Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы і 20-годдзе адбудовы капліцы ў Стараельні | | Друк | |
25 мая 2013 г. Сёння, калі адзначаем парафіяльную ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, дзякуем Богу за каплічку, збудаваную на месцы парафіяльнага касцёла, спаленага партызанамі падчас Другой сусветнай вайны. Парафія ў Стараельні мае глыбокія карані і сягае 1450 года, калі ў гэтай мясцовасці быў збудаваны першы драўляны касцёл за сродкі Міхала Кіргайлы. Пасля пажару 1729 года касцёл быў адбудаваны стараннем і за кошт кс. Жэброўскага. У католікаў касцёл быў забраны ў 1866 годзе, але з 1921 года зноў выкарыстоўваўся як каталіцкая святыня. Дынамічна развівалася рэлігійнае жыццё тут у міжваенны перыяд. Між іншым, тут працаваў кароткі час, але інтэнсіўна, кс. Вацлаў Пянткоўскі, пазней шматгадовы Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, які падрыхтаваў мяне і многіх іншых юнакоў да святарскага служэння падчас ночы атэізму. Парафія ваша, як і абсалютная большасць парафій гэтага рэгіёну, у ваенныя гады і затым пасляваенныя дзесяцігоддзі дзяржаўнага атэізму панесла вялікія страты. Вера знішчалася, а найперш знішчалі духавенства (кс. Федаровіча — пробашча парафіі), спалілі касцёл, гаспадарчыя будынкі прыстасавалі да іншых мэтаў. Жыхары парафіі падчас вайны трапілі і ў Сібір, і на прымусовыя працы ў Германію, Эстонію. Прымалі ўдзел у руху супраціву, былі на розных франтах, у баях дайшлі да Берліна, удзельнічалі ў бітве пад Монтэ Касіна і там таксама склалі свае галовы (Міхал Чабоцька). Цяжкімі для веры былі пасляваенныя дзесяцігоддзі без святыні і святара. Нягледзячы на бездарожжа, адсутнасць транспарту вернікі наведвалі суседні касцёл у Дварцы, а пасля закрыцця падчас «хрушчоўскай адлігі» — у Навагрудку і Дзятлаве. З пачаткам часоў перабудовы выношвалі мару аднавіць на месцы, намоленым продкамі, святыню. І ў тыя часы, калі многія ў краіне, выкарыстоўваючы новыя магчымасці, арганізавалі сабе лепшае жыццё, вы — жыхары Стараельні, Еленкі, Карыцы, Кажухоўцаў, Круцілавіч, Ятры, Кузьмічаў — пад кіраўніцтвам Яна Турчэніка падчас гіперінфляцыі аддалі свае шматгадовыя зберажэнні за цяжкую працу ў калгасе на будматэрыялы, каб паўстала капліца на мурах касцёла і пры магілах святароў, якія тут неслі вашым продкам святло веры і праслаўлялі Найсвяцейшую Тройцу, у гонар якой названа ваша парафія. Самі вы таксама працавалі пры будове. На вас здзейсніліся словы, якія часта паўтараў біскуп Юзаф Гавліна: «Справа не ў тым, як лепш уладкавацца ў жыцці, але пытанне ў тым, дзеля чаго жыць». Большасць з тых, хто ўдзельнічаў у адбудове ужо адышлі па ўзнагароду да Пана. Некаторыя не змаглі прыйсці па традыцыі на парафіяльную ўрачыстасць, каб супольна памаліцца, бо на тэрыторыі паўсталі дзве іншыя капліцы — адбудаваны касцёл св. Тэрэзы ў Лапушне і драўляная капліца ў Данілавічах. |
Адноўлена 25.05.2013 19:16 |