Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы кансэкрацыі касцёла Святога Духа ў Віцебску | Друк |


18 мая 2013 г.

«З радасцю ўвойдзем у дом Пана» (пар. Пс 122 (121), 2).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы рэфрэну рэспансарыйнага псальма сённяшняй святой Імшы вельмі добра перадаюць пачуцці нашых сэрцаў і душаў, калі ў Віцебску асвячаецца новы касцёл Святога Духа.

Я ўспамінаю тыя часы, калі ў горадзе на Заходняй Дзвіне падчас ганенняў на веру не было ніводнага касцёла. Я ўспамінаю той памятны дзень 1990 г., калі каталіцкай супольнасці Віцебска быў перададзены касцёл св. Барбары. Якая тады была радасць! Нарэшце, у гэтым вялікім горадзе з яго багатай і адначасова трагічнай гісторыяй хрысціянства, у тым ліку і Каталіцкага Касцёла, зноў з’явіўся каталіцкі храм. Гэта быў бачны знак, што Бог не пакінуў свой народ, які так многа выцерпеў і захаваў веру дзякуючы простым малітвам, Ружанцу, літаніям і г.д. Гэта быў знак таго, што Бог умее пісаць прама на крывых лініях гісторыі. Гэта быў таксама знак будучых перамен у жыцці Касцёла на Віцебшчыне.

І сапраўды, гэтыя перамены прыйшлі. Праз дзевяць гадоў была заснавана Віцебская дыяцэзія, якая моцна развілася і далей развіваецца, аб чым сведчыць і сённяшняя ўрачыстасць, бо недабудаваны спартыўны комплекс стаў касцёлам.

2. На фасадзе аднаго з касцёлаў знаходзіцца лацінскі надпіс: «Quam dilecta tabernaculа tua Domine virtutum» – «Якія ж жаданыя селішчы Твае, Пане сіл!» (Пс 83 (82), 2). Гэтыя словы псальміста распавядаюць пра тугу па святыні.

Услухаемся ў іх добра: «Якія ж жаданыя селішчы Твае, Пане сіл! Душа мая змучылася, прагнучы ў двары Пана; сэрца маё і цела маё імкнуцца да Бога жывога. І птушка знаходзіць сабе жытло, і ластаўка гняздо сабе, дзе пакласці птушанятак сваіх, каля алтароў Тваіх, Пане сіл, Валадар мой і Божа мой. Благаслаўлёныя тыя, што жывуць у доме Тваім; яны няспынна будуць славіць Цябе” (Пс 83 (82), 2–5).

У гэтым псальме кароль Давід піша, што птушкі знаходзяць сабе месца каля Божага алтара. І сапраўды, яны любяць гняздзіцца пад дахам касцёла. Ёсць нешта такое, што іх прыцягвае.

Калі касцёл прыцягвае птушак, то як ён павінен прыцягваць людзей, бо касцёл — гэта святое месца, дзе адчуваецца подых Бога, дзе чалавек корміцца духоўна, дзе сустракаецца з Богам, каб потым сведчыць пра Яго іншым.

Божая святыня — гэта таксама тое месца, дзе будуецца сапраўдны Касцёл, імя якому Божы Народ. Менавіта тут разам са святаром збіраюцца вернікі на розныя набажэнствы, перш за ўсё на Эўхарыстыю. Таму сёння мы можам казаць: «Якія ж жаданыя селішчы Твае, Пане! Бог прабывае з тымі, хто знаходзіцца там. Бог з тымі, хто слухае Ягонае слова, хто прымае ўдзел у Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах».

3. Засяродзімся на момант на самім будынку касцёла як месцы будавання Народу Божага і спаткання чалавека з Богам. З аднаго боку, Божы дом, які мы сёння асвячаем, не вельмі падобны да традыцыйных касцёлаў. Тым не менш над ім узносіцца невялікая вежа і крыж, што нагадвае пра яго сакральнасць. Унутры таксама не спартыўны комплекс, а сапраўдны Божы дом з алтаром, выявай Святога Духа, прыпынкамі Крыжовага шляху і абразамі святых. А што самае важнае — з табэрнакулюмам, дзе ад сённяшняга дня назаўсёды будзе знаходзіцца Эўхарыстычны Езус, які чакае кожнага і кожнаму благаслаўляе.

Такім чынам, гэта ўжо не месца спартыўных спаборніцтваў, як планавалася, а месца сустрэчы чалавека з Богам, месца яднання неба з зямлёй. Гэта духоўная спартыўная зала, дзе чалавек духоўна ўзрастае і дасканаліцца. Гэта месца, у якім мы набліжаемся да боскасці, і боскасць, у сваю чаргу, набліжаецца да нас. Таму касцёл смела можна назваць месцам эпіфаніі, месцам Божага аб’яўлення.

Касцёльная зала называецца навай. Слова нава мае лацінскае паходжанне і азначае карабель. У хрысціянскай сімволіцы Касцёл параўноўваецца да карабля, які па ўзбураным моры гісторыі пад кіраўніцтвам наступніка святога апостала Пятра, якім з’яўляецца Рымскі Папа, з цяжарам чалавечых сэрцаў плыве ў бяспечны порт. Таму ў наве касцёла, які сёння кансэкруецца, мы павінны бачыць карабель. І кіруе ім моцаю Духа Святога наступнік святога апостала Пятра, якім сёння з’яўляецца папа Францішак.

Касцёл — гэта таксама месца, дзе будуецца і ажыццяўляецца Касцёл ва ўсёй сваёй паўнаце як Народ Божы. Тут абвяшчаецца слова Божае, цэлебруюцца сакрамэнты і іншыя набажэнствы, якія закранаюць найважнейшыя моманты нашага жыцця, такія, як нараджэнне і смерць, Першая Камунія і канфірмацыя, пакаянне і сужэнства, і г.д. Такім чынам, у гэтым будынку адбываецца духоўная трансфармацыя чалавека, а сам будынак з цэглы становіцца сімвалам духоўнага жыцця. Нездарма людзі цешацца, калі бачаць касцёлы і цэрквы, бо ведаюь, што там знаходзіцца крыніца духоўнага жыцця.

Адзін літоўскі святар распавядаў гісторыю пра сваё вяртанне з сібірскай ссылкі ў Літву. У цягніку было мноства людзей. Большасць складалі веруючыя католікі. Усе з нецярпеннем чакалі, калі нарэшце вернуцца ў сваю Айчыну. Яны ўжо знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Калі праехалі Маладзечна, то нехта сказаў, што хутка будзе Краснае, дзе на гары будзе бачны касцёл. Людзі ўпалі на калені і са слязьмі на вачах чакалі, каб толькі яго ўбачыць. Яны добра ведалі, што ў касцёле ёсць Езус, ёсць духоўнае жыццё, ад якога яны былі доўгія гады адарваныя.    

4. Сённяшняе пасвячэнне касцёла Святога Духа ў Віцебску — гэта нібы яго хрост. На пачатку святой Імшы алтар, сцены і вернікі былі акроплены асвячонай вадой у памяць аб нашым хросце, дзякуючы якому мы сталіся членамі Касцёла як містычнага Цела Хрыста і Народам Божым. Неўзабаве будзе прачытана малітва кансэкрацыі, пасля чаго алтар і сцены касцёла будуць памазаны святым алеем — хрызмам, тым самым алеем, якім святар пазначае галовы новаахрышчаных. Памазанне святым алеем падчас хросту азначае новую місію, якую мы атрымліваем ад Бога, а менавіта місію хрысціяніна — жыць паводле Евангелля і быць яго сведкамі. Таксама і гэты алтар і сам касцёл праз памазанне хрызмам атрымліваюць новую місію — весці людзей шляхам збаўлення.

Потым алтар, сцены святыні і людзі будуць акаджаны кадзілам. У біблейскай традыцыі дым з’яўляецца сімвалам малітвы. Таксама і касцёл — гэта месца малітвы.

Далей алтар будзе засланы белым абрусам, падобна таму, як новаахрышчаны прымае белае адзенне як знак духоўнай чысціні, якую мы атрымліваем у сакрамэнце хросту, калі паміраем для граху і ўваскрасаем для жыцця ў ласцы.

Потым на алтары будуць запалены свечкі і святло ў касцёле на знак таго, што ў гэтым месцы ззяе святло Хрыста, падобна таму, як падчас хросту мы атрымліваем свечку, якая сімвалізуе заззяўшае ў нашых душах святло Збаўцы.

5. Дарагія браты і сёстры! Сёння, у вігілію свята Спаслання Духа Святога, гэты будынак распачынае новае жыццё з мэтай збаўлення чалавека праз абвяшчэнне заўсёды жывога і актуальнага Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, і іншыя набажэнствы.

Паводле ўсходняй хрысціянскай традыцыі перад святой Камуніяй святар, трымаючы ў руках Цела Хрыста, кажа: «Святая святым». Гэта вельмі сімвалічна, бо ў касцёле мы атрымліваем святасць, перадусім Эўхарыстыю,  каб быць святымі.

Гэты касцёл з сённяшняга дня з’яўляецца Божым дарам для святога Народа Божага, змешчаным на вяршыні гары Святлом, якое свеціць усім. Таму, дарагія браты і сёстры, напаўняйцеся тут святасцю і нясіце яе ў свет. Будзьце святым дарам у сучасным секулярызаваным свеце.

6. Падчас Другой сусветнай вайны сталіца Польшчы Варшава была вельмі моцна знішчана. Калі яе адбудоўвалі і пашыралі вуліцы, то касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі аказаўся на адной з іх. Разбурыць яго не адважыўся ніхто. Але як было знайсці выйсце з гэтай сітуацыі? Яно было знойдзена. Уначы з 30 лістапада на 1 снежня 1962 г. касцёл быў перавезены, калі так можна сказаць, на 21 метр назад. Цяпер ён знаходзіцца на алеі Салідарнасці, 80, і дзейнічае. Тады газеты пісалі, што касцёл рушыў з месца.

На самой справе Касцёл рушыў з месца ў дзень Спаслання Духа Святога, калі апосталы выйшлі з Вячэрніка і пачалі абвяшчаць Евангелле і гэтым самым змяняць воблік зямлі.

Сёння касцёл Святога Духа ў Віцебску стартуе ў новае жыццё, каб несці людзям збаўленне.

7. У адным з касцёлаў на зване знаходзіцца вельмі прыгожы і глыбокі надпіс: «Да хрысцільні і эўхарыстычнага стала, да малітвы і Божага слова я клічу вас».

Кансэкруемы сёння касцёл Святога Духа пакуль што не мае званоў. І менавіта гэта з’яўляецца заклікам для веруючых быць імі, каб сюды склікаць людзей, дзе яны ў слове Божым, сакрамэнтах і малітве знойдуць Хрыста — адзінага Збаўцу свету.

Няхай Езус Хрыстус праз спасланага Ім свету Святога Духа ў гэтым касцёле змяняе нашае жыццё, а тым самым аблічча нашай зямлі, і вядзе нас да нябеснага Ерузалема. Амэн.

Адноўлена 14.05.2013 12:51
 
© 2003-2021 Catholic.by