы прачыталі бясконцую колькасць старонак з водгукамі, высновамі і прагнозамі адносна новага Папы. Але ўсё гэта хутка скончыцца. Цікаўнасць не трывае больш, чым некалькі дзён. Свет цікавіцца Касцёлам так доўга, як доўга той выклікае сенсацыю. У гэты момант мы назіраем панаванне жэстаў, выказванняў, слоў. Незадоўга да гэтага мы бачылі панаванне бруду, якім палівалі Касцёл, каб паказаць, наколькі нягодным ён ёсць: скандалы любой катэгорыі, ці то сапраўдныя, ці выдуманыя, якія былі данінай якую трэба заплаціць усемагутным масс-медыям.

Людзі хочуць знакаў, а дакладней: хлеба. Гэта дазволіць ім менш працаваць. Калі хлеб зваліцца з неба, знікае патрэба яго выпякаць. Бог становіцца выгадным чарадзеем, і мы можам перамагчы спаборніцтва з іншымі багамі, дэманструючы, што наш Бог мацнейшы і больш выгадны.

Але Езус расчараваў людзей, якія прасілі хлеба: «Я ёсць Хлеб жыцця». Той, хто спажывае Мяне, не будзе галодны ніколі. Але Я тут, каб наталіць прагненне праўды, справядлівасці і любові, а не каб прапанаваць мяккі і пахучы бохан хлеба.

Францішак, як і ўсе папярэднія Папы, ужо падкрэсліў, што толькі гэта таямнічая, асабістая, гарачая камунія з асобай Езуса Хрыста ёсць збаўленнем свету. Усе рухі, прамовы, надзеі і чаканні маюць імя: Езус Хрыстус і нашае жыццё ў Ім. Усё астатняе — гэта пыл, які будзе развеяны ветрам.

Езус — гэта хлеб жыцця. І тут, у Эўхарыстыі, разумеем, што гэты хлеб – гэта паламаны хлеб. Таму што жыццё Езуса было паламанае. Паламанае смерцю. Паламанае Яго ўласным жэстам, калі Ён ламаў хлеб уласнага цела і падаваў сваім вучням на Апошняй Вячэры. Хлеб павінен прайсці праз смерць, каб стаць хлебам жыцця. «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык прынясе багаты плён» (Ян 12, 24).

Гэта здарылася са Стэфанам. Ён раздаваў хлеб жыцця, маючы удзел у смерці свайго Пана.

Дзякуем Пану за тое, што даў нам папу Францішка. Зараз мы молім Бога за той час, калі папа Францішак, так, як і ўсе хрысціяне, сутыкнецца з мучаніцтвам цярплівасці. З мучаніцтвам самотнасці, незразумення, быць можа, непрыняцця. Просім, каб у гэтай пакуце, кожны раз, калі Папа ламае Эўхарыстычны хлеб, Бог дазволіў яму адчуваць, што ягонае паламанае жыццё — гэта тое самае жыццё жывога хлеба, ягонага і нашага Пана Езуса Хрыста.

Папа сам падкрэсліў таямніцу крыжа, калі сказаў: «Калі мы крочым без крыжа, калі будуем без крыжа, калі вызнаём Хрыста без крыжа, мы не вучні Пана — мы вучні гэтага свету: мы можам быць біскупамі, святарамі, кардыналамі, Папамі, але не вучнямі Пана» (Гамілія падчас Імшы з удзелам кардыналаў-выбаршчыкаў у Сікстынскай капэле).

Для хрысціян, і быць можа, для ўсіх мужчын і жанчын добрай волі, смерць і ўваскрасенне – гэта два бакі той самай манеты. І калі ўсе спяваюць «Гасанна», яны зазвычай ужо падрыхтавалі мячы, каб забіць таго, каго ў гэты момант узвялічваюць.

Бывае і наадварот. Прачытаем апошні радок чытання з кнігі Дзеяў Апосталаў: «А Саўл быў згодны з ягоным забойствам».

Саўл быў ганіцелем а Стэфан ахвярай. Ізноў таямніца Касцёла. З гэтай крыві Бог збіраеца стварыць новую асобу. Саўл стане Паўлам, Апосталам паганаў, адданым, нястрыманым сведкам свайго Пана. Ён памрэ такім самым чынам, як Стэфан. У Рыме, горадзе, новым біскупам якога і ёсць папа Францішак.

Божа, благаславі папу Францішка, Касцёл і род людскі, і дазволь, каб хлеб, паламаны за многіх, быў заўсёды хлебам новага і вечнага жыцця. Няхай крыж будзе дрэвам жыцця. Амэн.

Адноўлена 17.04.2013 01:01
 
© 2003-2024 Catholic.by