Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць Маці Божай Гудагайскай | | Друк | |
Мы знаходзімся ў доме Маці, якая заўсёды нас чакае, заўсёды для нас мае час. Мы прыбываем у свята Маці Божай Шкаплернай і ведаем, чым быў і ёсць шкаплер — гэта знак духоўнай лучнасці і памяці паміж маці і дзецьмі. Падчас «цемры атэізму» шкаплер быў прадметам насмешак і крытыкі. Сёння «ноч атэізму» мінула, але шкаплер і надалей застаецца знакам духоўнай сувязі паміж дзецьмі і Божай Маці. Ён надалей абвяшчае хвалу Беззаганнай. Гэтыя факты ўспамінаем так, як прынята ў сям’і, калі пасля адсутнасці вяртаемся ў дом, сустракаючы найперш маму. І тады мы дзелімся ўражаннямі найперш з ёю. Гэтаксама паводзім сябе і тут, у Гудагаі, у санктуарыі нашай Маці, да якой прыбылі мы з розных куткоў нашай краіны, а таксама з-за мяжы. Мы прыбылі як родныя. Тое, што нас лучыць, — гэта Яе наказ, які дзве тысячы гадоў таму, пасля Уцелаўлення, занесла Марыя да Айн Карым і перадала св. Альжбеце: «Велічае душа мая Пана і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы» (Лк 1,46-47). У Год веры асаблівым чынам разважаем аб велічы і спадкаемстве, дадзеным нам Езусам — Сынам Марыі. Яно спачывае ў Касцёле. Аб ім святы Павел піша: «Няхай будзе праслаўлены Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які напоўніў нас усялякім благаславенствам духоўным на вышынях нябесных у Хрысце, у Ім выбраў нас перад заснаваннем свету, каб былі мы святыя і беззаганныя перад Яго абліччам» (Эф 1,3). У Год веры мы прагнем праславіць Пана Бога і падзякаваць Яму за ўсе дары і ласкі. Мы прагнем выказаць удзячнасць пакорным сэрцам, поўным радасці. Чынім гэта разам з Маці Касцёла, падкрэсліваючы існаванне дзвюх сем’яў — Касцёла і краіны, якія ўзбагачаем тым, што атрымоўваем з евангельскага паслання. Каля дваццаці стагоддзяў таму Езус пазваў за сабой дванаццаць і пачаў іх рассылаць (Мк 6,7). Такое рассыланне трывае і надалей, і Евангелле дайшло да нашых часоў дзякуючы таму, што на працягу дзвюх тысяч гадоў заўсёды быў жывы наказ Езуса і былі і ёсць людзі, гатовыя яго выканаць. Сёння мы, прысутныя тут, адчуваем прысутнасць усіх тых, хто на працягу мінулых часоў вандраваў у гэты санктуарый. Маці Божая аднаўляе нас да новага жыцця. Яна клапоціцца пра нас і церпіць з намі, але найперш любіць нас. Яна гэта чыніць разам са сваім Сынам праз сваю прысутнасць у Касцёле. Божы план збаўлення адбываецца ў многіх плоскасцях і прасторах, але касцёльнае вымярэнне для нас — найбольш блізкае, неабходнае і зразумелае. Гэтае вымярэнне прамаўляе да нас праз знакі. Знакі прысутныя ва ўсёй справе Збаўлення. Рэч у тым, ці мы зможам так прыняць і зразумець знакі, як гэта зрабіла Марыя. Гэтая Эўхарыстыя, наша падзяка, наша спатканне з Панам у Марыі ў гэты час і ў гэтым месцы — няхай дапамогуць нам наноў перажыць нашу веру і адновяць свядомасць таго, што мы новы народ, Народ Божы, і кожны з нас з’яўляецца Божым чалавекам. Дзякуючы хрысціянскай духоўнасці мы з’яўляемся тымі спадкаемцамі хрысціянства Еўропы, якія ўносяць свой уклад у развіццё супольнай тоеснасці Еўропы, якая вырасла з веры ў Езуса Хрыста, які больш за дзве тысячы гадоў таму нарадзіўся ў Бэтлееме. Якая гэта радасная навіна! І хоць яна вядомая столькі часу, аднак і цяпер ёсць перашкоды, якія не дазваляюць, каб яе пачуў кожны жыхар Зямлі. Таму патрэбны тыя, хто сучаснаму чалавеку абвесціць Добрую Навіну. Бо зло не спіць. Калі не здолее перамагчы на адкрытай паверхні, то звернецца да падману, ашуканства, ілюзій. Ці не пакутуе да гэтага часу перакананне ў выбары «меншага зла»? Ці не з’яўляецца праяўленнем гэтага наша пастава, наш выбар «меншага зла»? Ці праяўленнем таго не з’яўляецца сцвярджэнне аб тым, што сёння цяжка быць сумленным, справядлівым і адказным, што мы асуджаны на слабаць і маразм? Часта даводзіцца чуць, што жыццё трэба абаперці на выбар «меншага зла». Надышоў час, каб мы вызваліліся ад такога мыслення, каб прыпомнілі, што створаны для больш узнёслых спраў. Мы пакліканы да таго, каб чыніць большае дабро. Свет патрабуе ўсё большага дабра, сучасны свет не выратуе «меншае зло», таму што кожнае зло з’яўляецца атрутай чалавечага сумлення. І асабліва жыцця маладых людзей. Мы ўглядаемся ў твар Маці Божй, якая падчас Звеставання выбрала найвышэйшае дабро. Кожны з нас — як тое дрэва, што пасаджана рукою Бога на ніве Касцёла, благаслаўлёнай ніве, старанна апрацаванай, дастаткова арашонай. Але калі старанна апрацаваная глеба і дождж ласкі з неба не дзейнічае дзеля чынення намі дабра, то можа здзейсніцца пракляцце, прамоўленае святым Паўлам Апосталам: зямля, якая ўпоўні ўсвойвае дождж, але родзіць асот і пустазелле — адкінутая і блізкая да пракляцця (Гэб 6.8). Або так, як Евангелле перасцерагае: кожнае дрэва, якое не прыносіць добрыя плады, будзе высечана і кінута ў полымя ( Мц 7,19). І прычыны тут многія: • Хто нядбайны ў чыненні дабра, той не любіць Бога. Бо любоў праяўляецца ва ўчынках. Калі нічога не раблю для Бога, гэта значыць, што Яго не люблю. Калі мала для гэтага раблю — значыць, што я лянівы. Якімі павіны быць добрыя ўчынкі, каб мы мелі заслугу ў вечнасці? Такія заслугі павінны адпавядаць усім умовам часу, месца і спосабу таго, як павінны быць выкананы. Адсутнасць намеру альбо недахоп яго можа зменшыць альбо адняць важнасць добрых учынкаў. Бог любіць парадак і хоча бачыць яго ўсюды — не прымае таго, што супярэчыць парадку. Неабходна, каб добрыя ўчынкі былі выкананы паводле Божай волі. Езус павучае: толькі той, хто чыніць волю Божую, увойдзе ў Валадарства Божае. Таму не лічыцца добрым тое, што перашкаджае выконваць абавязкі стану, што чыніцца толькі для вока і для пахвалы, або каб дагадзіць сабе. Толькі тыя ўчынкі добрыя, якія загадвае чыніць Бог, або прапануе, або для выканання якіх дае нам асаблівыя таленты. Недастаткова чыніць дабро, калі адчуваем толькі прыемнасць. Трэба з вытрымкай рабіць добрыя справы і тады, калі нават адчуваем неахвоту. Добрыя ўчынкі трэба рабіць да самай смерці. Любоў загадвае Марыі забыцца пра невыгоды і нават пра ўласную годнасць і найвышэйшую годнасць, якую мела калі-небудзь стварэнне. Альжбета старэйшая, але Марыя — Маці Бога. Альжбета рыхтуецца нарадзіць чалавека, але Марыя народзіць Божага Сына. Марыя для Альжбеты, як і для анёла, лічыць сябе пакорлівай слугою. І менавіта як лічыць сябе, так і паводзіць сябе з Альжбетай — служыць ёй. І праўда, што перад Богам мы сябе вядзём пакорліва, але абражаемся, калі нас недастаткова заўважаюць. Ці праўда, што мы імкнемся падкрэсліць нашу годнасць, культуру, здольнасці і адказныя абавязкі, якія нам давяраюць? Твая годнасць — нішто, калі ты імкнешся яе падкрэсліць. Годнасць Марыі датычыць бясконцасці, а Яна паводзіць сябе як служка. Марыя ў цудадзейнай Гудагайскай іконе вучыць нас сталасці. Чалавек сталы — гэта той, які развіваецца, які развіваецца ў святасці, які адказна ацэньвае і надае вартасць рэчаіснасці, які здольны вельмі мудра рабіць адпаведны выбар, што ставіць перад намі жыццё. Такая сталасць людзям вельмі патрэбна. Такіх сталых і адказных людзей чакае ўвесь свет. Важна, каб вы мелі свядомасць таго, што вы – сааўтары вашага жыцця; што вы адказныя за сучасны і будучы стан вашага жыцця, што кожны з вас адораны вольнай воляй і розумам. У Марыі, Маці Бога і нашай Маці, шукайце сталасці і святла, неабходных для прыняцця і рэалізацыі адпаведных жыццёвых выбараў і рашэнняў. Таму заахвочваю вас: расціце ў дасканаласці. Патрабуйце ад сябе, чыніце сур’ёзныя пастановы і старайцеся іх выконваць. Будзьце людзьмі свабоднымі і радаснымі, якія здольныя выбіраць каштоўнасці і дабро. Няхай Эўхарыстычнае спатканне дапаможа вам у дарозе да сталасці веры, да здольнасці жыць з Богам. Адкрыйце вашыя сэрцы, адкрыйце вашыя думкі, карыстайце з Божай ласкі і асаблівай прысутнасці Маці Езуса ў гэтым месцы. Гэты момант няхай застанецца на далейшыя часы і на ўсё жыццё апорай і моцным духоўным забеспячэннем. |
Адноўлена 16.07.2013 10:38 |