Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы адкрыцця новага навучальнага года ў мінскім Каледжы тэалогіі | Друк |

7 верасня 2013 г., Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія студэнты!

1. Вось і завяршылася прыгожае і цёплае лета, распачалася восень, а з ёй і новы навучальны год у розных навучальных установах, у тым ліку і рэлігійных.

Апошнія тры гады тут, у Чырвоным касцёле, мы распачыналі навучальны год у Цэнтры падрыхтоўкі катэхетаў. У чэрвені гэтага года першыя яго выпускнікі атрымалі першыя дыпломы. Але жыццё ідзе наперад, і ў яго неабходна ўносіць карэктывы, каб удасканальвацца. 29 жніўня 2013 г. быў зарэгістраваны Каледж тэалогіі імя св. Яна Хрысціцеля, заснаваны на базе Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў, які такі чынам перастаў існаваць. Адбылася трансфармацыя адной каталіцкай навучальнай установы ў іншую, але ўжо на больш якаснай ступені.

Выражаю сардэчную падзяку кс. д-ру Яну Крэмісу і іншым асобам за вельмі актыўную працу па падрыхтоўцы статута і рэгістрацыі Каледжа. Мы марым аб стварэнні ў Мінску Вышэйшай каталіцкай навучальнай установы. Таму заснаванне Каледжа трэба лічыць першым крокам на гэтым шляху.

Такім чынам, у сувязі з заснаваннем гэтай новай навучальнай установы студэнты трэцяга і другога навучальных гадоў аўтаматычна сталі студэнтамі ўжо не Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў, але студэнтамі тэалагічнага Каледжа, не думаючы і не гадаючы аб гэтым.

2. Слова Каледж паходзіць ад англійскага слова College, якое, у сваю чаргу, выводзіцца з лацінскага слова collegium, што азначае таварыства. Таму можна сказаць, што з заснаваннем Каледжа тэалогіі ў Мінску з’явілася таварыства тых, якія хочуць прысвяціць сябе вывучэнню тэалогіі, ці навукі пра Бога.

Пры гэтым трэба заўважыць, што гэтае навучанне паступова плануецца па розных спецыялізацыях. Калі мэтай Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў была іх падрыхтоўка, то мэты Каледжа значна шырэйшыя. У перспектыве гэта падрыхтоўка для рэлігійнай дзейнасці ў шырокім сэнсе гэтага слова. А менавіта падрыхтоўка катэхетаў, супрацоўнікаў сацыяльнай сферы, медыя, сямейных кансультацый і г.д.

3. У першым сённяшнім чытанні, узятым з Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў, Апостал народаў нагадвае каласянам, кім яны былі раней і кім сталі ў Езусе Хрысце. Ён хоча, каб яны трывалі ў веры і не адышлі ад Евангелля, якое пачулі і прынялі (пар. Клс 1, 21-23). Яны павінны ісці наперад, а не вяртацца назад. Менавіта ў гэтым праяўляецца дынамізм хрысціянства: заўсёды ўзрастаць у пазнанні Бога і ў Яго ласцы.

У Евангеллі (пар. Лк 6, 1-5) мы бачым фарысеяў, якія дакараюць Езуса за тое, што Яго вучні не прытрымліваюцца закону суботы — што ў суботу яны зрываюць каласы збожжа і іх ядуць. У Старым Запавеце субота, па- габрэйску шабат, была святым днём. Таму дзеянні апосталаў фарысеі ацанілі як непашану да Божага закону. У адказ Хрыстус, кажучы, што Сын Божы з’яўляецца гаспадаром суботы (пар. Лк 6, 5), на самой справе сказаў, што  субота для чалавека, а не чалавек для суботы. Гэтым самым Ён сказаў фарысеям, што і закон, якому яны следавалі і хацелі выкарыстаць супраць Яго вучняў, таксама падпарадкоўваецца Яму. Усё гэта павінна нагадваць нам, што Хрыстус з’яўляеца Валадаром свету, і Яго закону мы павінны быць паслухмяныя.

4. Кожная грамадская супольнасць мае свае законы, якія служаць для дабра яе членаў і ўсяго грамадства. Адной з галоўных мэтаў закону з’яўляецца бараніць правы індывідуума. Адсутнасць закону вядзе да анархіі. Нездарма існуе такая лацінская прыказка: “Lex dura, sed lex” – “Закон суровы, аднак гэта закон”. Пры гэтым трэба памятаць, што закон не існуе толькі для закону, ён з’яўляецца спосабам гарантаваць правы членаў супольнасці і дапамагаць у дасягненні агульнага дабра.

Чалавечы закон не з’яўляецца пастаянным, ён змяняецца ў залежнасці аб абставін і патрабаванняў жыцця, менталітэту членаў грамадства і выклікаў часу. Так ёсць таму, што законы прымаюцца пад канкрэтныя мэты. Змена сітуацыі і патрабаванняў з’яўляецца прычынай змены права.

У той жа час мы добра ведаем, што ёсць і Божыя законы, якія ніколі і ні пры якіх абставінах не змяняюцца. Божы закон устаноўлены для таго, каб служыць чалавеку, і чалавек не можа яго змяняць.

4. Тут мы падыходзім да найбольш неўралагічнага пункту сучаснасці, калі секулярна настроены чалавек або адмаўляецца ад веры ў Бога, або, калі і верыць, то верыць у такога бога, які павінен падпарадкоўвацца яму. Гэта азначае, што Божы закон можа быць зменены ў залежнасці ад абставінаў, што вядзе да маральнага рэлятывізму.

Касцёл – гэта не грамадская і не дзяржаўная арганізацыя, але ўстаноўлены Богам Боска-чалавечы арганізм. У ім дзейнічаюць Богам устаноўленыя законы, якія нязменныя і не падвяргаюцца дыскусіі. Евангелле нам дадзена для таго, каб змяняць нас, а не для таго, каб мы яго змянялі.

5. Гэтую праўду неабходна данесці да сучаснага чалавека. Для гэтага самім неабходна быць добра падрыхтаванымі і быць сведкамі хрысціянства.

Прыкметна і тое, што Каледж тэалогіі заснаваны ў Год веры, якая знаходзіцца ў крызісе і якую неабходна адрадзіць. Сёння Каледж распачынае пісаць сваю першую старонку з мэтай падрыхтаваць тых, хто будзе вучыць Божай праўдзе іншых людзей і сваім жыццём сведчыць яе, а гэтым самым будзе адраджаць веру і яе ўмацоўваць.

Прыкладам на гэтым нялёгкім шляху падрыхтоўкі спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці павінен быць нябесны апякун Каледжа святы Ян Хрысціцель, заданнем якога было падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу (пар. Мц 3, 3). Ён быў не трасцінай, якая хістаецца на вятры, але моцным дрэвам.

Дарагія студэнты!

Няхай працэс навучання і фармацыі ў Каледжы дапаможа вам стаць падобнымі да святога Яна Хрысціцеля і быць светачамі веры ў сучасным свеце, – як да гэтага заклікае Папа Францішак (пар. Энцыкліка “Lumen fidei, 55), каб у абставінах секулярызму і маральнага рэлятывізму падрыхтаваць для сучаснага чалавека дарогу прыходзячаму праз служэнне Касцёла Езусу, спатканне з якім вядзе да веры, каб на яе прынцыпах ён мог будаваць сваё жыццё. Амэн.

 
© 2003-2024 Catholic.by